Усе навіны

МАК не змяніў умовы допуску беларусаў і расіян да міжнародных спаборніцтваў

5 снежня, 20:37

Міжнародны алімпійскі камітэт (МАК) апублікаваў вынікі саміту, які адбыўся 5 снежня ў Лазане.

«Удзельнікі саміту падтрымалі рэзалюцыю ААН «Пабудова мірнага і лепшага свету праз спорт і алімпійскія ідэалы».

Усе ўдзельнікі адзначылі вельмі складаную геапалітычную сітуацыю ў свеце, дзе адбываецца зашмат войнаў і канфліктаў. Яны дакладна выказалі надзею на мірнае рашэнне.

Усе ўдзельнікі таксама выказалі ўпэўненасць, што Алімпійскія і Паралімпійскія гульні ў Парыжы ў 2024 годзе стануць сімвалам міру і адзінства.

Прадстаўнікі Міжнародных федэрацый летніх відаў спорту праінфармавалі саміт аб тым, што, выконваючы вельмі строгія рэкамендацыі МАК, індывідуальныя нейтральныя спартсмены з расійскім або беларускім пашпартам прынялі ўдзел у вялікай колькасці турніраў з захаваннем строгіх умоў допуску, і гэтыя спаборніцтвы ў значнай ступені абышліся без інцыдэнтаў аднаго выпадку (гаворка ідзе аб дыскваліфікацыі ўкраінкі Харлан на ЧС – заўв.).

Было паведамлена, што, нягледзячы на адхіленне Алімпійскага камітэта Расіі, МАК не змяніў сваіх рэкамендацый па ўдзеле індывідуальных нейтральных спартоўцаў у гэтых строгіх умовах.

Прадстаўнікі міжнародных федэрацый летніх відаў спорту звярнуліся ў МАК з просьбай аб'явіць правамоцным удзел у АГ тых нейтральных спартсменаў, якія прайшлі кваліфікацыю. Яны таксама папрасілі хутчэй прыняць рашэнне, каб унесці яснасць ва ўсе працэдуры алімпійскай кваліфікацыі для ўсіх спартоўцаў.

Прадстаўнікі Кантынентальных асацыяцый НАК і прэзідэнт АНАК падтрымалі гэтую просьбу на карысць НАК і іх спартсменаў.

Кіраўнік Камісіі спартсменаў МАК паведаміла ўдзельнікам саміту, што пераважная большасць спартсменаў ва ўсім свеце лічаць, што атлеты не павінны падвяргацца пакаранню за дзеянні сваіх урадаў. Яна таксама адзначыла, што строгія ўмовы, уведзеныя ў працэдуру кваліфікацыі, павінны захоўвацца і паслядоўна прымяняцца ва ўсіх алімпійскіх відах спорту, у якіх маюць права прымаць удзел нейтральныя атлеты. Яна заключыла, што яснасць адносна таго, ці змогуць нейтральныя расіяне і беларусы спаборнічаць у Парыжы і ўмовы іх удзелу, будзе падтрымлівацца спартсменамі, паколькі АГ набліжаюцца.

МАК пацвердзіў, што ўдзел нейтральных атлетаў у Алімпійскіх гульнях можа адбыцца толькі пры існуючых строгіх умовах. Ні сістэма кваліфікацыі, распрацаваная адпаведнымі міжнароднымі федэрацыямі, ні колькасць квот, якія выдзяляюцца з віду спорту, не будуць зменены для атлетаў з расійскім або беларускім пашпартам. Яны павінны будуць адпавядаць усім крытэрам адбору, якія прымяняюцца да любога алімпійца.

Удзельнікі пацвердзілі нязменную салідарнасць і падтрымку ўкраінскіх спартоўцаў і ўкраінскай алімпійскай супольнасці з боку ўсяго алімпійскага руху, – гаворыцца ў паведамленні МАК.

Раней Бах казаў, што рашэнне аб магчымым удзеле расейцаў і беларусаў у АГ будзе прынятае ў сакавіку 2024 года.

Нагадаем, у адказ на вайну, якая з 24 лютага 2022-га працягваецца Расіяй ва Украіне з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі, МАК 28 лютага 2022-га апублікаваў рэкамендацыю адхіліць прадстаўнікоў Расіі і Беларусі ад міжнародных спаборніцтваў, якой рушыла ўслед большасць сусветных федэрацый па відах спорту.

28 сакавіка 2023-га МАК абʼявіў, што з гэтага моманту рэкамендуе дапускаць да міжнародных спаборніцтваў беларускіх і расійскіх індывідуальных атлетаў у нейтральным статусе, калі такія спартсмены не дапускалі «актыўнай падтрымкі» вайны ва Украіне, а таксама не маюць кантракта з ваеннымі або сілавымі ведамствамі Беларусі ці Расіі.