Tribuna/Футбол/Блоги/Оршанский вокзал/Брэстчанін падаў скаргу ў ААН, бо яго не пусцілі з «Пагоняй» на футбол. Барысаў для заўзятара – дзіўнае месца

Брэстчанін падаў скаргу ў ААН, бо яго не пусцілі з «Пагоняй» на футбол. Барысаў для заўзятара – дзіўнае месца

Прошел все суды в Беларуси, но все равно хочет справедливости.

11 марта 2021, 15:08
1
Брэстчанін падаў скаргу ў ААН, бо яго не пусцілі з «Пагоняй» на футбол. Барысаў для заўзятара – дзіўнае месца

Вельмі прынцыповы беларус ужо 7 гадоў дамагаецца праўды.

Сяргей Бахун – футбольны заўзятар, якому падабаецца хадзіць на стадыёны ў шаліку з «Пагоняй». Сем гадоў таму жыхар Брэста трапіў у непрыемную сітуацыю. Бахун прыехаў на «Барысаў-Арэну», каб падтрымаць БАТЭ ў матчы кваліфікацыі Лігі чэмпіёнаў супраць «Слована», але амаль не пабачыў разгрому славакаў. У пачатку сустрэчы міліцыянты вывелі Сяргея з трыбун, як сцвярджае заўзятар, з-за шаліка з «Пагоняй». Амаль увесь матч мужчына правёў у пакоі міліцыі і вярнуўся ў чашу стадыёна толькі перад самым фінальным свістком.

Такое стаўленне праваахоўнікаў абурыла брэстчаніна. Ён вырашыў напісаць скаргу на супрацоўнікаў міліцыі. Аднак ні гарадскі суд Барысава, ні суд Мінскай вобласці, ні Вярхоўны суд не сталі на бок Бахуна. Але ён вырашыў не апускаць рукі. У пачатку гэтай нядзелі стала вядома, што Сяргей направіў скаргу ў Камітэт па правах чалавека Арганізацыя аб’яднаных нацый. Аляксандр Івулін звязаўся з актыўным грамадзянінам, каб зразумець, навошта яму ўсё гэта:

– Але з таго матчу прайшло ўжо сем гадоў!

– Калі многія беларусы сутыкаюцца з несправядлівасцю, то спачатку абураюцца, а потым жывуць як раней. Шчыра кажучы, не чакаў, што нашыя дзяржаўныя ўстановы станоўча адрэагуюць на мае скаргі. Самі разумееце, міліцыя, пракуратура, суды ў нашай краіне – фактычна адзіны механізм. Я цікаўлюся абстаноўкай у Беларусі, таму разумеў вынік, які мяне чакае. Але паставіў перад сабой мэту: калі мяне не падтрымаюць у сваёй краіне, буду звяртацца ў міжнародныя структуры. Увесь гэты час падаваў скаргі, размаўляў з адвакатамі ў нашай дзяржаве, а потым усё ж пайшоў па міжнароднаму шляху.

– Калі не сакрэт, колькі грошаў вы щжо выдаткавалі на судовыя разбіральніцтвы?

– Асноўныя выдаткі занялі справы ўнутры Беларусі: трэба было заплаціць ганарар адвакату, колькі разоў з’ездзіць з Брэста ў Барысаў, а потым у Мінск. Падрыхтоўка скаргі ў Камітэт па правах чалавека ААН была бясплатнай, бо мне дапамаглі знаёмыя юрысты. Сам Камітэт па правах чалавека ААН не прымае ніякіх грошаў за разгляд скаргі.

– Вы ўсё ж не падбівалі выдаткі?

– Буду рабіць гэта, калі беларускія ўлады вырашаць кампенсаваць мне ўсе сумы. Усё ж з’ездзіць некалькі разоў на аўто з Брэста ў Барысаў, а потым у Мінск трошкі затратная справа. Таму ў мяне ёсць квіткі аб усіх расходах. Нават, той самы квіток на матч БАТЭ – «Слован», які каштаваў 70000 рублёў. Цікава, колькі гэта ў пераліку на сённяшні дзень? Прыйдзецца праводзіць індэксацыю :). Але трэба разумець, што рашэнне Камітэта па правах чалавека ААН мае толькі рэкамендацыйны характар. Невядома, ці прыслухаюцца да яго нашыя ўлады, але рашэнне ААН на маю карысць будзе для мяне маральнай перамогай. Буду гэтым задаволены.

