Все новости

Намеснік дырэктара «Віцязя»: «Будзе вельмі цікава назіраць за тым, як наша моладзь будзе прагрэсаваць»

3 октября 2018, 20:08

Намеснік дырэктара «Віцязя» Сяргей Свіркоў падзяліўся сваімі чаканнямі ад новага сезона і звярнуўся да беларускіх аматараў гандбола.

«Для нашага клуба гэта будзе вельмі цікавы і насычаны сезон. Перш за ўсё, гэта звязана з тым, што каманда трошкі амаладзілася. І будзе вельмі цікава назіраць за тым, як наша моладзь будзе прагрэсаваць.

На сённяшні дзень я б абазначыў стан «Віцязя» як «цеста». Бо, калі кухар бярэ ў рукі кавалак цеста і пачынае над ім чараваць, у выніку мы атрымліваем асалоду ад сапраўдных кулінарных шэдэўраў. Так і наш дуэт у складзе спартыўнага дырэктара Андрэя Барвіюка і трэнера Канстанціна Якаўлева на сённяшні дзень трымаюць у сваіх руках кавалачак «цеста». І пачынаюць з ім працаваць, і робяць гэта добра.

Чаканні ад сезону вельмі сур’ёзныя. Калі браць адміністрацыйныя аспекты, то асноўная задача – гэта выбудаваць паўнавартасную структуру клуба з эфектыўна працуючым мэнэджментам. Што датычыцца спартыўных задач, то ўнутры свайго калектыву мы, безумоўна, абгаварылі турнірныя задачы. Але на сённяшні дзень самае важнае, гэта пастаянны і паступовы прагрэс: як індывідуальна кожнага гульца, так і каманды ў цэлым. Прыгожая камандная гульня, ад якой будуць перапаўняць эмоцыі. Гульня без эмоцый нікому не патрэбна.

Мы гуляем у першую чаргу для заўзятараў. І нам вельмі важна бачыць іх на трыбунах, адчуваць іх падтрымку. Вы не ўяўляеце наколькі гэта крута, калі пасля выдатна згулянай камбінацыі нашым гульцам пачынаюць пляскаць у далоні і гучна крычаць «малайцы». Магу сабе ўявіць які драйв ад гэтага атрымліваюць гандбалісты.

Я запрашаю ўсіх аматараў гандбола: прыходзьце на нашы гульні! Гэта магічная гульня! Гульня, у якой дынаміка на пляцоўцы перадаецца ўсім тым, хто знаходзіцца на трыбуне і ахоплівае сваей напругай да фінальнай сірэны», – сказаў Свіркоў.