Tribuna/Футбол/Блоги/Перетрем/Хлопец з «Тарпеда» забівае касмічныя галы ў чэмпіянаце Беларусі – распыталі, як у яго гэта атрымоўваецца

Хлопец з «Тарпеда» забівае касмічныя галы ў чэмпіянаце Беларусі – распыталі, як у яго гэта атрымоўваецца

Павел Кляннё не ўмее забіваць непрыгожа.

Блог — Перетрем
Автор — Влад Воронин
18 апреля 2019, 18:22
5
Хлопец з «Тарпеда» забівае касмічныя галы ў чэмпіянаце Беларусі – распыталі, як у яго гэта атрымоўваецца

Павел Кляннё робіць шоу.

У айчынных сацсетках часта смакуюць галы топавых еўрапейскіх каманд, але на родны чэмпіянат звяртаюць мала ўвагі. Хаця часам і ў нашым чэмпіянаце залятаюць галы ні чым не горшыя за тыя, што мы бачым у АПЛ.

У кар’еры 19-гадовага Паўла Кляннё – хлопец гуляе за мінскае «Тарпеда» і размаўляе выключна па-беларуску – не так шмат галоў і асістаў, але амаль кожнае яго выніковае дзеянне – шэдэўр. У нядзелю паўабаронца ўпершыню сыграў у гэтым сезоне – выйшаў на 85-й хвіліне і ў кампенсаваны час здабыў нічыю для каманды ў матчы з амбітным «Віцебскам». Гол атрымаўся шыкоўным. Як гэта атрымалася? Чаму амаль кожны мяч у яго выкананні змушае ахнуць? Гэта так шансуе ці ёсць яшчэ якія прычыны? Мы пра ўсё спыталі ў Кляннё – чытайце і глядзіце.

- Заўважаў, што ўсе твае галы атрымліваюцца вельмі прыгожымі?

– У першую чаргу пра гэта кажуць іншыя. Сам стараюся не надаваць гэтаму вялікага значэння. Мне здаецца, гол ёсць гол. Атрымліваецца прыгожа – ну і дзякуй Богу, хай так і далей будзе. Але многія казалі, што ў мяне нестандартны стыль гульні, магу забіць амаль з любой пазіцыі. Падкрэслю, не я так думаю, а мне пра гэта казалі: «Ты такі чалавек, можаш з нічога зрабіць гол». Напэўна, у гульні з «Віцебскам» як раз нешта падобнае і здарылася.

 

- Давай падрабязна. Што гэта наогул было – выпадковасць ці свядомы ўдар?

– Што датычыцца гульні з «Віцебскам», калі не памыляюся, на поле я з’явіўся за пяць хвілін да заканчэння матчу. Перад выхадам у галаве круцілася толькі адна думка: трэба забіць. Каманда саступала, а мне здавалася з боку, што футбол усё ж такі быў раўным. Трэнер паверыў у мяне, казаў, што хоць і выходжу на замену, у мяне абавязкова будзе момант: «Ты абавязаны забіць, павер, у цябе будзе такая магчымасць». Не выключаю, што ў нейкай ступені гэтыя словы дапамаглі мне паверыць у сябе. Многія футбалісты кажуць, што чатыры хвіліны – гэта мала. У маім выпадку гэтага аказалася нават шмат :).

- Мне здаецца, трэба мець адвагу на такі ўдар у кампенсаваны час. Далёка не кожны наважыцца на такое. Большасць, хутчэй, у падобнай сітуацыі шукала бы партнёраў.

– Так, згодзен, гэта быў не самы просты эпізод. Шчыра кажучы, стоячы спінай да брамы, толькі прыкладна разумеў, дзе яна знаходзіцца, размяшчэння брамніка таксама не бачыў. Як сёння памятаю гэты гол. Ігар Шумілаў у барацьбе выйграў мяч, я ўбачыў, як мяч адскоквае ад газона і больш нікога навокал – ні партнёраў, ні супернікаў. Хутчэй за ўсё, інстынктыўна развярнуўся і прабіў. Мяч трапіў у левы кут.

