Усе навіны

Гулец ЧБ па міні-футболе: «Ласю з ВРЗ за 35, але яго выклікаюць у зборную дзякуючы сувязям са старшынёй БАМФ. А экс-капітана Гарбенку не выклікаюць – сказана, што ён дрэнна спявае дзяржгімн»

1 красавіка 2023, 09:51

Гулец чэмпіянату Беларусі па міні-футболе на ўмовах ананімнасці распавёў «Трыбуне» пра адносіны гульца ВРЗ Дзмітрыя Лася і старшыні БАМФ Сяргея Хаменкі.

– Ёсць у нашым відзе спорту любімчыкі Хаменка. Напрыклад, Зміцер Лось з ВРЗ. Не ведаю, як так атрымалася, але вось ён стаў вельмі набліжаным да старшыні БАМФ. Памятаю, Лось атрымаў прамую чырвоную картку за неспартыўныя паводзіны. Яму далі тры матчы дыскваліфікацыі. Што зрабіў Дзіма? Патэлефанаваў Хаменка, паплакаўся, а той аддаў каманду не чапаць гульца. Як вынік – адзін матч дыскваліфікацыі. І яго выклікаюць у зборную дзякуючы сувязям са старшынёй. Прытым хлопец ужо ўзроставай, яму за 35. Іншых ужо «зачахляюць», запрашаюць маладых, але Лася клічуць.

У той жа час не выклікаюць у зборную аднагодка Лася Алега Гарбенку, які там капітаніў. Чаму? Бо Хаменка сказаў, што ён дрэнна сьпявае дзяржгімн. Вось такія справы робяцца ў нашым відзе спорту.

– Людзі ведаюць аб сувязях Хаменка і Лася?

– Вядома. Натуральна, нікому не спадабаецца, калі ёсць любімчыкі ў зборнай. Адзінае, ніхто ў голас сваё абурэнне выказваць не будзе. Людзі проста перашэптваюцца. Бо зараз такі час... Усе баяцца. І нават тыя, хто выказваў раней альтэрнатыўны пункт гледжаньня, былі супраць улады, замоўклі. Яны не пераабуваліся, проста замоўклі. А тыя, хто раней маўчаў, гавораць: «А, можа, так і трэба? Няхай будзе так, як будзе. А калі мы будзем выступаць, дык і нас рэпрэсіі закрануць. Нам гэта трэба?», – распавёў гулец.

Tribuna.com публікуе каментарыі спікераў, якія знаходзяцца ў Беларусі, ананімна для іх бяспекі.