Валерый Макарэвіч: «У Мінску больш зрусіфікаваных людзей, а ў Гродне і Лідзе на вуліцах часцей можна пачуць беларускую гаворку»

Брамнік зборнай Беларусі па пляжным футболе Валерый Макарэвіч распавёў пра адрозненні паміж расейцамі і беларусамі.

— Масква — гэта ваш горад? Ці засталіся б там жыць?

— Не. Буйныя памеры гэтага горада мне не падабаюцца. Мінск таксама не маленькі, але тут больш прасторы. Ну, і мне хацелася б быць карысным у сваёй краіне. Тых, хто змагаецца за беларушчыну, не так шмат. Я не ведаю, як складзецца маё жыццё, але буду рабіць усё дзеля таго, каб мы не згубілі нашыя гістарычныя каштоўнасці. У першую чаргу — мову.

Ментальна гэта таксама не мой горад. Я за тое, каб мы жылі ў міры і згодзе, але так гістарычна склалася, яшчэ з часоў ВКЛ, што мы былі супернікамі, і я, паўтаруся, хачу жыць у сваёй краіне.

— Людзі з савецкім светапоглядам вам бы запярэчылі наконт супернікаў.

— Розніца паміж нашымі народамі дакладна ёсць. Зразумела, што за столькі гадоў савецкага падняволення быў зроблены сур’ёзны прарасійскі уплыў на беларусаў. Але я гадаваўся крыху ў іншым асяродку — у Заходняй Беларусі: Лідскі раён, вёска Мейры каля Ваверкі. Бабуля калі і размаўляла са мной на трасянцы, дык на польска-беларускай, а не на руска-беларускай. Чуць польскую мову для мяне было натуральна, і я яе добра разумею. Гэтая заходнебеларускасць сапраўды адчуваецца.

Прывяду прыклад. Адзін вельмі вядомы беларускі футбаліст некалькі гадоў таму гуляў за гродзенскі «Нёман». І ён, калі аднойчы вярнуўся ў Мінск, мне казаў: «Ды там ужо не беларусы — там палякі!» Адказаў яму: «Гэта не палякі, а сапраўдныя беларусы! І размаўляюць яны па-беларуску». Проста ў Мінску больш зрусіфікаваных людзей, а ў Гродне і Лідзе на вуліцах часцей можна пачуць беларускую гаворку.

— Як вас, такога беларускага патрыёта, рускія ўспрымалі?

— Нармальна. Безумоўна, былі такія, хто звяртаўся: «Мы ваявалі разам! І выраслі разам на бульбе і сале!», але такіх бачыў няшмат, і спрачацца з імі не хацеў. Больш хітрыя казалі: «Усё роўна вы будзеце інтэграваныя ў Расію. Іншых шляхоў няма». Але амаль усе, з кім я кантактаваў, разумелі, што мы розныя народы. Проста так склалася, што беларусы добра валодаюць рускай мовай і ведаюць культуру гэтай краіны.

Дарэчы, многія беларускія і расійскія гарады раздзяляюць паміж сабой тысячы кіламетраў, а мы і дагэтуль жывём супольнай культурай. Відаць, што ў Савецкім Саюзе русіфікацыяй займаліся сапраўдныя майстры, – сказаў Макарэвіч.

Комментарии

  • По дате
  • Лучшие
  • Актуальные
  • Друзья