Все новости

Вайцяховіч – пра падпрацоўку ў шведскай школе: «У Беларусі настаўніка лічаць нечым недасягальным, кімсьці, хто стаіць вышэй за цябе, тут жа да людзей ставяцца больш адкрыта»

29 мая 2022, 10:36

Беларускі брамнік «Вернаму» Філіп Вайцяховіч у інтэрв’ю «Нашай Ніве» распавёў пра падпрацоўку настаўнікам у шведскай школе.

– Выкладаеце фізкультуру?

– Не, біялогію, хімію, фізіку і матэматыку. Першыя тры — адзін прадмет у шведскіх школах, прыродазнаўчыя навукі.

– Вам не трэба для гэтага ніякай педагагічнай адукацыі?

– Канечне, трэба, я цяпер гэтым займаюся. Хаця можна і без адукацыі, як я і працую цяпер, але ў мяне ў кантракце пазначана, што я замяняю пастаяннага настаўніка. Гэта толькі фармулёўка, бо я працую як звычайны настаўнік, але мне не могуць даць поўную стаўку.

– Як шведскія ўспрымаюць выкладчыка з Беларусі?

– Яны, мне здаецца, асабліва пра гэта не думаюць, можа, гэта мяне больш хвалююць пытанні нацыянальнасці. Дзецям, напэўна, ўсё роўна, адкуль ты, калі ты настаўнік, яны будуць цябе паважаць.

– Слухаюцца вас?

– Швецыя і паслухмянасць — гэта розныя рэчы, хутчэй, яны дэманструюць павагу і прыняцце. 

Але вельмі нязвыкла чуць пра паслухмянасць у дачыненні да шведскіх дзяцей. Гэта ў Беларусі настаўніка лічаць нечым недасягальным, кімсьці, хто стаіць вышэй за цябе, тут жа да людзей ставяцца больш адкрыта.

– Наколькі ведаю, у шведскіх спартовых школах яшчэ і не падтрымліваецца ідэя чакаць ад дзіцяці спартовых вынікаў. Сутыкаліся з такім?

– Так, а навошта патрэбны вынік? Гэта ж дзіця, яму трэба паляпшаць свае якасці, развівацца.

Дзеля чаго патрабаваць ад дзіцяці вынік, каб стаць такім, як я? Ад нас патрабавалі вынікі ў дзіцячым футболе, і цяпер я вельмі адрозніваюся ад шведскіх спартсменаў па менталітэце. Навошта ставіць сябе ў рамкі? Няхай дзеці атрымліваюць задавальненне, пакуль яны яшчэ дзеці, і трэніруюцца.

Сотні шведскіх футбалістаў цяпер гуляюць у еўрапейскіх клубах, у добрых чэмпіянатах і камандах. А ў краінах СНД ад дзяцей патрабуюць вынікі, і колькі беларусаў ці рускіх граюць у Еўропе? Нашмат менш, – расказаў Вайцяховіч.