Tribuna/Футбол/Блогі/Оршанская битва/Беларускі футбол пад нацыянальным сьцягам. Як называліся першыя беларускія каманды на Бацькаўшчыне і ў эміграцыі? Хто такі Яўхім Слабуха? Чаму футбалісты зьвярталіся да БНР?

Беларускі футбол пад нацыянальным сьцягам. Як называліся першыя беларускія каманды на Бацькаўшчыне і ў эміграцыі? Хто такі Яўхім Слабуха? Чаму футбалісты зьвярталіся да БНР?

Гісторыя!

Аўтар — VarSaSha
29 снежня 2022, 22:40
Беларускі футбол пад нацыянальным сьцягам. Як называліся першыя беларускія каманды на Бацькаўшчыне і ў эміграцыі? Хто такі Яўхім Слабуха? Чаму футбалісты зьвярталіся да БНР?

Памятаеце задачы па матэматыцы і законы фізыкі? Простымі словамі-рэчамі, калі зь нейкага месца нешта сыходзіць, у іншым абавязкова прыбывае. Так і зь беларускім ножным шпурляком. Пры БССР залішняя згадка беларускасьці камуністамі не віталася, камандаў з адметнымі беларускімі назвамі, якія варта было б перакладаць на агульную дзяржаўную расейскую мову, амаль не было. За мяжой у беларускіх футбалістаў, наадварот, часта было вялікае жаданьне паказаць свае карані і традыцыі.

Вядомы айчынны гісторык Уладзімер Ляхоўскі незадоўга да сьмерці напісаў артыкул «Футбол пад нацыянальным сцягам», які выйшаў у часопісе Arche за люты 2021 году. У ім аўтар пералічыў некалькі каманд, якія мелі выразны беларускі дух і нацыянальную сымболіку на форме. Для паўнаты ўражаньняў вам варта прачытаць артыкул цалкам, мы ж толькі пералічым некалькі каманд і дапоўнім сваімі словамі і заўвагамі.

***

Калі ў Італіі футбол нараджаўся найперш сярод работнікаў порту і жыхароў партовых местаў, бо туды зь мячамі прыяжджалі брытанскія маракі, то ва Ўсходняй Эўропе піянэрамі гульні найчасьцей выступалі вайскоўцы. У 1919-м годзе каманда «Уніён» Беларускага асобнага батальёну ў складзе летувіскага войска згуляла з дружынай аўтамабільнага батальёну. Матч адбыўся ў Коўне на гары Вітаўта. За год да гэтага, у 1918-м першы футбольны матч адбыўся ў Воршы, праўда, хто канкрэтна выходзіў на полі ў матчы аршанцаў і віцяблянаў, ці былі гэта вайскоўцы, мы яшчэ ня ведаем.

У 1920-м годзе ў Менску, занятым польскімі войскамі, утварылася «Першая беларуская футбольная каманда», якая давала бой палякам на полі. У першым матчы, праўда, беларусы прагулялі 1:4, што ня дзіўна — нашы землякі былі менш спрактыкаваныя ў гульні зь мячом, а за палякаў выступілі ўжо знаныя гульцы з Варшавы. Нам варта памятаць імёны тагачасных беларускіх гульцоў, якія захаваліся ў архівах: Яўхім Слабуха, Яўхім Каравецкі, Выгоцкі, Лапідус, браты Сьвечнікавы.

Адначасова з ПБФК дзьве каманды ўтварыліся ў Гародні. Грамада беларускай моладзі зьвярталася напрасткі да Найвышэйшай Рады БНР з просьбай паспрыяць камандам фінансава, але, на жаль, складаная палітычная сытуацыя тады не дазволіла кіраўнікам Беларускай народнай рэспублікі задумацца аб ножным шпурляку, хвалявалі куды больш актуальныя тады пытаньні.

У 1920-м каманда ўтварылася пры Беларускай вайсковай камісіі ў польскай Лодзі.