- Нейкія думкі перад ударам былі?

– Шчыра кажучы, калі ідзе дададзены час і твая каманда саступае, толькі і думаеш пра тое, як забіць. Можа быць, прабегла думка, што гэта той самы момант, калі трэба адважыцца на такі крок. Што калі не зараз, то потым будзе ўжо позна. Дзякуй Богу, атрымалася так, як атрымалася. Канешне, можна было паспрабаваць знайсці партнёра, адпасаваць назад або шукаць іншага працягу эпізода. Але я прыняў такое рашэнне. Вельмі складана трапіць па варотах з такога становішча, але атрымалася выдатна.

 

- Нявінскі казаў, што ў цябе будзе момант. Можа, ён прасіў біць з любых пазіцый?

– На кожную гульню Уладзімір Уладзіміравіч дае розную ўстаноўку. Не буду ўдавацца ў дэталі, усё ж такі гэта футбольныя моманты. Лічу, калі ёсць пазіцыя для ўдару, трэба заўсёды гэтым карыстацца і біць па варотах. Наўрад ці хто пахваліць цябе ці напiхае. Прабіў – значыць, прабіў. Калі трапіў, значыць, малайчына.

Устаноўкі біць з любой пазіцыі дакладна не было. Трэнер казаў, што момант будзе, і трэба ім карыстацца. Думаю, калі зноў вяртацца да моманту з голам «Віцебску», мне здаецца, зрабіў усё правільна. Вось разважаў на гэтую тэму і прыйшоў да высновы, што іншага працягу там і не было. Аддаць перадачу? Магчыма, але замест мяне прабіў бы іншы партнёр :). Так што калі зноў апынуся ў падобнай сітуацыі, без роздумаў праб’ю. Атрымліваецца, мне далі чатыры хвіліны – і, як аказалася, за гэты час можна шмат чаго зрабіць. У тым ліку праявіць сябе. З любога полумоманта можна зрабiць гол, хоць, як ты казаў раней, не кожны вырашыцца на такi ўдар. Напэўна, гэта інстынкт, можа быць, галявое чуццё. Не ведаю, як яшчэ сказаць.

- Манера гульні якіх нападнікаў табе блізкая? Ёсць тыя, у каго стараешся нешта пераймаць?

– Мяне ўражваюць Iкарды і Фалькао. Не раз чуў такое меркаванне, што калі гэтыя атакуючыя футбалісты прымаюць мяч у штрафной, то на 80-90 адсоткаў гэта гол. Хоць, магчыма, яны не самыя прыкметныя і яркія нападнікі, але мне імпануюць манерай гульні. Яны карыстаюцца любым шанцам і падарункам суперніка. Дарэчы, пасля гола «Віцебску» мне казалі, што Зідан забіваў падобны гол. І зараз мне таксама здаецца, што дзесьці раней натыкаўся на гэты гол.

- Такія ўдары адпрацоўваюцца на трэніроўках? Як наогул гэтаму навучыцца?

– Канешне, на трэніроўках мы адводзім нейкі час ударам, перадачам, навесам і завяршэнню. Думаю, у кожнай камандзе павінны быць людзі, якія ў складанай сітуацыі возьмуць адказнасць на сябе, нанясуць складаны, нечаканы ўдар і выратуюць каманду ад няўдалага выніку. І я не маю на ўвазе «Тарпеда», а кажу пра ўсе каманды. Зрэшты, не магу сказаць, што адпрацоўваў гэты ўдар – маўляў, кожны дзень трэніраваў. Мы трэніруем удары, штрафныя, прычым у вялікай колькасці. Напэўна, удар у мяне ёсць ад прыроды, дзякуй Богу за гэта.

- Які гол лічыш самым прыгожым у кар’еры?

– Вельмі падабаецца гол у Кубку «Смаргоні». Забіць ударам праз сябе ... Па-першае, гэта вельмі прыгожа. Па-другое, вельмі складана. Неабходна не толькі выскачыць, скласціся, падладзіцца пад мяч, але і трапіць па варотах. Спадзяюся, у далейшым працягну забіваць прыгожыя мячы.

