Tribuna/Футбол/Блогі/Политика и спорт/Фрыкі прапаганды Лукашэнка аказаліся побач з топамі спорту Расіі – усе патрапілі ў санкцыйны спіс украінцаў (вось што нарабілі)

Фрыкі прапаганды Лукашэнка аказаліся побач з топамі спорту Расіі – усе патрапілі ў санкцыйны спіс украінцаў (вось што нарабілі)

Сябар Домрачавай і абаронца ад бана.

Аўтар — bytribuna com
17 студзеня 2023, 19:56
Фрыкі прапаганды Лукашэнка аказаліся побач з топамі спорту Расіі – усе патрапілі ў санкцыйны спіс украінцаў (вось што нарабілі)

На днях украінскія ўлады апублікавалі новы санкцыйны спіс, у які ўказам прэзідэнта Уладзіміра Зяленскага увайшлі 196 дзеячаў культуры і так званых журналістаў Расіі і Беларусі. Знайшлося ў ім месца і некалькім беларускім прапагандыстам, якія ў эфірах займаюць абсалютна прарасейскую пазіцыю ў вайне супраць Украіны: Рыгору Азаронку, Ігару Туру, Аляксандру Шпакоўскаму, а таксама гендырэктару дзяржканала СТБ Аляксандру Асяенку. У расіян жа прыляцела некалькім прадстаўнікам спорту. Практычна ўсе яны так ці інакш звязаныя з Беларуссю (а некаторыя - і з Украінай).

Дзмітрый Губерніеў

Каментатар - адна з галоўных дзеючых асоб расійскага біятлона і прапагандысцкіх мерапрыемстваў, дзе Губерніеў выступае вядоўцам. За доўгую кар'еру неаднаразова перасякаўся з Беларуссю: і захапляўся словам «бацька» на «Славянскім базары» ў прысутнасці Аляксандра Лукашэнкі, і нават перыядычна самаідэнтыфікаваў сябе як беларус. Часцей за ўсё імя расіяніна ў разрэзе белбіятлона згадвалася ў звязку з Дар'яй Домрачавай. Губерніеў захапляўся спартоўкай і на трасе, і за яе межамі, бараніў ад нападак сваіх жа суайчыннікаў, калі тая выказвалася наконт допінгавых разбіральніцтваў з расійскімі атлетамі, а таксама называў сябе яе талісманам, а яе - сваёй сяброўкай.

Пасля таго. як чатырохразовая алімпійская чэмпіёнка завяршыла кар'еру, новым аб'ектам пільнай увагі каментатара стала Дзінара Алімбекава. Дзмітрый адкрыта разважаў пра не найлепшае ўзаемаразуменне ў складзе жаночай зборнай Беларусі, што было звязана з пачаткам рамантычных стасункаў Алімбекай і лідара мужчынскай зборнай Антона Смольскага (потым усё перацякло ў перапіску біятланісткі і журналіста ў каментарах у Instagram, дзе Алімбекава прасіла выдаваць «больш праўдзівай інфармацыі» у рэпартажах).

Напэўна адной з галоўных прычын унясення каментатара ў санкцыйны спіс Украіны стаў канцэрт у падтрымку Уладзіміра Пуціна ў маскоўскіх «Лужніках» у сакавіку мінулага года - Губерніеў быў вядоўцам і гэтага мерапрыемства.

Дзамбалат Тэдэеў

Для ўжо былога галоўнага трэнера зборнай Расіі па вольнай барацьбе гэта ўжо другое трапленне ў санкцыйныя спісы Украіны - першае здарылася ў снежні, калі Тэдэеў аказаўся сярод 56 расійскіх спартоўцаў і спартовых службоўцаў. Спецыяліст працаваў у зборнай два працяглыя перыяды: з 2001-га па 2012-ы і з 2016-га па 2022-ы.

Апошняе звальненне стала нечаканасцю для спецыяліста: у сваім Instagram ён выступіў з крытыкай на адрас кіраўніка федэрацыі спартыўнай барацьбы Расіі. Сярод дасягненняў Тэдэеў назваў не толькі вынікі (расійская каманда сапраўды адна з наймацнейшых у свеце), але і тое, што "зборная па вольнай барацьбе першая і адзіная ў Расіі падтрымала СВА на Украіне". Сапраўды, 24 лютага ў акаўнце трэнера з'явілася відэа са словамі падтрымкі на адрас Пуціна.

Таксама Тэдэеў выказаў спадзеў, што ўкраінцы з часам даруюць генацыд, які ўчыніла пуцінская Расія.

- Я думаю, што час усё лечыць. Мы ж з немцамі таксама ваявалі, а сёння маем зносіны і сябруем. Я думаю, што час пройдзе, украінскі народ прабачыць, і мы будзем жыць як браты. Іншага выхаду няма, - чамусьці перакананы трэнер.