Пасьля Рыскага міру, прыніжальнага для Беларусі, які ў дадатак яшчэ і падзяліў нашу тэрыторыю напалам, у савецкай частцы выразна заяўляць пра беларускую тоеснасьць празь некалькі гадоў стала небясьпечна, а ў Польшчы стварэньне нацыянальных каманд было адной з формай яднаньня беларусаў супраць польскага шавінізму. Беларусы ядналіся ў каманды і ў незалежнай тады Летуве. Так, у 1928-м годзе паэт і грамадзкі дзеяч Уладзіслаў Казлоўскі непадалёк ад віленскай Кальварыі арганізаваў каманду «Гайсак». Само слова ўтварылася пасьля пошуку беларускага адпаведніка ангельскаму «scout». Слова «гайсак» стала вытворным ад слова «гойсаць», яго таксама выкарыстаў сам Уладзімер Ляхоўскі ў сваёй фундамэнтальнай рабоце пра беларускія нацыянальныя арганізацыі на Бацькаўшчыне і за мяжой «Ад гоманаўцаў да гайсакоў».

У 1933 годзе першая менавіта беларуская каманда паўстала ў Баранавічах, яна насіла назву «Спартовец» і ўдзельнічала ў мескіх спаборніцтвах. Яе заснавалі пры Беларускім інстытуце гаспадаркі і культуры, блізкім да Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі. Прадстаўнік дружыны Базыль Плаўсік хадайнічаў аб касьцюмах і форме для каманды ў колерах бел-чырвона-белага сьцяга. Шкада, што праз год «Спартовец» заняпаў і зьнік з-за палітычных звадаў паміж сваімі сябрамі і нястачы сродкаў.

Натуральна, згадвае Ляхоўскі і славутага беларускага нацыянальнага і асьветніцкага дзеяча Івана Краскоўскага, заснавальніка беларускіх камандаў у Вільні (1908 год пры Віленскай гімназіі Вінаградава) і Дзьвінску (1923 год пры Дзьвінскай беларускай гімназіі).

Пасьля ІІ сусьветнай вайны тысячы беларусаў апынуліся ў выгнаньні. Кагосьці як «остарбайтэра» нацысты прымусам вывезьлі ў Нямеччыну, хтосьці ўцёк ад камуністычнага перасьледу. Многія зь іх былі сьвядомымі беларусамі, што адбілася і на футболе. У пачатку 1948 году ў Міхельсдорфе, што ў Баварыі, настаўнік І.Муха заснаваў каманду «Штурм». Вядомая дата першай гульні — 19 красавіка 1948 году, тады беларусы разграмілі нямецкую каманду зь места Кам 6:0. «Штурм» распаўся з-за пераезду большасьці гульцоў за акіян. Але там беларусы зарганізавалі некалькі новых каманд зь беларускім духам — у 1951-м «Пагоню» ў Кліўлэндзе, у 1954-м — «Беларусь» у Нью-Ёрку. Каманды гулялі ў бел-чырвона-белай форме. Вядомыя гульцы «Пагоні»: Міхась Ігнат (капітан), Якуб Шапялюк, Майк Дзяркач, Барыс Іванчук, Мікола Александровіч.

У 1952 годзе ў ЗША ўзьнікла яшчэ адна беларуская каманда — «Нёман», якая выступала некалькі сэзонаў. У 00-я гады беларуская нацыянальная каманда ўзьнікла ў сталіцы Расеі, яна называлася проста «Беларусы Масквы» і выступала таксама ў бел-чырвона-белых колерах.

Гэта толькі некаторыя беларускія каманды за мяжой і асобныя дэталі артыкулу Ўладзімера Ляхоўскага. Раім вам купіць гэты нумар Arche і прачытаць яго цалкам. Унутры яшчэ шмат здымкаў беларускіх каманд. Уладзімер Ляхоўскі зрабіў значны ўнёсак у дасьледаваньне гісторыі беларускага футболу.

Найлепшае ў блогахБольш цiкавых пастоў

Іншыя пасты блога

Усе пасты