Усе навіны

МАК: «Урады не могуць вырашаць, якія спартсмены будуць удзельнічаць у спаборніцтвах. Гэта было б канцом міжнароднага спорту»

15 ліпеня, 11:00

Міжнародны алімпійскі камітэт (МАК) абвінаваціў урады некаторых еўрапейскіх краін у падвойных стандартах з-за таго, што яны выступаюць супраць вяртання расіян і беларусаў да спаборніцтваў.

«Крыўдна бачыць, што некаторыя ўрады не жадаюць паважаць большасць у алімпійскім руху ці аўтаномію спорту, якую яны патрабуюць ад іншых краін і якую яны ўсхваляюць у незлічоных прамовах і рэзалюцыях ААН і Еўрапейскага Саюза.

Мы не ўбачылі ад іх ніводнага каментара пра іх стаўленне да ўдзелу ў спаборніцтвах спартсменаў, чые краіны ўдзельнічаюць у іншых 70 войнах, узброеных канфліктах і крызісах па ўсім свеце.

Яшчэ больш прыкра, што яны груба грэбуюць вельмі выразнай заявай двух спецыяльных дакладчыкаў Рады ААН па правах чалавека ў той час, як у іншых пытаннях заўсёды падкрэсліваюць свае цвёрдыя просьбы пра выкананне правоў чалавека.

Усе бакі зноў дакладна заявілі: урады не могуць вырашаць, якія спартсмены могуць удзельнічаць у спаборніцтвах. Гэта было б канцом міжнароднага спорту, якім мы яго ведаем. Усе зацікаўленыя бакі алімпійскага руху вельмі занепакоеныя гэтым.

Расійскі бок хоча, каб МАК ігнараваў вайну. Украінскі бок хоча, каб МАК цалкам ізаляваў усіх, хто мае расійскі і беларускі пашпарт. Абедзве пазіцыі дыяметральна процілеглыя місіі МАК і Алімпійскай хартыі.

МАК арыентуецца ў такой невырашальнай сітуацыі дзякуючы сваім каштоўнасцям, якія з'яўляюцца яго компасам. Менавіта таму рэкамендацыі МАК, арыентаваныя на спартсменаў, датычацца яго асноўных каштоўнасцяў – міру, адзінства, салідарнасці і недыскрымінацыі.

Гэтае няпростае рашэнне, але надзвычай складаныя палітычныя праблемы не маюць простых рашэнняў. Толькі папулісты робяць выгляд, што маюць простыя рашэнні для самых складаных праблем у свеце.

Пазіцыя МАК выразная – мы асудзілі вайну з першага дня. Мы наклалі беспрэцэдэнтныя санкцыі на ўрады Расіі і Беларусі.

Свет не з'яўляецца чорным ці белым. Мы сутыкаемся з какафоніяй поглядаў і канкуруючых інтарэсаў, якія спрабуюць цягнуць нас у розныя бакі», – гаворыцца ў заяве МАК.