Усе навіны

Валанцёр фонду Талая Назарэвіч: «Вайна можа прыйсці ў Беларусь, калі будзем прымаць туманныя сентэнцыі, якія ідуць з цывілізаванага Захаду»

13 кастрычніка, 18:23

Прарэжымны гіравік, валанцёр фонду Талая Яўген Назарэвіч распавёў пра паездкі ў акупіраваны Расiяй Данбас.

– Неаднаразова вы былі на Данбасе. Што ў гэтых паездках вас уразіла?

– Для мяне вялікі гонар быць пасярэднікам, пасланцам усяго беларускага народа, які ўдзельнічае ў гуманітарнай місіі, перадачы дапамогі на Данбас. Кожную скрынку мы асабіста перадаем у рукі.

Моцна трасе тое. што бачым там: разбураныя гарады, неараныя палі, белыя стужачкі на дрэвах, якія абазначаюць тое, што тэрыторыя замініравана, вочы дзяцей са слязамі, якія бяруць каробку з цукеркамі і кажуць дзякуй усяму беларускаму народу за тое, што мы робім, за тое, што падставілі брацкае плячо.

Адбылася пераацэнка той рэчаіснасці, якая была да гэтага. Мы разумеем, што вайна – гэта дрэнна, але калі бачым па тэлевізары ваенныя дзеянні ў Афрыцы нам здаецца, што гэта далёка.

Я паехаў на Данбас, адбылася пераацэнка: я зразумеў, што гэта побач, гэта можа адбыцца на нашай зямлі, калі мы будзем неадэкватна рэагаваць і прымаць тыя туманныя сентэнцыі, якія ідуць з цывілізаванага Захаду, з дапамогай якога нам спрабуюць выклікаць тое, чаго не адбываецца на нашай зямлі, каб заняволіць, знішчыць наша падрастаючае пакаленне наркатычнымі сродкамі, якія ўкараняюцца на тэрыторыю нашай Саюзнай дзяржавы.

Хочацца, каб у нашых грамадзян было разуменне, што мірнае неба – не алегорыя. Гэта тое, што мы павінны шанаваць, і быць за гэта ўдзячныя ў першую чаргу нашаму кіраўніку дзяржавы (так Назарэвіч, верагодна, называе Аляксандра Лукашэнку, які 9 жніўня 2020 года сфальсіфікаваў вынікі выбараў – Tribuna.com), які сваім розумам змог спыніць тое, што адбывалася ў 2020 годзе. З дапамогай людзей, якія былі побач з ім, якія падтрымалі яго.

– Канапавыя крытыкі папракаюць у піяры тых, хто едзе на Данбас. Што адкажаце ім?

– Такім людзям, якія абвінавачваюць, нічога не адказваў бы. Калі казаць пра піяр, то гэта праява дабрыні, неабыякавасці ўсяго нашага беларускага народа. Пра дабро трэба казаць. Трэба казаць аб тым, што наш народ неабыякавы да чужога гора. Мусіць, мы не жадаем войны на тэрыторыі той дзяржавы, дзе гэта адбываецца, у тым ліку і на тэрыторыі нашай краіны. Будзем рабіць усё магчымае, каб гэтага не адбылося, – сказаў Назарэвіч.

Нагадаем, Талай і яго фонд абвінавачваюцца ў дэпартацыі і гвалтоўным перамяшчэнні ўкраінскіх дзяцей. Па такім абвінавачанні 17 сакавіка Міжнародны крымінальны суд выдаў ордэр на арышт кіраўніка расійскага рэжыму Уладзіміра Пуціна, а таксама яго «ўпаўнаважанай па правах дзіцяці» Марыі Львовай-Бяловай. З гэтым абвінавачаннем пагаджаецца рэзалюцыя Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы ад 27 красавіка, дзе называюць генацыдам гвалтоўную «русіфікацыю» дзяцей пасля вывазу з акупаваных тэрыторый Украіны падчас вайны, якую з 24 лютага 2022-га працягвае Расія ва Украіне з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі.

Таксама ў рэзалюцыі ПАРЕ зазначае, што незаконна перамяшчаюць дзяцей і ў Беларусь, у сувязі з чым заклікае прыцягнуць да адказнасці Аляксандра Лукашэнку. Раней беларускія прарэжымныя СМІ паведамлялі, што сёлетняй вясной у аздараўленчым лагеры «Беларуськалія» пабываюць каля 1000 дзяцей з акупаваных частак Данецкай, Луганскай і Запарожскай абласцей Украіны. Гэта адбываецца пры садзейнічанні Лукашэнкі, а арганізацыяй працэсу займаецца Талай і ягоны фонд.