Усе навіны

Трэнер «Заходняга Буга» Хілько пра пратэсты у Казахстане: «Дзён пяць нармальна не мог выйсці на вуліцу. Не было інтэрнэту, святло з перабоямі»

23 студзеня 2023, 22:08

Галоўны трэнер «Заходняга Буга» Пётр Хілько расказаў, як перажыў пратэсты ў Казахстане.

Нагадаем, на пачатку 2022 года тысячы жыхароў Казахстана выйшлі на вуліцы гарадоў. Незадаволенасць павышэннем цэн на газ перарасла ў антыўрадавыя пратэсты па ўсёй краіне. Частка мірных дэманстрацый вылілася ў беспарадкі, якія былі жорстка задушаны.

– Год таму, працуючы ў «Алматы», вы сталі сведкам народных хваляванняў на вуліцах казахстанскага мегаполіса. Падзеліцеся ўражаннямі?

– Калі глядзіш на такога роду інцыдэнты па тэлевізары, здаецца, нічога страшнага не адбываецца. Калі ж апыняешся ці ледзь не ў эпіцэнтры бурных дзеянняў, каля цябе гараць машыны, грымяць выбухі, раздаецца стральба, то хутка разумееш, якая каштоўнасць мірнага неба над галавой.

Дом, у якім знаходзілася мая кватэра, быў зусім побач з месцам асноўных падзей. Дзён пяць нармальна не мог выйсці на вуліцу. Не было інтэрнета, святло з перабоямі. Калі ўсё скончылася, вуліцы Алматы ўяўлялі сумнае відовішча: абгарэлыя «Уралы», шматлікія драбы спаленых легкавых машын, разгромленыя гарадскі акімат і рэзідэнцыя кiраўнiка Казахстана…

Зрэшты, даволі хутка жыццё ўвайшло ў звыклае рэчышча. Будынак адміністрацыі горада пачалі аднаўляць, а на месцы рэзідэнцыі было вырашана разбіць сквер.

– Тыя бурныя дні прымусілі змяніць пазітыў ад жыцця ў Алматы на негатыўныя ўражанні?

– Асаблівую атмасферу былой сталіцы Казахстана надае тое, што яна знаходзіцца на стыку ўсходняй і заходняй культур. Алматы для мяне ў першую чаргу выдатны, зялёны, сонечны горад з маляўнічымі вуліцамі і наваколлем. Нягледзячы на геаграфічную аддаленасць ад Брэста, адчуваў сябе там гэтак жа, як у горадзе над Бугам. Астатняе – гэта ўжо зусім іншая гісторыя, – сказаў Хілько.