Tribuna/Футзал/Блоги/Столичный мини-футбол/Гуляй як Раніньё, Тапэйра, Бэта! Бразільцы «Сталіцы» правялі майстар-клас для юных футбалістаў

Гуляй як Раніньё, Тапэйра, Бэта! Бразільцы «Сталіцы» правялі майстар-клас для юных футбалістаў

Бразільскія легіянеры міні-футбольнага клуба «Сталіца» правялі ў Чэрвені майстар-клас для юных футбалістаў.

Автор — Столица
29 марта 2016, 11:31
1
Гуляй як Раніньё, Тапэйра, Бэта! Бразільцы «Сталіцы» правялі майстар-клас для юных футбалістаў

Бразільскія легіянеры міні-футбольнага клуба «Сталіца» правялі ў Чэрвені майстар-клас для юных футбалістаў.

За непрацяглы час свайго існавання фізкультурна-аздараўленчы комплекс Чэрвеньскай СДЮШАР пабачыў шмат спаборніцтваў высокага ўзроўню і знакамітых гасцей. Але прыезд сюды футбалістаў-бразільцаў стаў, бадай, самай яскравай старонкай яго гісторыі, якая яшчэ толькі пачынаецца.

І няхай сабе ў Чэрвень завіталі не знакамітыя Пеле, Раналда ці Нэймар, а ігракі мінскага міні-футбольнага клуба «Сталіца» Раніньё, Тапэйра і Бэта разам з трэнерам каманды Дзмітрыем Бароўскім і каардынатарам працы груп дзіцячай акадэміі міні-футбольнага клуба «Сталіца-Юні» ў Мінскай вобласці, ганаровым грамадзянінам Чэрвеньскага раёна Анатолем Усенкам, цікавасць да гэтай падзеі была вельмі вялікай.

Выступленне мясцовай групы чэрлідэраў, дзесяціхвілінная размінка ад Дзмітрыя Бароўскага для выхаванцаў аддзяленняў футбола Чэрвеньскай СДЮШАР і Лагойскай ДЮСШ, групы якіх уваходзяць у структуру акадэміі «Сталіцы-Юні», і вось ужо на спартыўную пляцоўку выходзяць бразільцы.

Спачатку ў малых не дужа добра атрымоўваюцца практыкаванні з мячом: адчуваецца хваляванне перад замежнымі настаўнікамі. Ды і самі госці крыху бянтэжацца ад цікаўных позіркаў паўсотні пар дзіцячых вачэй. Але неўзабаве паміж удзельнікамі майстар-класа ўсталёўваюцца нязмушаныя сяброўскія стасункі.

– Давай-давай! – падбадзёрвае юнага «партнёра», прымаючы ад яго перадачу, жыццярадасны барадач Раніньё.

– Карашо! – з шырокай усмешкай ускідвае вялікі палец рукі ўверх смуглы велікан Бэта, нібыта незнарок даючы чарговаму хлапчуку абыграць сябе…

Прыём, перадача і спыненне мяча, гульня «два супраць аднаго», «тройка», удары ў створ варот, выкананне стандартаў – такія і іншыя практыкаванні ўмясцілі ў сябе амаль паўтарагадзінныя заняткі з дзецьмі. Імі з вялікім імпэтам кіраваў Анатоль Усенка, па ініцыятыве якога Чэрвеньская СДЮШАР і акадэмія міні-футбольнага клуба «Сталіца-Юні» арганізавалі гэты майстар-клас.

Завяршальным акордам мерапрыемства стала двухбаковая гульня паміж камандай гасцей і мясцовымі футбольнымі трэнерамі. А потым сталічныя бразільцы яшчэ доўга заставаліся ў атачэнні дзяцей: давалі аўтографы, распісваючыся на буклетах, блакнотах, лістках паперы, майках і нават… на руках. Ну і, канешне ж, шмат было жадаючых сфатаграфавацца з футбалістамі на памяць, зрабіць сэлфі.

Сустрэча пакінула ў гасцей незабыўныя ўражанні і жаданне завітаць у Чэрвень яшчэ раз.

Ігар Адамовіч, газета «Раённы веснік». Фота аўтара

Крыніца: fc-stalitsa.by

Другие посты блога

Все посты