Усе навіны

Валейбаліст зборнай Беларусі Бабкевіч: «Не ведаю, як ставіцца кіраўніцтва, але гульцы вельмі незадаволеныя і расчараваныя міжнародным банам»

12 жніўня, 09:25

Валейбаліст зборнай Беларусі Уладзіслаў Бабкевіч расказаў пра стаўленне да міжнароднага бана.

– Як наогул наша зборная ставіцца да таго, што нам забаранілі ўдзельнічаць у міжнародных спаборніцтвах? Што кажа галоўны трэнер наконт гэтага?

– На самой справе не ведаю толкам, як ставіцца кіраўніцтва нашай нацыянальнай зборнай, але дакладна ўпэўнены, што гульцы вельмі незадаволеныя і расчараваныя, калі можна так сказаць. Міжнародныя гульні, да якіх нас не дапускаюць, давалі б вялізны вопыт усім гульцам. Для маладога пакалення гэта неабходна.

– Калі б дапусцілі нашу каманду, як думаеш, якіх поспехаў маглі б дамагчыся на Еўра?

– Думаю, што мы дабіліся б выніку лепш, адносна папярэдняга выступу (На апошнім ЧЕ зборная Беларусі скончыла свой выступ на стадыі групы, заняўшы 4-е (перадапошняе) месца – Tribuna.com). У нас зараз вельмі моцнае пакаленне валейбалістаў вырастае. Нам сапраўды ёсьць, што прапанаваць. За той час, пакуль мы не ўдзельнічаем у міжнародных спаборніцтвах, нашы валейбалісты паспелі пагуляць у шматлікіх замежных чэмпіянатах, навучыцца нечаму новаму, – казаў Бабкевіч.

Нагадаем, у адказ на вайну, якая з 24 лютага 2022-га працягваецца Расіяй ва Украіне з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі, МАК 28 лютага 2022-га апублікаваў рэкамендацыю адхіліць прадстаўнікоў Расіі і Беларусі ад міжнародных спаборніцтваў, як i зрабiла большасць сусветных федэрацый па відах спорту.

28 сакавіка 2023-га МАК абвясцiў, што з гэтага моманту рэкамендуе дапускаць да міжнародных спаборніцтваў беларускіх і расійскіх індывідуальных атлетаў у нейтральным статусе, калі такія спартсмены не дапускалі «актыўнай падтрымкі» вайны ва Украіне, а таксама не маюць кантракта з ваеннымі або сілавымі ведамствамі Беларусі ці Расіі.