Усе навіны

Трэнер мужчынскай зборнай Беларусі Мікановіч пра ад'езд гульцоў у Расiю: «Дрэнна, што яны мяняюць пашпарты. Але як мы можам забараніць?»

31 студзеня 2023, 23:52

Галоўны трэнер мінскага «Будаўніка» і мужчынскай зборнай Беларусі па валейболе Алег Мікановіч выказаўся пра прыняцце беларускімі валейбалістамі расійскага грамадзянства.

– Гэта сістэмная гісторыя ўжо даўно: хлопцы з'яжджаюць і з'яжджаюць туды [у Расію], таму што ім прапануюць, я так разумею, нашмат лепшыя ўмовы. Дрэнна тое, што яны мяняюць пашпарты, гэта мінус. Калі б яны з'яжджалі, але вярталіся гуляць за зборную – гэта іншая справа.

– Што трэба наогул зрабіць, каб такога не адбывалася?

– Нават не ведаю. А як мы можам забараніць? Вось вам як забараніць кудысьці з'ехаць, калі ў вас будзе добрая прапанова?

– Вось ва Уладзіслава Бабкевіча ў заяўцы расiйскага «Факела» беларускі сцяг.

– Так. Усё нармальна, ён далей працягвае гуляць, працаваць з беларускім пашпартам. Што будзе далей, я не магу сказаць. Якая будзе сітуацыя праз год-два-тры, ніхто не можа сказаць. Але вось Бабкевіч гуляе ў добрым чэмпіянаце [Расiі], у добрай камандзе, але як беларус. Гэта значыць усё рэальна, можна і з беларускім пашпартам з'ехаць кудысьці і потым прыязджаць у зборную.

У мяне была прапанова, калі развал усяго на свеце быў. Мяне на тыя часы, то бок 1994 год, у Славенію запрашалі. Са зменай грамадзянства, так. Але мяне проста не адпусцілі і ўсё, – сказаў Мікановіч.