– Калі ААН разгледзіць вашу скаргу?

– Я толькі даслаў яе. Як толькі атрымаю адказ, адразу паведамлю. Але, наколькі мне вядома, гэта не хуткая працэдура. У Камітэт па правах чалавека дасылаюць шмат скаргаў з розных краін, таму немагчыма прадказаць, калі мне адкажуць. Алгарытм разгляду наступны. Спачатку скаргу прымаюць, потым ААН звяртаецца да ўладаў краіны, адкуль прыйшоў ліст. Дзяржава мусіць адказаць на гэты зварот, а ўжо потым прымаецца нейкае рашэнне.

– Хтосьці скажа, што вы жадаеце піяру і проста хайпуеце на гэтай тэме. Усё ж з таго выпадку прайшло шмат часу.

– У Вярхоўным судзе маю скаргу разглядалі ў 2017-м. Дзеля звароту ў міжнародныя інстанцыі я доўга не мог знайсці адваката, бо ў такім выпадку патрэбны юрыст з міжнародным досведам. Усё ж складанне скаргі на міжнародным узроўні патрабуе пэўнай падрыхтоўкі. Калі запамятаў нейкую дробязь – цябе адразу развернуць, таму шукаў дапамогі моцнага юрыста, які можа працаваць на сур’ёзным міжнародным узроўні. Знайшоў такога ў пачатку 2020-га, але потым у Беларусі пачаліся ўсім вядомыя падзеі, таму ўсе нашыя адвакаты былі кінутыя на абарону людзей, якія аказаліся бязвінна затрыманымі ці бязвінна збітымі. Толькі зараз змаглі падрыхтаваць гэтую скаргу ў ААН.

Я добра разумеў, што ў гэтай справе аператыўнасць мне не патрэбна. Тут важна акуратнасць і прынцыповасць, таму ў мяне быў час. Камітэт па правах чалавека ААН дазваляе дасылаць дакументы на працягу пяці гадоў пасля звароту ў апошнюю інстанцыю ў сваёй краіне. У мяне яшчэ быў час, таму ўсё рабіў вельмі паступова.

– Давайце яшчэ раз раз прыгадаем той матч БАТЭ – «Слован».

– На той момант брэсцкае «Дынама» не гуляла ў еўракубках, таму мне хацелася падтрымаць БАТЭ на міжнароднай арэне, бо на гэтым узроўні заўзею за ўсе беларускія каманды. Той матч для мяне быў сапраўдным святам. Прыехаў на стадыён, у мяне на шыі быў шалік з «Пагоняй», лёгка прайшоў з ім на трыбуны пасля дагляду сцюардаў. Пачаў глядзець футбол, і прыкладна на 20-й хвіліне адзін сцюард вельмі ўважліва стаў глядзець на мяне і нешта казаць у рацыю. Потым аказалася, што гэта быў супрацоўнік міліцыі. Я зразумеў, што ў яго ёсць да мяне нейкія прэтэнзіі, але ж я не рабіў нічога дрэннага. Як і ўсе – пляскаў у далоні і падтрымліваў БАТЭ, але неўзабаве да мяне падбеглі супрацоўнікі міліцыі:

– Вы да мяне?

– Так, трэба, каб вы прайшлі з намі.

– Па-першае, прадстаўцеся. Па-другое, у чым прычына?

– Прайдзёмце, там вам усе патлумачаць.

– Я ж нічога не парушаю. Якія да мяне пытанні?

– Мы зараз прымем да вас фізічную сілу.

Мяне прывялі ў нейкі пакой, дзе сядзелі маёр і капітан міліцыі. Яны сказалі: «Хай тут сядзіць. Зараз прыйдзе начальнік, хай ён з ім разбіраецца». Сядзелі ў гэтым пакоі, але я спрабаваў дагрукацца да супрацоўнікаў, маўляў, прыехаў паглядзець матч, а там без мяне галы забіваюць. Але мяне трымалі ў гэтым пакоі каля гадзіны, пакуль не прыйшоў гэты начальнік – маёр Паўлавец. Ён сказаў, што ў мяне незарэгістраваная сімволіка. Якая рэгістрацыя можа быць у «Пагоні», што занесена ў рэестр гісторыка-культурных каштоўнасцей і знаходзіцца на гербе Віцебскай вобласці?

