Усе навіны

Украінская тэнісістка Калініна: «Бомба ўпала побач з кватэрай маіх бабулі і дзядулі ў Новай Кахоўцы. Яны прачнуліся і зразумелі, што трэба з'яжджаць»

20 траўня 2023, 14:31

Украінская тэнісістка Ангеліна Калініна (№ 47 WTA) пасля перамогі над расіянкай Веранікай Кудэрметавай (№ 12 WTA) у паўфінале турніру WTA 1000 у Рыме распавяла пра сваю сям'ю.

– У мінулым годзе на Уімблдоне вы распавядалі, наколькі моцна вы хочаце дапамагчы Украіне, вашай сям'і, максімальнай колькасці людзей. Наколькі вам гэта ўдалося? Ці дапамагаеце вы толькі сваім родным? Ці спатрэбяцца прызавыя на гэтым тыдні?

– Так, я дапамагаю, нават і без гэтых прызавых. Не толькі маёй сям'і. Але я не хачу казаць пра гэта публічна. Гэта не такое шырокае кола, але гэта тыя людзі, якіх я ведаю, і хтосьці, каго я не ведаю. Ад 5 да 10 чалавек.

– У мінулым годзе вы распавядалі аб тым, што дом вашых бацькоў быў пашкоджаны з-за ракетнага абстрэлу. Мне цікава, што зараз з вашай сям’ёй, ці змаглі яны адбудаваць свой дом ці дзе яны жывуць? Таксама вы расказвалі, што вашы бабуля/дзядуля жывуць на акупаванай тэрыторыі. Ці так гэта да гэтага часу так?

– Мая сям’я цяпер уся жыве ў Кіеве. Дарэчы, некалькі дзён таму недалёка ад месца, дзе яны працуюць, а яны абодва тэнісныя трэнеры, была вялікая-вялікая бомба. Недалёка ад гэтага месца, каля акадэміі, побач з тэніснымі кортамі. Недзе за 300 метраў адтуль аэрапорт і ўжо гэтага аэрапорта няма. Вось так яны і жывуць.

Мае бабуля/дзядуля з’ехалі з Новай Кахоўкі, зараз мяне нічога не звязвае з гэтым горадам. Гэта тая тэрыторыя, якая акупаваная расійскімі салдатамі. Калі пачаліся напады, мае родныя змаглі выехаць. Таму зараз усе ў Кіеве.

Я вельмі шчаслівая, бо там проста немагчыма было заставацца, немагчыма было жыць. Там столькі зброі, столькі вайскоўцаў проста каля іх дома. Яны пажылыя людзі, якія пражылі там 60-65 гадоў, ім цяжка было прыняць гэтае рашэнне і з’ехаць. Мы ціснулі на іх, што гэта трэба зрабіць. Гэта не нармальнае жыццё.

Калі бомба прыляцела ў іх дом, не проста ў іх кватэру, там некалькі метраў літаральна не хапіла, тады яны прачнуліся і зразумелі, што, Божа, нам трэба ехаць.

– Адносна рэакцыі Італіі на падзеі ва Украіне і на вас канкрэтна, вы заўважылі больш жарсці з боку заўзятараў?

– Гледачы вельмі моцна падтрымлівалі мяне ўвесь тыдзень, на самой справе, ужо два тыдні. Я столькі падтрымкі адчула. На адным з кортаў у мяне было такое ўражанне, што за мяне заўзее ўвесь стадыён. Гэта неверагодныя эмоцыі. Нічога падобнага са мной яшчэ не здаралася. Яны даюць мне столькі энергіі, каб змагацца, нават тады, калі гэтай энергіі ўжо няма ўвогуле.

Я ад усяго сэрца шчыра ўдзячна кожнаму, хто быў на трыбунах з майго першага і да, спадзяюся, заўтрашняга матча. Дзякуй ім. Гэта сапраўды мяне матывавала і давала энергію змагацца далей, – сказала Калініна.

Нагадаем, з 24 лютага 2022 году Расія працягвае вайну ва Украіне з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі.