Усе навіны

Член Еўрапарламента Франкоўскі: «Падтрымка ўдзелу беларусаў і расіян у АГ – поўха ахвярам вайны ва Украіне»

6 кастрычніка, 17:35

Былы футбаліст зборнай Польшчы, дэпутат і член Камітэта культуры і адукацыі Еўрапейскага парламента Томаш Франкоўскі падзяліўся сваёй пазіцыяй па допуску беларускіх і расійскіх спартсменаў да міжнародных спаборніцтваў.

– Мы назіраем дынамічную сітуацыю ва Украіне, якая аказвае маштабны ўплыў на ўвесь Еўрапейскі саюз, у тым ліку і на сектар спорту.

Як былы футбаліст, я заўсёды лічыў спорт вельмі дарагім свайму сэрцу. Таму мне не абыякавыя апошнія падзеі, звязаныя з Алімпійскімі гульнямі ў Парыжы ў кантэксце вайны ў Еўропе.

Пазіцыя Еўрасаюза зразумелая. Еўрапейскія краіны маюць маральны абавязак адрэагаваць, калі забіваюць незлічоную колькасць нявінных украінцаў, мужчын, жанчын і дзяцей.

Мы павінны падтрымаць выключэнне расійскіх і беларускіх спартсменаў з Алімпійскіх гульняў у Парыжы ў 2024 годзе.

Алімпійскі рух павінен працаваць для будаўніцтва мірнага і лепшага свету. Аднак падтрымка ўдзелу расійскіх і беларускіх спартсменаў у Алімпійскіх гульнях – гэта хутчэй поўха ахвярам агрэсіі. Для расіян і рэжыму Пуціна гэта ўжо не першы выпадак, калі дыктатары і аўтарытарныя рэжымы выкарыстоўваюць спорт для павелічэння свайго ўплыву.

Адзін з асноўных прынцыпаў алімпізму – дапамога гарманічнаму развіццю чалавека і мірнага грамадства, клопат пра захаванне чалавечай годнасці. Вайна ва Украіне – беспрэцэдэнтнае парушэнне гэтых каштоўнасцяў, за што Расія і Беларусь павінны быць прыцягнуты да адказнасці.

Члены Еўрапейскага парламента на чале з Міхаэлай Шойдравай выступілі з петыцыяй за спыненне безумоўнага ўдзелу расіян і беларусаў у Алімпійскіх гульнях. Сёння мы заклікаем еўрапейскіх лідараў падтрымаць выключэнне гэтых спартсменаў з усіх міжнародных спаборніцтваў.

Ліст з гэтай просьбай ужо быў дасланы прэзідэнту Еўрапейскай рады Шарлю Мішэлю і прэзідэнтцы Еўрапейскай камісіі Уршулі фон дэр Ляен. Копія ліста таксама была накіравана ў Міжнародны алімпійскі камітэт. Пакуль што нашы заклікі не былі пачутыя, але мы будзем працягваць ціск, – заявіў Франкоўскі.