Все новости

Фізруку Паўлу Кедысю, які абараніў беларускамоўную школу ў Амельянцы, скарацілі заробак утрая

3 июля 2020, 15:32
1

Фізруку Паўлу Кедысю, які абараніў беларускамоўную школу ў Амельянцы, скарацілі заробак утрая, паведамляе «Радыё Свабода».

«Кантракт са мной павінны працягнуць 31 жніўня. Але асаблівасьць у тым, што кіраўніцтва школы некаторым настаўнікам прапанавала падпісаць яго пры ўмове згоды працаваць на няпоўную стаўку. Маўляў, зьмяншаецца колькасьць вучняў, гадзін. Усе пагадзіліся.

У мінулым годзе ў мяне было каля 30 гадзін на тыдзень А зараз будзе каля 10. Фізкультуру ў мяне забралі ўсю. Засталася геаграфія, працоўная падрыхтоўка, яшчэ нешта прапанавалі. Дырэктар абгрунтаваў гэта тым, што я не спэцыяліст па адукацыі, а яны знойдуць спэцыяліста. Заробку ў мяне цяпер практычна ня будзе. Было каля 1000 рублёў, будзе ня больш за 300. Фактычна я застаюся без заробку.

Такі арыгінальны спосаб барацьбы з актывістамі, я гэта так расцэньваю. Заходзіў да дырэктара, размаўляў пра гэта. Пытаўся, як гэта так здарылася, што дагэтуль пяць гадоў запар спэцыяліст бяз профільнай адукацыі вас задавальняў, а тут раптам не.

Ня горш за іншых настаўнікаў я вёў фізкультуру. Езьдзіў на сэкцыі, наведваў урокі калегаў. Тое, што мы мала месцаў займалі на спартакіядах, дык мы ж ня можам супернічаць зь вялікімі школамі, дзе шмат вучняў... Пастаўленая задача любым коштам мне адпомсьціць. Я толькі так гэта расцэньваю», – сказаў Кендысь.

У канцы 2019 году камянецкае раённае начальства вырашыла закрыць адзіную беларускамоўную сярэднюю школу раёну ў Амельянцы. Дзяцей і настаўнікаў плянавалі разьмеркаваць па суседніх вёсках.

Але амельянецкі фізрук Павал Кендысь пачаў зьбіраць подпісы за захаваньне школы, а таксама пісаць паўсюль, куды толькі можна. Вынікам сталі публікацыі ў мясцовых, рэспубліканскіх і міжнародных СМІ, пэтыцыя ў інтэрнэце, а таксама звароты ў аблвыканкам і Адміністрацыю кіраўніка дзяржавы.

На пачатку 2020 году ў Амельянец прыехаў памочнік Аляксандра Лукашэнкі па Берасьцейскай вобласьці Анатоль Маркевіч. Чыноўнік агледзеў школу, пагаварыў з настаўнікамі і зьехаў. А ў красавіку стала вядома, што школу ў Амельянцы закрываць ня будуць.