Усе навіны

Суд у Сербіі пакінуў пад арыштам сузаснавальніка SOS Гнёта да канчатковага рашэння па яго экстрадыцыі

3 красавіка, 16:40

Пазасудовая калегія ў Бялградзе разгледзела справу па экстрадыцыі беларускага рэжысёра Андрэя Гнёта ў Беларусь на пасяджэннях, якія праходзілі 26 сакавіка і 1 красавіка.

Рэжысёр выступіў перад судом і прадставіў усе доказы, якія ён лічыць важнымі. Адвакаты чакаюць канчатковага рашэння на працягу месяца. Гнёт па-ранейшаму застаецца пад вартай.

Нагадаем, Гнёт утрымліваецца ў турме Бялграда з 30 кастрычніка 2023 года. Ён быў затрыманы пасля прылёту ў сталіцу Сербіі ў аэрапорце з-за таго, што беларускі рэжым унёс у базу Інтэрпола ордэр на Гнёта па абвінавачанні ў нібыта ўхіленні ад выплаты падаткаў. Падобныя абвінавачванні неаднаразова станавіліся фармальнай нагодай для памяшчэння за краты да «суда» беларускіх палітвязняў.

Гнёт – беларускі журналіст, рэжысёр, палітычны актывіст. Ягоная дзейнасць у SOS BY не афішавалася публічна, аднак у чэрвені 2021-га Гнёт атрымаў сігнал, што беларускаму рэжыму вядома пра яе і іншую пратэстную актыўнасць, пасля чаго пакінуў Беларусь. З-за таго, што SOS BY абвешчаны «экстрэмісцкім фармаваннем», Гнёту ў Беларусі за сам факт стварэння абʼяднання пагражае да сямі гадоў пазбаўлення волі.