Все новости

Папоў пра расійскіх спартоўцаў, якія падтрымліваюць вайну: «Яны не хочуць адчуваць сябе злодзеямі і вераць у тое, што хочацца: мы на баку дабра, а вы гады»

23 августа 2022, 10:00

Беларускі самбіст Сцяпан Папоў расказаў пра спробы дыялогу з расейскімі спартоўцамі, якія падтрымліваюць вайну ва Украіне, якую 24 лютага распачала Расія ў тым ліку з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі.

– З пачатку вайны вы завялі тэлеграм-канал, каб расказваць спартоўцам, што адбываецца. Ці ўдалося пераканаць кагосьці з тых, хто «Za», наогул зразумець, што ў галовах у людзей, якія падтрымліваюць вайну?

– Так, я пачаў весці дыялог з расійскімі спартоўцамі, і ў выніку, можа, з тысячу чалавек ад мяне адпісаліся. Спачатку быў шок: як так, я прыводжу факты, доказы, а дастукацца ніяк. Потым заўважыў, што ў многіх паўтараюцца адныя і тыя ж думкі, нават фармулёўкі, як па метадычцы. І каб не паўтарацца, скрыншоціў гэтыя аднолькавыя думкі і каментаваў іх.

Мяркую, гэта таму, што яны вельмі залежныя ад сваёй дзяржавы. Большасць з іх – «на пагонах», у структурах, і нічога не могуць сказаць, нават калі ўсё разумеюць. Дый не хочуць адчуваць сябе злодзеямі, таму вераць у тое, у што хочацца верыць: мы на баку дабра, а вы гады.

Многія спрабавалі мяне зачапіць, вывесці на эмоцыі, каб я іх паслаў і паказаў сябе неўраўнаважаным псіхапатам. І вельмі іх крыўдзіла, што я не зрываўся і не вёўся на маніпуляцыі.

Праз пэўны час адмовіўся ўжо ад гэтых дыялогаў, бо ўсе, хто жадаў, мог разабрацца ў падзеях і прычынах, і пераключыўся на размовы з расейцамі, якія не падтрымліваюць «спецаперацыю», адчуваюць сябе ізгоямі і знаходзяцца ў небяспецы пераследу за «фэйкі», – сказаў Папоў.