Tribuna/Іншыя/Блогі/Политика и спорт/Беларуска адолела адну з найцяжэйшых гонак на вынослівасць у свеце і прысвяціла сваё дасягненне палітвязню Максіму Знаку

Беларуска адолела адну з найцяжэйшых гонак на вынослівасць у свеце і прысвяціла сваё дасягненне палітвязню Максіму Знаку

Гісторыя актывісткі Вікторыі Хакімавай ад «Белсата».

Аўтар — Alex Zagorski
13 лютага 2023, 21:09
Беларуска адолела адну з найцяжэйшых гонак на вынослівасць у свеце і прысвяціла сваё дасягненне палітвязню Максіму Знаку

6 верасня 2021 года рэжымны «суд» у Мінску выносіў прысуд чальцам штабу кандыдата ў прэзідэнты Беларусі і Каардынацыйнай рады беларускай апазіцыі Марыіі Калеснікавай і Максіму Знаку – тады цяперашнім палітвязням прызначылі 11 і 10 гадоў пазбаўлення волі. У той жа дзень у Швецыі стартавала адна з найцяжэйшых гонак на вынослівасць у свеце ÖTILLÖ Swimrun, у якой узяла ўдзел беларуска Вікторыя Хакімава са сваім польскім напарнікам Томашам Кавальскім.

Вікторыя Хакімава – актывістка, аматар спорту, удзельніца ініцыятывы «Свабодная Беларусь», сярод іншага была суарганізатарам канцэртаў «Салідарныя з Беларуссю». Пасля поўнамаштабнага расійскага ўварвання ва Украіну наша госця прынялася дапамагаць бежанцам ад вайны.

Вікторыя і Томаш паспяхова пераадолелі дыстанцыю і прысвяцілі гэтае дасягненне Максіму Знаку, які, нагадаем, сам неаднаразова ўдзельнічаў у спаборніцтвах па трыятлоне і ўваходзіў у прэзідыум адпаведнай федэрацыі Беларусі. Пра матывацыю ўчынку і пра саму гонку Вікторыя распавяла «Белсату».

Свімран – гэта мультыспартыўная гонка, у якой удзельнікі паслядоўна пераадольваюць некалькі бегавых і плавальных этапаў па перасечанай мясцовасці і выключна на свежым паветры з выкарыстанне дадатковага абсталявання, такога як лапаткі, калабашкі і гідракасцюмы. Такі від спорту з'явіўся зусім нядаўна – у 2011 годзе – пры гэтым дагэтуль няма дакладных крытэрыяў, якія прад'яўляюцца да даўжыні этапаў: звычайна спаборніцтвы дзеляцца па агульнай колькасці пераадольваемых кіламетраў.

Як расказала Вікторыя, ёй з напарнікам давялося прабегчы 65 кіламетраў і праплыць яшчэ дзесяць. Беларуска-польскі дуэт адолеў гэтую дыстанцыю за 10 гадзін 31 хвіліну і 14 секунд і фінішыраваў на 71-м са 150-і месцы. Прызнавайцеся, у каго вынослівасці хопіць на такі час?

Вось што распавяла Хакімава пра прысвячэнне свайго дасягнення Максіму Знаку:

– Максім Знак – таксама трыятланіст, удзельнічаў у розных спаборніцтвах, ён спартсмен і займае пасаду ў Федэрацыі трыятлона Беларусі (на дадзены момант Знак выключаны з прэзідыума арганізацыі – Tribuna.com). У дзень нашай гонкі яму выносілі прысуд, таму я вырашыла, што трэба прысвяціць гэты старт, самы складаны ў маім жыцці, Максіму, перадаць яму нашу падтрымку.

Усё ж такі, я калісьці хацела б стартаваць у пары разам у свімране, калі ён выйдзе на свабоду, – сказала Хакімава.

Больш інфармацыі з інтэрв'ю Вікторыі Хакімавай глядзіце ў відэа вышэй, а пра захапленне трыятлонам і спортам увогуле падрабязней можна пачытаць у артыкуле ніжэй.

Адрас для лістоў Максіму Знаку: ПК №3. 211322, Віцебская вобласць, г.п. Віцьба. Знаку Максіму Аляксандравічу

Іншыя пасты блога

Усе пасты