- Але такі мяч не заб’еш без падрыхтоўкі. Адпрацоўваеш такія ўдары?

– Скажам так: партнёры ведаюць, што я магу завяршаць падачы з флангаў такімі ўдарамі. У маім першым тарпедаўскім сезоне на трэніроўках былі моманты, калі забіваў падобныя галы. Так што голу «Смаргоні» яны [партнёры] моцна не здзівіліся.

- Тады пытанне як эксперту: гол Раналду «Ювентусу» або Бэйла «Ліверпулю»?

– На самай справе вельмі складана выбраць :). Але, напэўна, аддам голас Раналду. Партугалец неверагодна выскачыў у тым матчы. Гэты скачок, яго вышыня – кажу як футбаліст – канешне, фантастыка. І я ўжо казаў, што гэта вельмі складаны прыём. Па-першае, як Раналду выскачыў. Па-другое, як выкруціўся і падстроіўся пад мяч. Дарэчы, на варотах стаяў не хто-небудзь, а сам Буффон. І, калі не памыляюся, ён наогул не адрэагаваў на ўдар. Толькі вачыма праводзіў мяч. Тым больш, у гэтага гола яшчэ вельмі высокая значнасць – чвэрцьфінал Лігі чэмпіёнаў.

- Які з двух галоў змог бы паўтарыць?

– У Лізе чэмпіёнаў :)?

- Для пачатку на трэніроўцы.

– Трэба падумаць... Разумееш, неабходна, каб футбольная сітуацыя склалася прыкладна гэтак жа. Мяркую, на трэніроўцы паўтару бiсiклету Раналду. Але вось у матчы, калі ідзе сапраўдная барацьба ў штрафной, калі побач з табою супернік, гэта зрабіць значна цяжэй. У прынцыпе, без супраціву такія ўдары лёгка паўтараюцца. Не так і складана, як можа падацца з першага погляду. Паўтаруся, абодва гэтыя ўдары – Раналду і Бэйла – можна выканаць. Мне здаецца, нешта падобнае забіваў на трэніроўках, ды і наогул многія футбалісты на гэта здольныя. Іншая справа афіцыйныя матчы. Адразу ўспамінаецца гол Балановіча. Мне вельмі спадабаўся гэты ўдар. Атрымліваецца, і ў нашым чэмпіянаце ёсць прыгожыя галы, якія не саступаюць еўрапейскім. Лічу, гэта вельмі крута.

- Так, зразумеў, што гол «Смаргоні» – самы прыгожы. А самы эмацыйны, напэўна, гол у вароты «Іслачы»?

– Не, па эмоцыях, адназначна, Брэсту. Хоць гэты гол і не быў нейкім незвычайным або прыгожым, затое першы ў вышэйшай лізе. Гол «Іслачы», хутчэй за ўсё, будзе на другім месцы па прыгажосці. Шчыра кажучы, не чакаў, што ў мяне атрымаецца трапіць па варотах. Нават не думаў пра гэта. Зноў, ведаў, што шанец будзе і трэба толькі прабіць. Усе сілы, якія меў, уклаў у гэты ўдар. Калі ўзгадваць той момант, то на секунду здалося, што мяч можа вылецець з варот ад перакладзіны ці штангі, але калі ўбачыў, што ён у сетцы, на эмоцыях пабег. Тым больш той матч вельмі цяжка склаўся для каманды, і я быў вельмі задаволены яго вынікам.

Глядзець з 30-й секунды

- У тым моманце мяч удала лёг на нагу?

