Усе навіны

МАК: «Мы не будзем прасіць міжнародныя федэрацыі адаптаваць адборы на АГ для беларусаў і расіян, якія ўпусцілі магчымасць кваліфікавацца»

7 чэрвеня 2023, 15:00

Міжнародны алімпійскі камітэт расказаў, што не збіраецца арганізоўваць выдзяленне дадатковых квот для беларускіх спартсменаў, якія з-за міжнароднага бана прапусцілі кваліфікацыю да алімпійскіх гульняў.

– Многія расійскія спартсмены не змаглі выступіць у кваліфікацыйных спаборніцтвах Алімпіяды з-за рашэнняў адпаведных міжнародных спартыўных федэрацый. Ці можа МАК арганізаваць асобныя турніры для расіян і беларусаў (у адпаведнасці з дадзенымі раней рэкамендацыямі), якія будуць служыць адборачнымі да Алімпіяды-2024?

– Некаторыя кваліфікацыйныя спаборніцтвы па шэрагу відаў спорту ўжо адбыліся. МАК не будзе прасіць міжнародныя федэрацыі заднім чыслом адаптаваць свае кваліфікацыйныя сістэмы для выдзялення дадатковых квот спартсменам з расійскім або беларускім пашпартам, якія ўпусцілі магчымасць кваліфікавацца. Нам няма чаго дадаць да гэтай заявы, – гаворыцца ў адказе прэс-службы МАК.

Нагадаем, у адказ на вайну, якая з 24 лютага 2022-га працягваецца Расіяй ва Украіне з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі, МАК 28 лютага 2022-га апублікаваў рэкамендацыю адхіліць прадстаўнікоў Расіі і Беларусі ад міжнародных спаборніцтваў, як i зрабiла большасць сусветных федэрацый па відах спорту.

28 сакавіка 2023-га МАК абвясцiў, што з гэтага моманту рэкамендуе дапускаць да міжнародных спаборніцтваў беларускіх і расійскіх індывідуальных атлетаў у нейтральным статусе, калі такія спартсмены не дапускалі «актыўнай падтрымкі» вайны ва Украіне, а таксама не маюць кантракта з ваеннымі або сілавымі ведамствамі Беларусі ці Расіі.