Tribuna/Футбол/Блоги/О духе времени/Даведаліся, якога футбаліста спужаліся лукашысты, але гэта не адзіная прычына, чаму заблакавалі «Прэсбол» (пасля акцыі кіберпартызанаў пачалі прыглядацца)

Даведаліся, якога футбаліста спужаліся лукашысты, але гэта не адзіная прычына, чаму заблакавалі «Прэсбол» (пасля акцыі кіберпартызанаў пачалі прыглядацца)

Затупленае выданне патрапіла пад сяброўскі агонь.

Автор — bytribuna com
19 июня, 15:03
Даведаліся, якога футбаліста спужаліся лукашысты, але гэта не адзіная прычына, чаму заблакавалі «Прэсбол» (пасля акцыі кіберпартызанаў пачалі прыглядацца)

Барацьба з недзяржаўнымі СМІ - звычайная справа для лукашэнкаўскага рэжыму. Праўда, часам агонь вядзецца нават па тых, хто, здавалася б, альбо цалкам за ўладу, альбо прытрымліваецца пазіцыі "мая хата з краю". Яркі прыклад - "Прэсбол". Сайт выдання з мінулай пятніцы недаступны для беларускіх і замежных карыстальнікаў па рашэнні лукашэнкаўскага так званага міністэрства інфармацыі. І гэта пры тым, што выданне "затупілася", пачало публікаваць "пакаяныя інтэрв'ю" і часта адкрыта выступае на баку дыктатуры.

"Трыбуна" даведалася некаторыя дэталі дзіўнай гісторыі.

Што здарылася?

Увечары 16 чэрвеня ў тэлеграм-канале лукашэнкаўскага так званага міністэрства інфармацыі з'явілася паведамленне прае тое, што доступ да інтэрнет-рэсурсу pressball.by абмежаваны па рашэнні гэтай структуры. У прэс-рэлізе гаварылася, што зроблена гэта "па выніках маніторынгу на прадмет выконвання нацыянальнага заканадаўства". Ніякія іншыя дэталі рашэння не раскрываліся.

Нейкі час сайт не быў дасяжны на тэрыторыі Беларусі, хаця з-за мяжы яго можна было наведваць і назіраць, што стужка навін абнаўляецца. Рэдакцыя "Прэсбола", які пасля выбараў-2020 вырашыў "затупіцца", па гарачых слядах паведаміла чытачам пра тое, што працягвае працу ў сацсетках. Праз пару гадзін ужо і па-за межамі Беларусі зайсці на сайт было немагчыма.

На раніцу панядзелка сітуацыя заставалася нязменнай. Пры гэтым па-ранейшаму няма ніякага разумення, якія прэтэнзіі маглі ўзнікнуць да «Прэсбола». Само выданне захоўвае маўчанне, як і галоўны яго ўласнік, якому належыць палова акцый, - Беларуская федэрацыя футбола. Пры гэтым сайт ПБ у пятніцу ўжо пасля блакавання актыўна рэкламаваўся на "дамашнім" матчы з Ізраілем у Венгрыі.

У чым жа прычына блакавання?

Чакаць канкрэтных адказаў ад лукашэнкаўскага так званага міністэрства інфармацыі, якое насамрэч займаецца цэнзурай, у цяперашніх умовах не выпадае. У Беларусі заблакаваныя дзясяткі сайтаў па патрабаванні дыктатарскага рэжыму - практычна заўсёды гэта рабілася без тлумачэнняў. У рэдкіх выпадках зацікаўленыя бакі атрымлівалі пустыя адпіскі ў адказ на свае запыты.

Паводле нашай інфармацыі, кіраўніцтва "Прессбола" 19 чэрвеня мае намер таксама накіраваць афіцыйны запыт у лукашэнкаўскае ведамства з просьбай растлумачыць прычыны блакавання.

У самой жа рэдакцыі ўся цяперашняя сітуацыя выклікала ў супрацоўнікаў і журналістаў шок - ніхто не чакаў такога павароту. У пятніцу рэдакцыя працавала ў штатным рэжыме: рыхтавалася да тэкставай трансляцыі матча Беларусь - Ізраіль, стандартна напаўнялася стужка навін. І тут - блакаванне. Пры гэтым, паводле нашай інфармацыі, раней ніякіх папярэджанняў у «Прэсбол» не прыходзіла, не было патрабаванняў ад лукашэнкаўскіх чыноўнікаў прыбраць тую ці іншую адзінку кантэнту.

Пакуль лукашэнкаўскае ведамства маўчыць, супрацоўнікі рэдакцыі губляюцца ў здагадках.

