Усе навіны

Работнік фітнес-індустрыі пра дзяржакрэдытацыю: «Калі дзяржава мае намер зачысціць нешта не вельмі якаснае, то я не супраць»

29 ліпеня, 15:08

Работнік фітнес-індустрыі расказаў тэлеграм-каналу «О, спорт! Ты – мир!» пра сваё стаўленне да дзяржакрэдытацыі, якая з 2022 года стала абавязковай у рэжымнай Беларусі для працы ў сферы спорту.

– Новыя правілы могуць пацягнуць за сабой поўны сыход са сферы якасных спецыялістаў, закрыццё фітнес-цэнтраў?

– Людзі, вядома, могуць сысці, не рызыкаваць. І гэта будзе страта, таму што, як паказвае практыка, працэнтаў 90 рэальна крутых фітнес-трэнераў не маюць спартыўнай адукацыі, не заканчвалі БДУФК. А застануцца тыя, хто яго скончыў, але паняцця не мае аб фітнесе.

Цэнтры ці наўрад зачыняцца. Пакуль не было такіх размоваў. Хаця там жывуць у стадыі чакання, у надзеі, што з'явяцца нейкія змены, паслабленні. Без іх – проста будуць прымаць на працу толькі тых, хто мае патрэбную адукацыю, а далей паглядзім.

– Што думаеце пра ідэалагічныя патрабаванні, забароны на працу за «непавагу да дзяржсімволікі»?

– Я думаю, гэта проста такі дадатковы рычажок уздзеяння. Ці наўрад дзяржава зацікаўлена адмыслова не даваць акрэдытацыі.

– У індустрыі ёсць трэнеры, якія патрапяць пад забарону па гэтым крытэры?

– Статыстыкі не ведаю, але, думаю, ёсць. Усё-ткі трэнеры – звычайныя людзі. Але я лічу, што калі спецыяліст якасны, працуе на 100 працэнтаў, кліенты задаволены, то працадаўца не павінен звяртаць увагі на нейкія, напрыклад, «адміністратыўкі» з мінулага.

– Сярод новаўвядзенняў прапісана, што ў залах павінны прысутнічаць «дзяржаўныя сімвалы».

– Калі прапісана, значыць, прыйдзецца выконваць. Хаця зразумела, што іх наяўнасць або адсутнасць у зале дакладна ніяк не ўплывае на якасць трэніровак.

– Не баіцеся, што ў плане кантролю далей будзе яшчэ горш?

– Наогул кантроль – гэта нядрэнна. Галоўнае – як ён ажыццяўляецца. У фітнес-індустрыі хапае бляхі. Бываюць наступствы з-за няякаснай працы трэнераў, умовы ў залах часам пакідаюць жадаць лепшага. Калі дзяржава мае намер зачысціць нешта не вельмі якаснае, то я не супраць. Але пакуль ёсць аспекты, з-за якіх са сферы сыдуць добрыя спецыялісты, – распавёў работнік фітнес-індустрыі.