Усе навіны

Падалінскі пра прызначэнне галоўным трэнерам «Тулона»: «Тут усё не так, як я хачу. Прыйдзецца кіраваць гуру міні-футбола»

4 чэрвеня, 18:38

Беларускі спецыяліст Сяргей Падалінскі пракаментаваў прызначэнне галоўным трэнерам «Тулона» з французскага Д1.

«Я вельмі рады. Для мяне гэта не стала нечаканасцю, бо перамовы ішлі даволі даўно – 3-4 месяцы мы пра гэта размаўлялі і думалі. Натуральна, для прафесійнага спартсмена ідэальным заканчэннем кар’еры з’яўляецца пераход ад гульца да трэнерскай дзейнасці. Таму я вельмі рады, наперадзе каласальная праца, бо тут усё па-іншаму, не так, як я бачу і жадаю бачыць. Што больш цікава, кіраваць мне прыйдзецца бразільцамі, іспанцамі, італьянцамі – гэта гуру футзала, яны своеасаблівыя і да іх патрэбны своеасаблівы падыход.

Наперадзе шмат цікавай працы і, спадзяюся, плённай. З нецярплівасцю чакаю пачатак працы. І да ўсяго гэта вялікая адказнасць, бо гэтая каманда не так даўно была чэмпіёнам Францыі і гуляла ў Лізе чэмпіёнаў. Мэты і задачы ў каманды заўсёды максімальныя, і для мяне, як для трэнера, галоўная мэта — перамога ў кожным матчы і чэмпіянаце. Таму будзем імкнуцца да дасягнення гэтых мэтаў», – сказаў Падалінскі.

Нагадаем, 28 траўня беларускі міні-футбаліст абвясціў пра завяршэнне гульнявой кар'еры. У лістападзе Сяргей Падалінскі стаў трэнерам юніёрскай каманды франузскага «Тулона» U-15.

Раней падпісант ліста за сумленныя выбары гуляў у зборнай Беларусі.