Дзіўна, але кар'еру барца Тэдэеў пабудаваў менавіта ва Украіне: пасля распаду Савецкага Саюза пачаў выступаць пад «жоўта-сінім» сцягам, узяўшы золата на ЧЕ-1993 і заняўшы пятае месца на Алімпіядзе ў Атланце ў 1996-м. Акрамя таго, яго стрыечны брат Эльбрус выйграваў у складзе ўкраінскай зборнай залаты медаль у Афінах у 2004-м, быў сцяганошай на цырымоніі закрыцця тых Гульняў, узначальваў федэрацыю барацьбы Украіны і некаторы час быў дэпутатам ад "Партыі рэгіёнаў" пры лідары Віктару Януковічу.

І як барцу, і як трэнеру Дзамбалату Тэдэеву шмат разоў даводзілася сустракацца з беларусамі. Напрыклад, у 1993-м перамог на турніры на прызы Аляксандра Мядзведзя ў Мінску. А на Гульнях у Токіа яго падапечны Заурбек Сідакоў у фінальнай схватцы ў вагавой катэгорыі да 74 кг адолеў прадстаўніка Беларусі Магамедхабіба Кадзімагамамедава.

Сідакоў і Тэдэеў (у масцы) пасля фінальнай схваткі на АГ-2020

Пасля абвяшчэння расійскім і беларускім барцам міжнароднага бана відавочнай опцыяй для іх сталі сумесныя турніры ў Расіі, куды клічуць атлетаў з Беларусі. Адным з такіх спаборніцтваў, напрыклад, з'яўляецца Ліга Паддубнага, дзе выступалі і выступаюць спартоўцы, якія працавалі пад кіраўніцтвам Тэдэева ў зборнай. Сам трэнер адзначаў, што барцоўская ліга "збярэ вялікую кокурэнцыю і вялікую цікавасць у гледачоў".

Таксама хваліў такую ініцыятыву кіраўнік беларускай федэрацыі барацьбы Алім Сялімаў, кажучы, што "рэалізацыя такой лігі - гэта тое, што нам важна і трэба". Таксама двухразовы чэмпіён свету ў грэка-рымскай барацьбе адзначаў, што ў каляндар новай лігі ўвойдуць старты, якія праводзяцца ў Беларусі - турнір па вольнай барацьбе на прызы Аляксандра Мядзведзя, а таксама турнір па грэка-рымскай барацьбе памяці Алега Караваева.

Умар Крамлёў

Бокс застаецца ці не апошнім відам спорту, дзе расійскія і беларускія спартоўцы не проста могуць выступаць, але і рабіць гэта пад дзяржаўнай сімволікай - папярэдняе рашэнне адхіліць федэрацыі краін-агрэсараў было скасавана ў кастрычніку мінулага года. Не перашкодзіў гэтаму нават удзел расійскай баксёрскай супольнасці ў тым самым канцэрце ў «Лужніках» у сакавіку 2022-га.

Старшыня федэрацыі бокса Беларусі Аляксандр Батвіннік заявіў, што баксёры ўжо рыхтуюцца да чэмпіянату свету, які пройдзе ў маі ў Ташкенце, а таксама да адбору на Алімпіяду-2024. А вось трэнер Сяргей Пыталёў у ацэнках зняцця санкцый не такі аптымістычны.

- Тое, што знялі забарону, з аднаго боку, добра. Спачатку ў многіх на гэты конт былі эйфарыя, радасць. Але паступова прыйшло разуменне, што вялікая колькасць праблем нікуды не падзелася. Трэба ўлічваць некалькі фактараў. Вядома, гэта дарагія лагістыка, візавая падтрымка. Яшчэ як да нас паставяцца ва ўсёй гэтай сітуацыі вакол Расіі, Украіны і Беларусі астатнія краіны, – разважаў спецыяліст.

Прычыну разбана большасць бачыць у тым, што са снежня 2020-га Міжнародную асацыяцыю бокса (IBA) узначальвае былы кіраўнік расійскай федэрацыі Умар Крамлёў. У верасні мінулага года Крамлёў быў пераабраны на новы тэрмін. Спартовы чыноўнік прыйшоў у арганізацыю ў ролі антыкрызіснага мэнэджара: асацыяцыя, якая захрасла ў карупцыі і скандалах, была адхіленая МАК ад арганізацыі баксёрскага турніру на Гульнях-2022. Акрамя таго, запушчаны працэс выключэння бокса з алімпійскай праграмы ўжо з 2028 года.

Крамлёў прывёў у IBA шчодрага фундатара ў выглядзе расійскай дзяржкарпарацыі «Газпрома» - у асацыяцыі заяўляюць, што для яе адмова ад кантракту з кампаніяй стане крытычнай. Пры гэтым МАК ужо папярэдзіў, што бокс будзе выключаны з праграмы Алімпіяды-2024, калі кантракт будзе працягнуты.

Крамлёў жа, у сваю чаргу, заклікае і іншыя міжнародныя спартовыя федэрацыі рушыць услед за IBA і адмяніць бан расейцаў і беларусаў, а таксама ўжо накіраваў такую прапанову наўпрост у МАК.

Іншыя пасты блога

Усе пасты