Tribuna/Футбол/Блоги/Звязда/«Ганарымся экіпіроўкай Салея. Спецыяльна пакінулі яе патрапанай». Што можна ўбачыць у музеі НАКа

«Ганарымся экіпіроўкай Салея. Спецыяльна пакінулі яе патрапанай». Што можна ўбачыць у музеі НАКа

Лыжа Кушніра, алімпійскі купальнік Чаркашынай і факел Мядзведзя – карэспандэнты «Звязды» наведалі музейную экспазіцыю ўзнагарод і асабістых рэчаў беларускiх спартсменаў.

Блог — Звязда
Автор — Звязда
3 апреля 2015, 20:10
2
«Ганарымся экіпіроўкай Салея. Спецыяльна пакінулі яе патрапанай». Што можна ўбачыць у музеі НАКа

Лыжа Кушніра, алімпійскі купальнік Чаркашынай і факел Мядзведзя – карэспандэнты «Звязды» наведалі музейную экспазіцыю ўзнагарод і асабістых рэчаў беларускiх спартсменаў.

Словы «спорт» і «музей» у нас не так часта ўжываюць разам. Спецыялізаваныя спартыўныя музеі ў Беларусі можна пералічыць па пальцах адной рукі. А таму стварэнне ў новым будынку НАК музейнай экспазіцыі, прысвечанай дасягненням нашых алімпійцаў, — справа, вартая ўвагі. Тым больш, як аказалася, ёсць тут на што паглядзець і пра каго паслухаць. Настасся МАРЫНІНА, дарадца НАК Беларусі, якая на гадзіну стала нашым гідам, кажа, што падобная ідэя ўзнікла перад будаўніцтвам. А першыя госці наведалі экспазіцыю яшчэ пазалетась.

Калі падымаемся на пяты паверх, трапляем у вялікую, прасторную залу пад высокім шкляным купалам. З буйных партрэтаў, размешчаных па перыметры, на наведнікаў паглядаюць дзясяткі нашых алімпійскіх чэмпіёнаў.

— Усяго 79 партрэтаў, — падказвае Настасся Марыніна. — 75 з іх — беларусы, якія выступалі ў складзе зборных СССР, СНД і незалежнай Беларусі. На чатырох астатніх фотаздымках выявы чэмпіёнаў, якія сёння маюць беларускае грамадзянства, аднак у савецкай зборнай прадстаўлялі другія рэспублікі.

На кожным партрэце пазначана колькасць залатых медалёў, заваяваных на Алімпіядах.

— У гэтым сэнсе легендарны гімнаст Віталь Шчэрба — наш мультымедаліст. На гульнях у Барселоне ён заваяваў 6 залатых медалёў. За адзін дзень спаборніцтваў здабыў 4 узнагароды! Гэта сапраўдны рэкорд.

Пад партрэтамі ўсталяваны прызматроны з фотахронікай удзелу нашых суайчыннікаў у Алімпіядах. Упершыню беларусы (у складзе зборнай СССР) трапілі на гульні ў 1952 годзе ў Хельсінкі. Мінчанін Анатоль Юлін тады паказаў найлепшы вынік сярод беларусаў і заняў 4-е месца ў бегу на 400 метраў з бар’ерамі. Праз чатыры гады наш суайчыннік упершыню ўзняўся на п’едэстал. Міхаіл Крываносаў, ураджэнец Крычава, так далёка кінуў молат, што апынуўся на другім месцы. Шкада, але і Юліна, і Крываносава ўжо з намі няма…

— Усе фотаздымкі ў гэтай галерэі — з архіваў НАК, — заўважае Марыніна. — За 20 гадоў працы супрацоўнікі сабралі вялікі фотазбор, які стаў асновай для кампазіцыі. Дадаткова амаль нічога не замаўлялі.

У гэтай круглай зале, акрамя экскурсій, ладзяць прэс-канферэнцыі, провады спартсменаў. Але праца па ўдасканаленні яшчэ не завершана. Тут таксама плануюць устанавіць мультымедыя, каб дзеці падчас экскурсій, напрыклад, маглі паспрабаваць сябе ў ролі спартсмена і пастраляць па электронных мішэнях.

* * *

Мы спускаемся паверхам ніжэй, і вочы літаральна разбягаюцца. Тут сапраўдная канцэнтрацыя алімпійскіх рарытэтаў: ад факелаў і талісманаў спаборніцтваў да медалёў і амуніцыі спартсменаў. Наш НАК, між іншым, стварылі ў 1991 годзе. А праз год упершыню з афіцыйным візітам Мінск наведаў Хуан Антоніа Самаранч, тагачасны прэзідэнт Міжнароднага алімпійскага камітэта. Наведваў нас і Жак Раге, яшчэ адзін былы кіраўнік МАК. Аб візіце гэтых вядомых спартыўных функцыянераў гасцям музея нагадвае вялікі вымпел з аўтографамі гасцей.