– Распавяду адну гісторыю з гэтай нагоды. Ёсць трэнеры, якія расцілі мяне і вучылі ў дзяцінстве, а цяпер па-ранейшаму сочаць за мной. Пасля гэтага гола мне патэлефанаваў трэнер і кажа: «Бачыў, які гол ты забіў. Малайчына, як вучыў цябе, так усё і зрабіў. Адвёў каленку, адцягнуў насочак і даў у дальні кут. Добра, што навучыў цябе гэтаму». Канешне, мы пасмяяліся з ім, але такія ўдары цяжка спланаваць і падрыхтаваць. Ды і для брамнікаў такое не бярэцца. Падчас гульні не паспяваеш падумаць, куды і як лепш ударыць, а проста б’еш у бок брамы. Усё робіш машынальна, аўтаматычна. Тады, напрыклад, думаў, што б’ю ў правы кут, уніз. Але так адцягнуў насок, што мяч паляцеў па вышыні, пад самую перакладзіну.

- Брэсту ты забіў першы мяч у вышцы. Якія эмоцыі адчуваў?

– Гэта нешта неверагоднае. Вось ведаеш, калі не гуляў пры гледачах – а іх у той дзень прыйшло вельмі шмат на стадыён – забіць гол – гэта мара. Яшчэ памятаю, што было вельмі цёпла. Мы саступалі «Дынама», і я нават не думаў, што магу выйсці на поле. Сяргей Кабельскі паглядзеў на запас і кажа: «Кляннё, давай, рыхтуйся». Я пабег размінацца, выйшаў на поле. Калі не памыляюся, гэта зноў былі апошнія хвіліны, напэўна, такі ў мяне лёс [забіваць на прыканцы] :) І я, будучы самым маладым футбалістам, забіваю – гэта нешта неверагоднае. Тым больш «Дынама» – вельмі моцная каманда. Адразу такі некантраляваны ўсплеск эмоцый, далей пабег да трэнера. Гэтыя моманты назаўжды застануцца ў памяці.

- Ведаеш, што ў тым моманце мяч страціў Васілюк, і гэта яго апошні матч на прафесійным узроўні?

– Так :)? Не заўважыў. Насамрэч цікавая гісторыя, але ў тым эпізодзе мяч адабраў Рома Гаеў, а я падабраў яго і забіў. Разумею, да чаго вядзеш. Вельмі прыемна такое чуць.

- Свае галы ты даволі эмацыйна святкуеш.

– Вось за што мы любім футбол? За эмоцыі! Гэта такія эмоцыі, дзеля якіх хочацца гуляць у футбол, глядзець футбол. Зноў жа, калі ўзгадваць матчы на ​​вышэйшым узроўні, якія яны былі ... Напрыклад, гульня з «Віцебскам» – здавалася, што ўжо ўсё. І я пераглядаў матч і чуў, як каментатар у трансляцыі практычна аддаў тры ачкі «Віцебску», гаварыў: «Каманда ўтрымлівае лік, усё кантралюе ...» А тут раз і прапускае. Вось за гэта, мне здаецца, мы і любім футбол. Эмоцыі, якія дае футбол, ні з чым не параўнаць. Тым больш нашу каманду прыехалі падтрымаць фанаты. Не ведаю, можа, яшчэ малады, таму такі эмацыйны. Для мяне ўсе гэтыя моманты – як у першы раз. Можа быць, трэба ўжо спакайней рэагаваць. Заўважыў, што майку больш не здымаю :)? Таму можна казаць, што ўжо стаў сталым. 

- Трэнер выказваў прэтэнзію да цябе: навошта здымаць футболку і атрымліваць пасля гэтага картку?

– Калі памяць не падводзіць, хтосьці з партнёраў казаў пра гэта. А вось трэнер, наадварот, падтрымаў, але казаў, што можна так эмацыйна і не святкаваць, я ўсё ж такі не ў Лізе чэмпіёнаў забіў. Яшчэ хтосьці з партнёраў жартаваў, што мне трэба ў зале папрацаваць, пацягаць жалеза, а то нейкі кволы. Калі сур’ёзна, гэта жоўтая картка стала для мяне першай або другой, так што ні я, ні каманда не пацярпелі. У такіх гульнях усё адыходзіць на другі план. Таму што футбол, акрамя эмоцый, гэта яшчэ і вынік. Калі ёсць вынік, можна сабе дазволіць нешта выкінуць. Гэта надае дадатковы імпульс, каманда разумее, што здольная на многае. Гульцы з добрым настроем трэніруюцца ўвесь тыдзень. Тады ўсё добра.

