Все новости

Кікбаксёр Ганін: «Ведаю, што петыцыі і лісты не спыняць вайну і кровапраліцце, але веру, што сумарна ўсе антываенныя ініцыятывы паскораць перамогу дабра над злом»

14 мая 2022, 11:06

Беларускі кікбаксёр Іван Ганін распавёў, чаму падпісаў Антываенную дэкларацыю Беларускага фонда спартовай салідарнасці.

Нагадаем, што дэкларацыю падпісалі ўжо болей за 100 прадстаўнікоў спорту не толькі з Беларусі, але і з іншых краін: Украіны, Славеніі і Расіі.

«Са жніўня 2020 года я выказваю сваю нязгоду з тым, што адбываецца ўнутры маёй краіны. Шмат усяго адбылося за апошнія паўтара гады. Маё жыццё і маё мысленне вельмі моцна змяніліся. Мне сорамна, што многія рэчы і падзеі я прапускаў праз пальцы. За гэта мы ўсё і паплаціліся. Здавалася, што ўжо мала што магло «здзівіць». Нават прабіццё чарговага «дна» стала штодзённым.

Але 24 лютага ўсё памянялася. Жахі, якія мы адчулі, выйшлі на новы ўзровень і памножыліся ў некалькі разоў. Адна суседняя дзяржава напала на іншую. Фашызм прыйшоў праз 77 гадоў зусім з іншага боку. А з тэрыторыі маёй краіны да гэтага часу ляцяць ракеты па брацкаму народу. Купка бандытаў, якія захапілі ўладу ў Беларусі, гатовая на ўсё, абы «дзень прастаяць ды ноч пратрымацца».

У мяне няма ніякіх ілюзій, хто ёсць зло.

Я ведаю, што петыцыі і лісты не спыняць вайну і кровапраліцце, але веру, што сумарна ўсе антываенныя ініцыятывы паскораць перамогу дабра над злом. Менавіта таму я падпісаў Антываенную дэкларацыю.

Для мяне таварыства падзялілася на людзей і фашыстаў. І, паводле беларускага вопыту, спісы вельмі дапамагаюць даведацца, хто ёсць хто насамрэч. Варыянту «пасярэдзіне» ужо няма. За спартсменаў, якія асуджаюць вайну, трэба змагацца. А маўклівых ніхто не выцягне», – прыводіць словы Ганіна БФСС.