– Ты адкуль? – пытаецца маёр.

– З Брэста.

– Вот у Брэсце насі, а тут у мяне гэта насіць не будзеш. Калі хочаш даглядзець матч, то здымай шалік і ідзі на трыбуну.

– Давайце я хаця б пад куртку схаваю.

– Добра, але мы будзем за табой назіраць. Дастанеш шалік – затрымаем на больш доўгі тэрмін.

Я вярнуўся на трыбуну напрыканцы сустрэчы. Быў проста абураны! Столькі чакаў гэты матч, ехаў на аўтамабілі з Брэста, а потым трэба было ноччу вяртацца назад. Вырашыў, што аднаго абурэння мала, таму напісаў скаргу на імя начальніка РАУС горада Барысава. Але атрымаў фармальную адпіску, маўляў, ніякіх парушэнняў з боку супрацоўнікаў міліцыі не выяўлена. Потым звярнуўся ў пракуратуру і пайшоў далей па ўсіх інстанцыях.

– Што вас здзівіла больш за ўсё?

– Канешне, барысаўскі суд. Усе суды ў першую чаргу звяртаюць увагу на першыя паказанні сведкаў. Падчас міліцэйскай праверкі мне адказалі, што маё парушэнне было ў тым, што мой шалік быў чырвона-зялёным (ён бела-чырвона-белы), а на яго была нанесена «Пагоня». Гэта нібыта парушэнне заканадаўства аб нацыянальных сімвалах. Я казаў, што гэта не так, падрыхтаваў фотаздымкі. Але на судзе міліцыянты змянілі свае паказанні. Яны пачалі гаварыць, што ім на тэлефон патэліў нейкі абураны заўзятар, які сказаў: «У гэтага чалавека «Пагоня». Мы яе не любім, таму зараз зладзім тут масавыя беспарадкі!» Каб пазбегнуць гэтых беспарадкаў, мяне вывелі з трыбуны для прафілактычнай размовы.

Мяне гэта моцна здзівіла. Па-першае, людзі змянілі паказанні. Па-другое, чаму яны не знайшлі гэтага чалавека і нават не папярэдзілі яго. Але суд заняў пазіцыю Паўлаўца. Для мяне гэта было вельмі дзіўна. Тым больш у мяне ёсць дакумент па службовай праверцы ў міліцыі, якую фактычна сам на сабе праводзіў маёр Паўлавец. Вось як у нас адбываецца, а пасля ва ўсіх інстанцыях мне казалі, што парушэнняў не выяўлена.

– У вас шмат пытваюць: «Навошта ўсё гэта?»

– Гэта мая прынцыповая пазіцыя. Я ганаруся тым, што я беларус. «Пагоня» – сімвал, які нас усіх аб’ядноўвае. Я нават атэстат атрымаў з гэтым гербам, які выклікае толькі гонар. На мой погляд, дзяржава павінна падтрымліваць людзей, якія шануюць гісторыю. Я цалкам разумею, што праўда на маім баку. Я не рабіў нічога супрацьзаконнага. Наадварот, з іншай вобласці прыехаў падтрымаць беларускую каманду на міжнародным узроўні, а тут здарылася такое. Усе мае знаёмыя разумеюць маю пазіцыю.

– І апошняе, пасля таго матчу вы хадзілі на футбол з тым самым шалікам?

– Так, хадзіў. Нават прыязджаў з ім на футбол у Барысаў. У гэтым выпадку ўжо на ўваходзе сцюард адвёў мяне ў пакой міліцыі, дзе мне сказалі: «Ты нікуды не пройдзеш. Жадаеш глядзець футбол – здавай шалік у камеру захоўвання». Прыйшлося падпарадкавацца. Чамусьці мае праблемы з «Пагоняй» былі толькі ў Барысаве. У Брэсце і Мінску спакойна хадзіў з гэтым шалікам і на футбол, і на гандбол.

Фото: личный архив Сергея Бахуна

Другие посты блога

Все посты