Все новости

Сяргей Кайко: «Да свайго заслужаннага дна мы ішлі шмат гадоў. Кола замкнулася два гады таму, калі вырашылі ўкараніць у футболе новую мадэль кіравання — з галоўным цэнтрам сілы пад дахам Міністэрства спорту»

3 мая 2021, 14:59
2

Былы галоўны рэдактар «Прэсбола» Сяргей Кайко падзяліўся меркаваннем аб стане беларускага футбола.

«Як доўга я цябе шукала…» — казала гераіня фільма пра Маскву, якая не верыць слязам. Як доўга беларускі футбол шукаў сваё дно — зараз кажуць ці не хорам спартыўныя аналітыкі, корпаючыся ў прычынна-выніковых сувязях. Доўга ці коратка, але хто шукае, той заўсёды знойдзе.

Да свайго заслужаннага дна мы ішлі шмат гадоў. Калі бяздушна развальвалі дзіцяча-юнацкі футбол. Калі зацята выбудоўвалі нейкую недасяжную, як кінгаўская Цёмная Вежа, піраміду — дзе развіццё тыпу ідзе ад нізоў і да вяршыні. Калі раздувалі да 16 каманд вышэйшую лігу, заплюшчваючы вочы на тое, што першай і другой лігам тых каманд крытычна бракуе. Калі бязглузда марнавалі дзяржаўныя грошы, выдаючы іх на заробкі (у «сытыя» гады, кажуць старажылы, 5000 долараў у месяц давалі нават у заштатным Бабруйску). Калі тузалі нацыянальную зборную пастаянным патрабаваннем выходзіць на топ-турніры, хаця ніякіх перадумоў для гэтага не прагледжвалася нават скрозь цэйсаўскую оптыку.

Кола замкнулася два гады таму, калі, у дадатак да ўсіх праблем, вырашылі ўкараніць у футболе яшчэ і фактычна новую мадэль кіравання — з галоўным цэнтрам сілы пад дахам Міністэрства спорту. Раней Беларуская футбольная федэрацыя валодала хоць якой самастойнасцю — так, хісталася, спатыкалася, але гэта былі яе хістанні і спатыканні. У офісе БФФ захоўваліся хоть нейкія плюралізм і калегіяльнасць, а наверсе ўмелі чуць галасы знізу і ўспрымаць ініцыятывы прафесіяналаў. Аднак паступова тыя практыкі сышлі ў шрэдар. Ім на змену спушчана адміністрацыйна-камандная мадэль, дзе ёсць толькі адзін пункт гледжання — і ён заўсёды правільны.

Цяпер, калі ў футбольным цэху пачынаюць сваволіць, — ім могуць намякнуць на скарачэнне бюджэтнай падтрымкі. Калі прымаюцца рашэнні па легіянерскім ліміце ці забароне замежных трэніровачных збораў, то лепш прамаўчаць, чым запярэчыць. Калі ў вышэйшай лізе ўводзяць квоты на маладых гульцоў, то адзінае, што застаецца, — падпарадкавацца. Начальнік сказаў — падначалены выканаў» – напісаў Кайко ў газеце «Новы час».

Газета «Новы час» падпісала на сябе 374 палітвязьняў. Гэта адзіная незалежная грамадзка-палітычная газэта, якая пакуль што трапляе за краты. Цяпер «Новы час» распаўсюджваецца толькі па падпісцы: ад 1 лютага газэта не прадаецца ў шапіках «Белсаюздруку». Рэдакцыя просіць падтрымаць «Новы час» і аформіць падпіску для сябе, знаёмых або палітвязьняў.