Усе навіны

Прарэжымны параплывец Талай атрымаў ордэн ад Пуціна

10 лістапада, 16:02

Прарэжымны параплывец Аляксей Талай атрымаў Ордэн сяброўства ад Уладзіміра Пуціна.

Ордэн Талаю ўручылі «за заслугі ва ўмацаванні сяброўства і супрацоўніцтва паміж народамі, плённую дзейнасць па збліжэнні і ўзаемаўзбагачэнні культур нацый і народнасцяў».

Нагадаем, Талай і яго фонд абвінавачваюцца ў дэпартацыі і гвалтоўным перамяшчэнні ўкраінскіх дзяцей. Па такім абвінавачанні 17 сакавіка Міжнародны крымінальны суд выдаў ордэр на арышт кіраўніка расійскага рэжыму Уладзіміра Пуціна, а таксама яго «ўпаўнаважанай па правах дзіцяці» Марыі Львовай-Бяловай. З гэтым абвінавачаннем пагаджаецца рэзалюцыя Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы ад 27 красавіка, дзе называюць генацыдам гвалтоўную «русіфікацыю» дзяцей пасля вывазу з акупаваных тэрыторый Украіны падчас вайны, якую з 24 лютага 2022-га працягвае Расія ва Украіне з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі.

Таксама ў рэзалюцыі ПАРЕ зазначае, што незаконна перамяшчаюць дзяцей і ў Беларусь, у сувязі з чым заклікае прыцягнуць да адказнасці Аляксандра Лукашэнку. Раней беларускія прарэжымныя СМІ паведамлялі, што сёлетняй вясной у аздараўленчым лагеры «Беларуськалія» пабываюць каля 1000 дзяцей з акупаваных частак Данецкай, Луганскай і Запарожскай абласцей Украіны. Гэта адбываецца пры садзейнічанні Лукашэнкі, а арганізацыяй працэсу займаецца Талай і ягоны фонд.