Все новости

Апейкін пра зварот спартоўцаў да беларусскіх вайскоўцаў: «Калі нават 1% зменіць сваё стаўленне ці прыме сур’ёзнае рашэнне – гэта вельмі сур’ёзны вынік»

21 октября 2022, 10:50

Выканаўчы дырэктар Беларускага фонду спартовай салідарнасці Аляксандр Апейкін у інтэрв’ю YouTube-каналу «ЧестнОК» пракаментаваў зварот спартоўцаў да беларускіх вайскоўцаў, распавёўшы, як прыйшла ідэя і чаму зварот з’явіўся менавіта зараз.

– Чаму менавіта зараз з’явіўся зварот?

– Бо менавіта зараз ствараецца ўражанне, што ёсць вельмі высокая пагроза ўцягвання Беларусі ў вайну. Ёсць адчуванне, што Беларусь можа рэальна ўступіць у такую гістарычную ганьбу. Гэты зварот ад спартоўцаў – магчымасць дагрукацца, нарэшце, да беларускіх вайскоўцаў, каб яны не нарабілі гістарычных памылак, бо яны пакінуць вельмі сур’ёзны адбітак на цэлыя пакаленні наперад.

То бок, беларусы потым будуць на некалькі пакаленняў несці ганьбу краіны, якая ўступіла ў злачынную вайну.

– Наколькі ты верыш, што гэты зварот ад спартоўцаў можа неяк паўплываць на тых асобаў у пагонах, якія прымаюць рашэнне?

– Справа ў тым што мы павінны рабіць рэчы, якія ўплываюць пакрыху. І мы выдатна разумеем, што, магчыма, гэтым зваротам мы да ўсіх не дагрукаемся, але калі нават 1% людзей зменіць сваё стаўленне ці прыме нейкае сур’ёзнае рашэнне – гэта будзе вельмі сур’ёзны вынік.

Мы лічым, што ўсе мы павінны рабіць такую працу: таксама рабіць звароты да сваіх блізкіх, рабіць звароты да тых людзей, якіх яны ведаюць, бо наша галоўная задача зараз – гэта ўтрымаць Беларусь ад уступлення ў вайну супраць Украіны, а таксама не дапусціць таго, каб быў паўторны наступ на Кіеў з боку Беларусі.

– У звароце тры чалавекі, якія стала жывуць ва Украіне. Можа гэта таксама паўплываць, маўляў, што ёсць свае людзі на тых тэрыторыях, якія могуць быць атакаваныя.

– Так, натуральна, людзі, якія жывуць ва Украіне, яны адчуваюць больш востра ўсё, што адбываецца, для іх усё вельмі балюча. Яны беларусы і разумеюць выдатна, якое потым будзе стаўленне ўкраінцаў да беларусаў.

Сітуацыя такая, што мы суседнія краіны, мы адзін ад аднога нікуды не дзенемся, таму гэтае стаўленне ганебнае будзе цягнуцца дзесяцігоддзямі, таму беларусы, якія ва Украіне жывуць, выдатна гэта разумеюць.

– Можаш расказаць пра тое, калі ўвогуле гэтая ідэя прыйшла?

– Гэта ідэя саміх спартоўцаў. Яе ўсе падтрымалі і добра, што яе падтрымала так шмат людзей, – сказаў Апейкін.