Усе навіны

Чыноўніца «Мінінфарма» – пра блакіроўку pressball.by: «Ёсць выпадкі, калі аднаўляецца праца СМІ, ёсць выпадкі, калі і не аднаўляецца»

18 ліпеня, 20:01

Журналіст «Трыбуны» як чытач «Прэсбола» патэлефанаваў у так званае міністэрства інфармацыі, каб удакладніць, калі і пры якіх умовах сайт будзе разблакаваны. Гэтыя пытанні нам удалося задаць начальніку ўпраўлення электронных СМІ і інтэрнет-рэсурсаў Ларысе Цяліцы.

Нагадаем, сайт pressball.by быў заблакаваны без афіцыйных тлумачэнняў 16 чэрвеня.

– У мінулым месяцы міністэрства «інфармацыі» абмежавала доступ да сайта «Прэсбола». Хацелася б удакладніць, калі і пры якіх умовах доступ будзе адноўлены?

– Гэта ўсё залежыць ад рэдакцыі. Былі знойдзеныя парушэнні, таму было прынятае рашэнне аб абмежаванні доступу да сайта.

– А якія парушэнні?

– Рэдакцыя сайта ведае, пра якія парушэнні ідзе гаворка. Але я не магу выдаваць такія нюансы. Той, хто працаваў з сайтам, ведае, у чым справа.

– Раней міністэрства інфармацыі таксама абмяжоўвала доступ да некаторых СМІ ў Беларусі за нейкія «парушэнні», але пасля іх устаранення доступ да сайтаў аднаўляўся. З «Прэсболам» можа паўтарыцца такая сітуацыя?

– Так, заўсёды даецца такая магчымасць, любой рэдакцыі і любому сродку масавай інфармацыі.

– Але сайт недаступны ўжо месяц. Так доўга выпраўляюцца парушэнні?

– Ну, не ведаю.

– Дык а калі парушэнні ліквідуюць, доступ да сайта будзе адноўлены.

– Калі ліквідуюць, у адпаведнасці з заканадаўствам доступ аднаўляецца.

– Толькі невядома, колькі чакаць?

– Рэдакцыі ў прадпісанні былі пазначаныя тэрміны (пры гэтым, па нашых звестках, ніякага прадпісання рэдакцыя не атрымлівала – Tribuna).

– А вы можаце назваць канкрэтныя тэрміны?

– Гэтая інфармацыя, а таксама тое, якія парушэнні былі выяўленыя, тычацца гаспадарчай дзейнасці. Мы не маем права яе выдаваць.

– Але надзея на тое, што сайт адновіць працу, застаецца?

– Разумееце, гэта не зусім залежыць ад міністэрства «інфармацыі». Мы дзейнічаем у межах [лукашэнкаўскага] заканадаўства Рэспублікі Беларусь. Вы самі сказалі, што ёсць выпадкі, калі аднаўляецца праца СМІ, ёсць выпадкі, калі і не аднаўляецца. Мы жывем у такіх рэаліях у адпаведнасці з дзейным заканадаўствам.

– Але ж менавіта міністэрства «інфармацыі» абмежавала доступ. Адпаведна, ваша ведамства павінна прымаць рашэнне і аб разблакіроўцы.

– Так, мы прымае такое рашэнне. Але што да тэхнічнага боку, то гэта ў кампетэнцыі, хутчэй, міністэрства сувязі і інфарматызацыі. Больш я вам сказаць нічога не магу.

Пры гэтым заўважым, што «Прэсбол» заблакавалі аднамомантава, без якіх-небудзь папярэджанняў з боку Мінцэнзуры.