Але галоўная каштоўнасць экспазіцыі — безумоўна, узнагароды. А тут іх — процьма. Настасся Марыніна паказвае нам лаўровы вянок, якім на Алімпіядзе ў Афінах узнагароджвалі трыумфатараў. Ён належыць Юліі Несцярэнцы, чэмпіёнцы на «стаметроўцы». На другой вітрыне за шклом стаіць кубак Максіма Мірнага за перамогу ў турніры ў Монтэ-Карла, ляжыць мяч з яго подпісам. Непадалёк знаходзіцца адзін з самых унікальных і важкіх экспанатаў — прыз Джэсі Оўэнса, які за найбольшую колькасць залатых медалёў на адной Алімпіядзе атрымаў Віталь Шчэрба. Важыць такі прыз каля 40 кілаграмаў. Дзесяць гадоў таму Віталь перадаў гэты трафей Музею алімпійскай славы.

— А вось гэта — факел, якім у 1980 годзе Аляксандр Мядзведзь у Мінску на стадыёне «Дынама» запаліў алімпійскі агонь, — паказваюць нам яшчэ адзін стэнд экспазіцыі. — У свеце падобных толькі 6 экзэмпляраў. Аляксандру Васільевічу яго нават прапаноўвалі прадаць за вялікія грошы, аднак ён адмовіўся. Вырашыў, што факел павінен захоўвацца ў Беларусі. Мы яму вельмі ўдзячныя. Напэўна, не ўсе ведаюць, але гульні-1980 праходзілі і ў Беларусі. Тады наша сталіца прымала шэраг матчаў групавой стадыі спаборніцтваў па футболе і адзін чвэрцьфінал.

Непадалёк стаяць чырвона-белыя «мяталкі», спецыяльны спартыўны абутак, у якім Аксана Мянькова заваявала залатую ўзнагароду ў Пекіне.

Гімнастка Любоў Чаркашына перадала ў фонд алімпійскі купальнік. Падобная рэч са спартыўнага гардэроба «мастачак» важыць ад 2 да 2,5 кілаграма! Тэма асабістых рэчаў працягваецца і ў раздзеле, прысвечаным зімнім відам спорту. Ёсць тут і жоўтая майка лідара Кубка свету, у якой калісьці выходзіла на дыстанцыю славутая беларуская біятланістка Святлана Парамыгіна, сярэбраная прызёрка Лілехамера. Дарэчы, Святланай тэма страляючых лыжнікаў не абмяжоўваецца. У калекцыі прысутнічаюць узнагароды Сяргея Булыгіна, алімпійскага чэмпіёна Сараева, Дар’і Домрачавай, для якой тут плануюць падрыхтаваць асобны стэнд.

Акрамя медалёў з этапаў Кубка свету, фрыстайліст Антон Кушнір прадаставіў нават адну з лыж, у якіх выконваў свой залаты скачок.

— Мы ганарымся тым, што ў нашай экспазіцыі ёсць і экіпіроўка хакеіста Руслана Салея. Ён на трох Алімпіядах быў капітанам хакейнай зборнай. Майку перадала Федэрацыя хакея, а ўсё астатняе — сям’я спартсмена. Шчыра кажучы, мы нават не сціралі і не прасавалі экіпіроўку. Спецыяльна пакінулі яе патрапанай. Выглядае кранальна.

— Дарэчы, а як часта ваш фонд папаўняецца экспанатамі?

— Даволі часта, — прызнаецца Настасся Марыніна. — Вось сёння яго папоўнілі сувеніры першых Еўрапейскіх гульняў, якія сёлета прыме Баку. Час ад часу мы змяняем экспазіцыю. Нешта нават перастаўляем, каб больш поўна выставіць экспанаты.

— А талісманы гульняў як трапляюць да вас?

— Прывозяць спартсмены. Дзеці іх вельмі любяць, бо выглядаюць яны пацешна. Ёсць у нас нават экспанат з Алімпіяды ў Мюнхене, якому ўжо 43 гады (такса па мянушцы Вальдзі. — Аўт). Нам яго перадала Антаніна Кошаль.

— Ці ўсе спартсмены ідуць насустрач?

— Нам яшчэ ніхто катэгарычна не адмаўляў. Усе перадаюць прызы з задавальненнем. Нашай экспазіцыі ўсяго паўтара года, а экспанатаў, як бачыце, тут багата.

Прысутнічаюць у экспазіцыі нават спартыўныя маркі нашай «Белпошты».

— І яны карыстаюцца попытам сярод замежных калекцыянераў, — заўважае суразмоўца. — Да нас нядаўна прыязджаў Свен Арнэ Хансан, прэзідэнт нарвежскай федэрацыі лёгкай атлетыкі, даволі вопытны філатэліст. Ён вельмі зацікавіўся нашай экспазіцыяй, і мы на памяць аб нашай краіне падрыхтавалі яму спецыяльны набор беларускіх марак.

— Дарэчы, а ці прыходзяць сюды балельшчыкі?

— Мы не праводзім экскурсіі для асобных грамадзян. Толькі для груп. А таму, калі балельшчыкі збяруцца групай, зробяць заяўку, мы з задавальненнем з імі паразмаўляем. Будзе вельмі карысна, калі нашы грамадзяне будуць больш ведаць пра алімпійскі рух і спартыўныя дасягненні. Да таго ж у нас усё бясплатна.

Цікава, што асабістыя рэчы, медалі, узнагароды не належаць штаб-кватэры. Яны — уласнасць спартсменаў, якія пры жаданні ў любы момант могуць іх забраць. А таму, калі будзе магчымасць, прыходзьце, фатаграфуйцеся, пытайцеся. Час дарма тут дакладна не пройдзе.

Фота: Надзеі БУЖАН.

Другие посты блога

Все посты