Все новости

Букін аб беларускай спартовай гімнастыцы: «Яна ў нашай краіне ўжо даўно памірала, але зараз з ёй канчаткова ўсё, і я не маю жадання размаўляць з людзьмі, якія яе забілі»

30 июля 2022, 17:07

Былы беларускі гімнаст і артыст цырка «Дзю Салей» Сямён Букін у размове з «Нашай Нівай» распавёў ці стасуецца ён з кімсьці з былых калег па беларускай гімнастыцы, а таксама пра сваю працу з Беларускім фондам спартовай салідарнасці.

– Ты на сувязі з былымі калегамі?

– З калегамі па цырку — так, па спартовай гімнастыцы — не. Як пачалася вайна, я звярнуўся да Беларускай асацыяцыі гімнастыкі. Мы з імі ведаем адно аднаго, бо я ж працаваў кіраўніком мужчынскай зборнай па спартовай гімнастыцы. І вось я напісаў чалавеку з кіраўніцтва асацыяцыі, з якім у мяне раней былі вельмі добрыя адносіны і які не падтрымлівае паслявыбарчы гвалт у Беларусі, прапанаваў яму казаць мне, калі нешта важнае будзе адбывацца з нашай гімнастыкай. Але я ж у Фондзе спартовай салідарнасці, таму, напэўна, ён пабаяўся мне нешта пісаць.

Ведаю, што адбылося са школай «Кольцы славы», дзе я некалі трэніраваўся. Ёй кіравалі прафсаюзы, а потым яна перайшла да Мінгарвыканкама, там шмат часу не было дырэктара. Здаецца, там павінна прайсці рэканструкцыя. Даведаўся, што нядаўна школу зачынілі на тры месяцы, адправілі частку трэнераў у адпачынак за свой кошт. Астатніх накіравалі працаваць у маленькую залу, дзе нават няма мужчынскіх снарадаў для гімнастыкі.

Вось так яны развіваюць спартовую гімнастыку. Яна ў нашай краіне ўжо даўно памірала, але зараз з ёй канчаткова ўсё. Гэта крыўдна, і я не маю ніякага жадання размаўляць з людзьмі, якія забілі нашу гімнастыку.

– Ты шмат супрацоўнічаў з Фондам спартовай салідарнасці, удзельнічаў у замежных акцыях салідарнасці з Беларуссю. Зараз працягваеш змагацца?

– Працягваю змагацца за Беларусь, я веру ў перамогу. Па-першае, адкрыта выказваюся ў сацсетках і шмат што падтрымліваю інфармацыйна, а другая частка маёй барацьбы — наш Фонд спартовай салідарнасці. Цяпер мы працуем над падпісаннем Антываеннай дэкларацыі спартсмена. Паколькі я сам гімнаст, я пішу гімнастам і прапаную ім падпісаць дэкларацыю.

Гэты дакумент — прыклад таго, як спартсмены маглі б дэманстраваць сваё стаўленне да вайны. У будучыні было б добра, калі б падпісантаў дэкларацыі праз гэта маглі вызваляць ад забароны на міжнародныя турніры, пад якой цяпер большасць расійскіх і беларускіх спартсменаў.

Як беларусы і рускія могуць спаборнічаць ці неяк яшчэ сябе прадстаўляць на міжнародным узроўні, калі тыя ж украінцы гэтага пазбаўленыя? Усю спартовую і не толькі інфраструктуру ў іх разбамбілі, разбураюць усё, звязанае з культурай — гэта знішчэнне народа! І якія могуць быць спаборніцтвы з удзелам беларусаў і рускіх, калі яны спрыяюць гэтаму?

Што да гімнастаў, у асноўным дэкларацыю падпісваюць украінцы, ёсць яшчэ пара беларусаў, якія цяпер за мяжой. Пісаў гімнастам з іншых краін, у тым ліку брытанскаму алімпійскаму чэмпіёну, украінскаму алімпійскаму чэмпіёну Алегу Вярняеву, але яны мне чамусьці не адказалі. Думаў пра тое, каб выйсці на Івана Іванкова. Пра [Віталя] Шчэрбу казаць не буду, бо ўвогуле не лічу яго беларусам, хутчэй, амерыканцам. Ён не жыве ні ў Беларусі, ні Беларуссю.

Шчэрба дэманструе абыякавую пазіцыю, маўляў, «мая хата з краю», а так нельга ставіцца да свайго народа. Вось яго матуля — малайчына, яна адразу дакладна сказала: «Лукашэнка — гэта мой бог», – сказаў Букін.