Все новости

Жонка капітана Урада, прысуджанага да 18 гадоў зняволення: «Чым муж цікавіўся, акрамя працы? Хобі — рыба і футбол. Глядзеў матчы пастаянна»

18 мая 2021, 10:02

Спецсувязіста Генштаба Дзяніса Урада прысудзілі да 18 гадоў пазбаўлення волі. Два месяцы таму Урад сфатаграфаваў ліст міністра ўнутраных спраў міністру абароны і «адправіў польскаму тэлеграм-каналу». Жонка Дзяніса Ірына расказала пра затрыманне мужа, рэакцыю на прысуд.

- Раскажыце як і калі гэта ўсё пачалося. Калі Дзяніса затрымалі?

– Гэта было ў панядзелак, 15 сакавіка. Ён быў на выходным пасля дзяжурстваў. Дзяніса выклікалі на працу. Ён паехаў — і знік.

Ён знік. Я пачала перажываць, а ўначы да нас прыйшлі з ператрусам — і я ўсё зразумела. І калі я ўжо адчыніла сілавікам дзверы, Дзяніс мне пазваніў — яму дазволілі. Ён сказаў: «Іра, мяне затрымалі, пакажы там ім усё».

Прыйшлі з ператрусам недзе ў палову на другую ночы. Сын спаў у іншым пакоі. Але ператрус правялі карэктна, намагаліся ўсё рабіць ціха. Дзіця ў выніку нават не прачнулася, на шчасце. 

Забралі ўсю тэхніку, нават мой працоўны ноўтбук, тэлефоны.

- А вы ведалі, за што менавіта затрыманы Дзяніс? Ведалі, што ён адправіў у тэлеграм-канал той дакумент?

– Так, ведала. Я калі ўбачыла тую публікацыю ў тэлеграм-канале, то спытала ў Дзяніса, ці бачыў яе ён. Кажу, глядзі, што пра вас пішуць. Ён кажа: так, гэта я. Я спачатку не ўспрыняла гэта ўсё вельмі сур’ёзна. Нават пасля затрымання Дзяніса і ператрусу я яшчэ думала, што, магчыма, мужу нейкі штраф дадуць і ўсё. 

Але ж калі на наступны дзень мяне запрасілі у КДБ, там сказалі, што Дзяніс будзе сядзець доўга.

- А як вылічылі, што гэта зрабіў Дзяніс?

– Такіх падрабязнасцяў я не ведаю. Але, думаю, што ён прызнаўся сам.

- Дзяніс казаў вам, чаму зрабіў тое, што зрабіў?

– Ён быў за народ — вось што сказаў.

- Чым Дзяніс цікавіўся, акрамя працы?

– Хобі — рыба і футбол. Глядзеў матчы пастаянна, вельмі часта ездзіў з бацькам на рыбу, асабліва любіў узімку. У яго вельмі добрыя стасункі з бацькамі — і са сваімі, і з маімі, – сказала Ірына.