- Акрамя класных галоў ты яшчэ і асыставаў партнёрам. Напрыклад, у гульні з «Дняпром» аддаў пяткай на Цыганкова. Калі шчыоа, гэта ўдача?

– Не, у тым эпізодзе нават прасцей было б прабіць, але Цыганкоў так эмацыйна крычаў у момант перадачы, што мне нічога не заставалася акрамя таго, як адыграцца з ім у сценку. Я ведаў, што ён будзе ў мяне за спінай – якія яшчэ былі варыянты даставіць мяч да яго? Толькі пяткай. На паўторы бачна, як у момант перадачы паварочваюся назад. Канешне, не быў  упэўнены на сто адсоткаў, што мяч дойдзе. Гэты гол здарыўся дзякуючы падказцы Цыганкова. І яшчэ, мне здаецца, абаронца не чакаў і выключыўся з эпізода.

 

- Самая незвычайная рэакцыя на твае галы?

– Хм, рэакцыя ... Не ведаю, многія пытаюцца, як я наогул гэта раблю. Хтосьці запытваецца:«Ты хоць вароты бачыў, калі біў?» Адказваю, што ведаў, дзе вароты, але больш нічога. Мне чамусьці ўзгадваецца рэакцыя на гол «Іслачы». На наступны дзень мы глядзелі камандай агляд гульні, а там я зняў майку і пабег да фанатаў. Уся каманда пачала смяяцца, ды і з боку гэта выглядала як мінімум незвычайна. Падчас гульні не кантралюеш эмоцыі, і пераглядаць потым вельмі смешна.

- Бачыў частку галоў, якія ты забіваў у дзяцінстве. Вельмі часта прымаеш неардынарныя рашэнні. Як трэнеры рэагуюць на гэта: просяць гуляць прасцей, ругаюць за крэатыў?

Першы гол – Кляннё

– Хутчэй за ўсё, дзіцячыя трэнеры спакайней на ўсе рэагуюць. Там [у дзяціцнстве] кошт памылкі значна меншы. Хоць і ў дзяцінстве, памятаю, казалі: «Гуляй прасцей, аддай пас, не трэба пяткай, ты рызыкуеш ...» Але мне здаецца, часам нестандартныя дзеянні проста неабходныя. Толькі так можна перавярнуць гульню. Быў яшчэ выпадак, калі ў таварыскай гульні за «Тарпеда» аддаў пяткай і мяч паляцеў у аўт. Дык вось трэнер крычаў, казаў, што не маю права так гуляць. Я страціў мяч, і наша каманда была вымушана адысці ў абарону.

У дзяцінстве, канешне, вучылі і казалі, як павінен гуляць. Але нават тады ўсё ведалі, што магу прабіць праз сябе, згуляць пяткай ці яшчэ неяк скрэатывіць. Раскажу адзін выпадак. Ці то «Трыбуна» вынесла наш гол «Дняпру», дзе я згуляў пяткай, ці яшчэ хто, але сутнасць не ў гэтым. У каментарыях бацька аднаго футбаліста, з якім мы гулялі па дзяцінстве, напісаў: «Ведаю гэтага хлопца вельмі даўно. Ён не толькі ўмее аддаваць пяткай, але і забіваць праз сябе». І вось прыкладна праз месяц-два забіваю «Смаргоні» як раз такі гол. Гэта значыць, ён ведаў, што я здольны на гэта. Канешне, такое вельмі прыемна чытаць. Тыя, хто трэніруюцца з табой, яны чакаюць ад цябе такіх дзеянняў, а вось супернікі – не заўсёды. Гэта дапамагае. З боку, напэўна, гэта вельмі прыгожа выглядае, але такія галы сапраўды цяжкія.

Відэа: АБФФ

Другие посты блога

Все посты