Усе навіны

Палітолаг Шрайбман прапанаваў абмяняць зняцце бана з дзіцячага белспорту на вызваленне палітзняволеных маці

27 лістапада, 20:46

Беларускі палітолаг Арцём Шрайбман прапанаваў дапусціць юных беларускіх спартоўцаў да міжнародных турніраў у абмен на вызваленне мацярэй-палітвязняў. Пра гэта ён напісаў у каментарах да паста выканаўчага дырэктара Беларускага фонду спартыўнай салідарнасці Аляксандра Апейкіна.

– Пасля ўварвання расiйскіх войскаў ва Украіну з тэрыторыі Беларусі пад санкцыі МАК і міжнародных федэрацый патрапілі не толькі дарослыя зборныя Беларусі, але і дзіцяча-юнацкія. Амаль увесь дзіцячы спорт быў таксама адхілены ад міжнародных спаборніцтваў. <…>

Акрамя падзення ўзроўню падрыхтоўкі і спартовага майстэрства маладых беларускіх спартоўцаў, мы яшчэ маем сур'ёзны вектар на русіфікацыю, таму што дзеці едуць на спаборніцтвы не ў Польшчу, Літву, Германiю, а ў Растоў, Маскву, Варонеж. На выхадзе праз пару гадоў мы атрымаем малапрафесійны, арыентаваны на рускі свет, нацыянальны спорт. Наўрад цi гэта ў нашых інтарэсах, – напісаў Апейкін.

– Было б добра ў абмен на гэта, каб у Мiнску вырашылі адпусціць мацi-палітзняволеных да дзяцей, напрыклад. Не бачу прычын не ўзняць гэтую тэму па ценявых каналах камунікацыі, якія ў МАК ёсць самі ведаеце з кім, – прапанаваў Шрайбман.

Нагадаем, у адказ на вайну, якая з 24 лютага 2022-га працягваецца Расіяй ва Украіне з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі, МАК 28 лютага 2022-га апублікаваў рэкамендацыю адхіліць прадстаўнікоў Расіі і Беларусі ад міжнародных спаборніцтваў, як i зрабiла большасць сусветных федэрацый па відах спорту.

28 сакавіка 2023-га МАК абвясцiў, што з гэтага моманту рэкамендуе дапускаць да міжнародных спаборніцтваў беларускіх і расійскіх індывідуальных атлетаў у нейтральным статусе, калі такія спартсмены не дапускалі «актыўнай падтрымкі» вайны ва Украіне, а таксама не маюць кантракта з ваеннымі або сілавымі ведамствамі Беларусі ці Расіі.