Усе навіны

Леся Цурэнка: «Калі б мая краіна напала на кагосьці, я згарэла б ад сораму. Цяжка ўявіць, чаму іншыя хочуць адседзецца»

13 чэрвеня, 16:50

Украінская тэнісістка Леся Цурэнка ў інтэрв'ю «Зеркалу» распавяла, як сябке адчувае падчас вайны, якую Расія вядзе ва Украіне з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі.

– Дзе вы трэніруецеся і жывяце паміж турнірамі?

– Вы вырашылі пачаць з самага балючага… Пастаянна займалася тэнісам ва Украіне. За мяжой таксама часам трэніравалася, але Кіеў быў асноўнай лакацыяй. Пасля [пачатку] вайны быў момант, калі не разумела, куды ехаць. Спачатку думала пра Германію. Але ў выніку па парадзе Марты Касцюк вырашылі спыніцца ў Італіі. Усё падышло. І я па-ранейшаму тут са сваёй камандай.

– Як вас змяніла вайна?

– Адбылася пераацэнка каштоўнасцяў. Пераварот у галаве. Раней, напрыклад, не лічыла, што нам патрэбная моцная армія. Не ўяўляла, наколькі неабходныя дамы з надзейнымі бамбасховішчамі, самая сучасная інфраструктура. А аказалася, што гэта найважнейшае!

Напэўна, у гэтым свеце няма нічога горшага за вайну. Наколькі нашыя народы былі раней блізкія… Першыя два тыдні жыла фантазіямі. Думала, што расійская армія развернецца, усвядоміўшы, што чыніць. Салдаты не будуць выконваць злачыннага загаду. Потым лічыла, што спартоўцы з Расіі і Беларусі, тыя ж тэнісісты, зладзяць калектыўны байкот, маўляў, мы не будзем гуляць, пакуль вы не прыбераце войскі з Украіны. Верыла, што так здарыцца. Але не, яны вырашылі адмаўчацца.

– Вы б зрабілі інакш?

– Калі б мая краіна напала на кагосьці, я згарэла б ад сораму! Не засталася б жыць у краіне-агрэсары, не маўчала б! І мне цяжка ўявіць, чаму іншыя змірыліся, хочуць адседзецца. Хоць, не буду хаваць, у некаторых расіян і раней у зносінах са мной праскоквала пагардлівае стаўленне. Яны глядзелі на ўкраінцаў зверху ўніз: «Што вы там, маўляў, у сваім Кіеве ведаеце? У вас тры вуліцы і два рэстараны. Затое ў нас…» Так і ўзгадавалі пакланенне Пуціну, хоць самі жывуць у лайне. Праз сваю манію велічы яны не дапускаюць, што не маюць рацыі і могуць прайграць у вайне.

– Прывыклі да жыцця не дома?

– Як вам сказаць… Калі сядзіш, п’еш каву ў атачэнні добрых людзей і глядзіш вакол, то крыху лягчэй. У мяне пайшоў пэўны час на тое, каб лавіць такія моманты і ўсведамляць, што магу пераключыць увагу. Бо было складана справіцца з пачуццём віны.

– Што вы не ва Украіне?

– Так. У самым пачатку вайны было шмат сумневаў. Хацелася вярнуцца дадому і рабіць нешта для краіны. Не ведаю, бульбу чысціць – што заўгодна! Потым пагаварыла з людзьмі, якія знаходзіліся ва Украіне. Мяне вельмі натхніла размова з Сашам Даўгаполавым (экс-тэнісіст, які ўступіў у шэрагі УСУ. – заўв.). Ён ужо тады вырашыў, што будзе ваяваць. Саша сказаў: «Ты можаш вярнуцца і дапамагаць. Але калі працягнеш гуляць і будзеш зарабляць грошы, а потым пералічваць іх на патрэбы краіны, то прынясеш больш карысці». Я прыняла гэта. І калі пачала актыўна данаціць на розныя мэты (армія, прытулкі, рандомныя праекты), мне стала лягчэй. Асабліва пасля зваротнай сувязі – людзі пачалі дзякаваць, – сказала Цурэнка.