Усе навіны

«Мы не верым у калектыўную віну. Гэтыя хлопцы не зрабілі нічога дрэннага». Кіраўнік ATP супраць адхілення расійскіх і беларускіх тэнісістаў

21 лютага 2023, 15:39

Кіраўнік ATP Андрэа Гаўдэнцы пракаментаваў заклікі адхіліць ад спаборніцтваў расійскіх і беларускіх тэнісістаў за вайну, якую з 24 лютага 2022 года працягвае Расія ва Украіне, з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі.

«Найперш я хачу яшчэ раз падкрэсліць, што мы заўсёды асуджалі і будзем асуджаць вайну.

Я думаю, гэта відавочна, але важна паўтарыць і пацвердзіць, таму што мы дасылаем гэтае паведамленне вельмі выразна. Я думаю, што мы цалкам адпавядаем указанням МАК.

Нашы спартсмены не могуць выступаць пад сваімі сцягамі ў камандных спаборніцтвах, як і ў любым іншым відзе спорту. Але ёсць віды спорту, дзе забаронены індывідуальныя ігракі.

Шчыра кажучы, мы не верым у калектыўную віну. Гэтыя хлопцы не зрабілі нічога дрэннага. Яны гулялі ў тэніс усё сваё жыццё.

Справядліва, што яны павінны мець такія ж магчымасці, як усе астатнія.

Мы таксама лічым, што яны павінны мець магчымасць сапернічаць і мець права голасу, выказваць сваё меркаванне. Мы бачылі, як Рублёў напісаў на камеру «Мір, а не вайна».

Я думаю, гэтае важнае пасланне. Мы жадаем, каб гэтыя гульцы выступалі, маглі выяўляць свае пачуцці, у прыватнасці, каб гэта даходзіла да іх уласнага народа, іх уласнай краіны.

Каб яны распавялі сваю ўласную версію гісторыі. Увогуле, мы выступаем за справядлівасць і свабоду і, безумоўна, супраць вайны, і мы будзем працягваць змагацца за гэтыя прынцыпы», – сказаў Гаўдэнцы.