Усе навіны

МАК афіцыйна запрасіў 203 краіны на Алімпіяду, Беларусь і Расія не трапілі ў гэты спіс

26 ліпеня, 16:40

Міжнародны алімпійскі камітэт (МАК) накіраваў запрашэнне 203 краінам, якія прымуць удзел у Алімпійскіх гульнях 2024 года.

Падчас цырымоніі, якая адбылася ў Парыжы, прэзідэнт МАК Томас Бах сімвалічна ўручыў запрашэнні прэзідэнтам і прадстаўнікам НАК Грэцыі, як радзімы Алімпійскіх гульняў, краіне-гаспадыні Алімпіяды, а таксама камандзе бежанцаў.

Запрашэнне на Алімпіяду не атрымаў НАК Гватэмалы, праца якога прыпыненая, а таксама НАК Расіі і Беларусі.

Адсутнасць запрашэння азначае, што гэтыя краіны не будуць прадстаўлены на Алімпіядзе-2024 пад сцягам.

Раней Бах паведаміў, што пастанова аб удзеле Расіі і Беларусі ў Алімпіядзе-2024 наўрад ці будзе прынятая да сесіі МАК у кастрычніку. У сакавіку выканкам МАК рэкамендаваў дапускаць да спаборніцтваў расійскіх і беларускіх атлетаў у нейтральным статусе.

Алімпійскія Гульні ў Парыжы пройдуць з 26 ліпеня па 11 жніўня 2024 года.