Па меркаванні некаторых нашых суразмоўцаў, працэс па блакаванні рэсурсу мог быць запушчаны 9 чэрвеня. У гэты дзень сайт «Прэсбола» быў узламаны кіберпартызанамі - актывістамі, якія не згодныя з дзеяннямі рэжыму Лукашэнкі і імкнуцца нанесці яму максімальную шкоду ў сферы інфармацыйных тэхналогій (шукаюць уразлівасці на прарэжымных сайтах, атрымліваюць доступ да самых розных баз даных).

Кіберпартызаны размясцілі на сайце ПБ некалькі яркіх загалоўкаў: «Кіберпартызаны за свабодную прэсу i вольныя Прэсбол на баку народа. Свабода слова будзе жыць у дэмакратычнай Беларусi», «За свабодную прэсу i вольную Беларусь» ды іншыя. На галоўнай старонцы з'явілася беларуская гістарычная бел-чырвона-белая сімволіка.

Адміністратары сайта не маглі аператыўна вярнуць доступ да сайта. «Кіберпартызаны» заявілі пра сваю датычнасць да ўзлому.

- «Прэсбол» да 2020 года быў адным з найлепшых спартыўных выданняў Беларусі, але затым быў разгромлены лукашыстамі і страціў амаль усіх вядучых журналістаў. З таго моманту на ягоным сайце была ўведзеная жорсткая цэнзура. Кіберпартызаны за незалежную і свабодную прэсу. Выказваем падтрымку ўсім журналістам, якія абралі свабоду слова, а не ланцужок рэжыму. Жыве Беларусь! - гаварылася ў паведамленні.

Каб аднавіць доступ да сайта, спатрэбіліся амаль суткі. Па нашых звестках, гэты інцыдэнт дакладна прыцягнуў увагу рэжымных структур: пачаліся праверкі з боку лукашэнкаўскага міністэрства інфармацыі і аператыўна-аналітычнага цэнтра пры Лукашэнку. Абодва ведамствы запатрабавалі ў хостэра базу даных на момант узлому сайта. Па словах нашых суразмоўцаў, бОльшую актыўнасць праяўляў так званы Мінінфарм. Да рэдакцыі дайшлі размовы, што цэнзары падазраюць, нібыта нацыянальную сімволіку размясціла непасрэдна рэдакцыя, здзейсніўшы такім чынам дэмарш. Гэта быццам бы стала падставай для пачатку расследавання.

Ад моманту ўзлому да блакавання сайта мінуў тыдзень - за гэты час акрамя запыту рэжымных структур да хостэра нічога не намякала на магчымае абмежаванне доступу. Сёння ў рэдакцыі схільныя лічыць, што прычынай блакавання сталі навіны, якія не задавальняюць лукашыстаў. І гаворка не пра адно паведамленне.

Некалькі дзён таму на сайце "Прессбола" выйшла паведамленне пра тое, што зборная Беларусі па пляжным футболе ў адборы да ЧС-2023 згуляе з камандамі Швейцарыі, Турцыі і пераможцам папярэдняй кваліфікацыі. Навіна суправаджалася фатаграфіяй з аднаго з матчаў «пляжнікаў». І на ёй была выявала экс-гульца зборнай Іллі Савіча, які ў свой час падпісаў ліст супраць гвалту і за сумленныя выбары, завошта разам з некаторымі іншымі калегамі быў выгнаны з каманды. Фатаграфію на сайце хутка замянілі.

Таксама, па словах нашых суразмоўцаў, узніклі пытанні і да навіны пра Крысціну Ціманоўскую. На Алімпіядзе ў Токіа бягуха стала для лукашыстаў ворагам, не вярнулася ў Беларусь, а пазней прыняла польскае грамадзянства і сёння выступае за новую краіну. Дык вось, у пачатку чэрвеня гэтага года на «Прэсболе» з'явілася паведамленне пра тое, што Крысціна стала ўладальніцай бронзы на мемарыяле Януша Кусачыньскага ў Хожуве ў бегу на 100 метраў. Пры гэтым пра Ціманаўскую ПБ пісаў сёлета і раней, але на гэта ніхто не рэагаваў. Падобна, інцыдэнт з узломам стаў падставай прыгледзецца да медыя больш пільна.

Яшчэ да рэдакцыі «Прэсбола» даходзяць звесткі, што ў лукашэнкаўскім Мінінфарме звярнулі ўвагу на каментары пад навінамі (там хапае крытычных рэплік). Таксама чынушы незадаволеныя вялікай колькасцю навін пра замежны спорт, што "не адпавядае палітыцы прасоўвання сваіх атлетаў". Але ўсё гэта пакуль неафіцыйная інфармацыя.

Калі сайт ПБ будзе разблакаваны і ці будзе разблакаваны ў прынцыпе? Нашыя суразмоўцы з улікам сітуацыі ў краіне не бяруцца даваць прагнозаў.

Другие посты блога

Все посты