Все новости

Ціханоўская пра ціск на журналістаў і блакаванне «Трыбуны»: «Дзякуючы незалежным медыя ўвесь свет ведае пра тэрор гэтага рэжыму»

24 ноября 2020, 20:13

Святлана Ціханоўская адзначыла ролю незалежных медыя ў Беларусі.

«Учора споўнілася 116 гадоў першай газеце Беларусі – «Нашай Ніве». Гэты дзень можна лічыць пачаткам беларускай журналістыкі – важнага моманту для адраджэння беларускага нацыянальнага руху. Сёння ролю той «Нашай Нівы» выконваюць незалежныя медыя. Закон забараняе перашкаджаць працы журналістаў. Але ў краіне ўжо некалькі месяцаў прававы дэфолт. Маштабы рэпрэсій у дачыненні да журналістаў жахлівыя. TUT.by быў пазбаўлены статусу СМІ, «Еўрарадыё» – акрэдытацыі, «Наша Ніва», «Белсат», «Радыё Свабода», «Трыбуна» – заблакаваны. Практычна ўсе карэспандэнты замежных выданняў пазбаўлены акрэдытацыі. Са жніўня журналісты былі затрыманы больш за 360 разоў. 65 чалавек былі пакараны арыштам на тэрмін ад 3 да 30 сутак. Проста цяпер за кратамі застаюцца 17 журналістаў, прычым 6 з’яўляюцца падазраванымі па крымінальных справах.

Нават на вайне камізэлька з надпісам «Прэса» з’яўляецца недатыкальнай. Журналістаў, як і медыкаў, не чапаюць у самых гарачых кропках свету. Але толькі не ў Беларусі. Бо гэтаму рэжыму не патрэбна сумленная журналістыка. Мірныя беларусы – гэта не рыжым. Мы ведаем, журналісты незалежных медыя – героі. Краіны Еўропы таксама ведаюць гэта і гатовы падтрымаць журналістаў Беларусі. І тых, каму давялося пакінуць краіну, і тых, хто самааддана змагаецца за праўду на вуліцах нашых гарадоў.

Дзякуючы незалежным медыя слова «belarusian» стала словам жніўня па версіі Оксфардскага слоўніка. А фатаграфіі пратэстаў у Беларусі становяцца лепшымі фота года па версіі Reuters. Дзякуючы незалежным медыя ўвесь свет ведае пра тэрор гэтага рэжыму і пра тое, што беларусы робяць усё, каб жыць у незалежнай краіне», – сказала Ціханоўская.