Все новости

Канстанцін Якаўлеў: «Мне б хацелася зрабіць ва Украіне каманду па мадэлі нашага гандбольнага клуба «Віцязь», гэтакі беларускі гандбольны астравок тут»

8 августа 2021, 09:40
3

Галоўны трэнер гандбольнага клуба «Віцязь», майстар спорту, шматразовы чэмпіён і ўладальнік Кубка Беларусі Канстанцін Якаўлеў распавёў пра змены, якія з ім адбыліся.

«За апошні год я сам нібыта знайшоў у сабе іншага чалавека. Я называю яго лепшай версіяй сябе. Калі ты вечна ў зоне камфорту, то разважаеш так: навошта нешта мяняць, разбірацца? А калі перад табой зачыняюцца ўсе дзверы, ты трапляеш у складаныя, стрэсавыя ўмовы, ты нечакана праяўляеш сябе па-новаму. Пакуль у мяне ідзе перыяд адаптацыі пасля пераезду: наладжванне сувязяў, кантактаў. Але мне б хацелася зрабіць ва Украіне каманду па мадэлі нашага гандбольнага клуба «Віцязь», гэтакі беларускі гандбольны астравок тут.

Дагэтуль згадваю, які вялізны боль мне прынесла смерць Рамана Бандарэнкі. Былі і другія смерці ў Беларусі, але чамусьці менавіта гэтую я перажываў так, быццам гэта быў родны мне чалавек. Да слёз. Я яшчэ тады захварэў на каранавірус, так што мне было максімальна дрэнна. Гэта моцная страта і паказальны момант бязмежжа людзей, якія былі ў гэтым замешаныя. Асабліва прыкра, што яны мелі дачыненне да спартовай супольнасці.

Увогуле, як і ў любога беларуса, мой настрой даўно скача, як на тым малюнку з кардыяграмай. Спачатку пачытаеш навіны пра Сцяпана Латыпава ці новыя арышты, і настрой робіцца амаль дэпрэсіўным. А пасля МАК пазбаўляе акрэдытацыі двух трэнераў зборнай Беларусі, якія ціснулі на Крысціну Ціманоўскую — настрой ідзе ў гару. Хочацца кожную раніцу пачынаць з такіх навін. Тым больш, гэта ў тым ліку вынік працы Фонда спартыўнай салідарнасці і Свабоднага аб’яднання спартсменаў. Такія перамогі даюць імпульс рухацца наперад. Мы будзем і далей дапамагаць усім сумленным спартсменам, не пакінем іх у адзіноце.

Пакуль мы яшчэ не прачнуліся ў новай Беларусі. Лыжка дзёгцю, што нават тыя, хто першапачаткова выступаў супраць гвалту, спужаліся — і вось ужо яны просяць прыбраць іх подпісы ў адкрытым лісце з патрабаваннямі да ўлады, знікаюць іх шчырыя пасты з сацсетак. Такія вось мы, беларусы… Але я веру, што яшчэ адбудзецца нейкая падзея-выбух, і мы знойдзем сілы, каб больш упарта адстойваць свае правы і свабоду. Да канца. Я жыву гэтай надзеяй», – сказаў Якаўлеў.