Все новости

Журналіст Карней пра пахаванне Тасмана: «Практычна ўвесь зорны склад «Прессбола», героі артыкулаў са спорту, адданыя чытачы. Нікога толькі ад дзяржаўных інстытуцый»

27 июня 2022, 23:46

Беларускі журналіст Ігар Карней у сваім Фэйсбуке напісаў пост, у якім ушанаваў памяць i апiсаў пахаванне спартыўнага журналiста Барыса Тасмана, якi памёр 25 чэрвеня, маючы анкалагiчнае захворванне.

– Нягледзячы на вядомыя форс-мажоры з маштабнай вымушанай эвакуацыяй ды фактычнай забаронай на прафесію, людзей [на пахаваннi] сабралася шмат: родныя, блізкія, сябры – практычна ўвесь зорны склад «Прессбола» на чале з Уладзімiрам Беражковым: Сяргей Новікаў, Валодзя Багданаў, Сяргей Шчурко, Сяргей Вярсоцкі, Коля Карповіч, Юрый Доўнар, Цімафей Зіноўеў, кагосьці проста не ідэнтыфікаваў. Пра досыць «саманадзейнае ўварванне» Тасмана ў зусім неспартовую «Беларусскую деловую газету» згадала Святлана Калінкіна, тую ж эпоху прысутнасна акрэсліў Сяргей Шапран.

Тут жа героі артыкулаў са свету спорту і адданыя чытачы, якія ведалі Барыса Рафаілавіча нават не асабіста, збольшага па шматлікіх публікацыях. Нікога толькі ад дзяржаўных інстытуцый, хоць тое ж Мінспорту магло сціплым кошыкам з кветкамі і адзначыцца. Але час трывожны, наверсе могуць не так зразумець.

Бадай, самай нечаканай жалобнай групай аказаліся пасталелыя вучні ў бытнасць Тасмана школьным выкладчыкам геаграфіі. Пасьля выпуску мінула 30-40 гадоў, а да сёння ўдзячныя любімаму настаўніку за пасеянае разумнае і вечнае.

Маральна састарэлая фармакалогія, якая рэгулярна ганьбіць беларусаў допінгавымі скандаламі; неапраўданае засілле цэлых дысцыплін натуралізаванымі «гастарбайтэрамі», якія едуць толькі зарабляць; прызначэнне ў фэдэрацыі чыноўнікаў, якія не разумеюць нюансаў справы; тупіковае бюджэтнае фінасаванне футбольных клубаў, якое ставіць крыж на канкурэнцыі, і гэтак далей. Як сказаў у развітальнай прамове Беражкоў, усё гэта Тасман выкладаў надзвычай даходліва, «настаўніцкай мовай». Таму розначытанняў быць не магло апрыёры. І шмат каго гэтая праўда вельмі чапляла, паколькі агаляла рэальныя пралікі прафанаў і дылетантаў.

Магчыма, асобным пакрыўджаным сыход з арбіты паслядоўнага крытыка хібаў і ў спорце, і ў астатніх сумежных сферах стане палёгкай. Але страта такога штыка непазбежна адаб’ецца на ўсёй галіне, якая і без таго ўпэўнена пагружаецца ў багну дылетанства і непрафесіяналізму. Сапраўды той выпадак, калі вакантную пазыцыю няма кім асабліва і закрыць, – напісаў Карней.