Все новости

Апейкін пра завочную крымінальную справу: «За 2 гады людзі зрабілі выбар на карысць свабоды, будучыні Беларусі, канфіскацыя маёмасці – другаснае»

14 октября 2022, 10:54

Выканаўчы дырэктар Беларускага фонда спартовай салідарнасці Аляксандр Апейкін расказаў аб сваім стаўленні да завочнай крымінальнай справы, якая была заведзена на яго і экс-главу БФСС Аляксандру Герасіменю, а таксама падзяліўся меркаваннем, чаму менавіта спартоўцы сталі аднымі з першых, на каго завялі крымінальныя справы завочна.

Нагадаем, што Герасіменю і Апейкіна вінавацяць па ч. 3 арт. 361 КК РБ («Заклік да мераў абмежавальнага характару (санкцыям), іншым дзеянням, накіраваным на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь»). Справа ўжо перададзена ў генпракуратуру. 

– Як вы ўспрынялі гэтую навіну, што разам з Аляксандрай Герасіменяй сталі першымі супраць каго распачалі завочную крымінальную справу?

– Мы не першыя, там перад намі яшчэ ёсць людзі з праекту «Чорная кніга Беларусі», але мы там фактычна ў першым спісах.

– Наколькі я ведаю, вашую справу ў звыш кароткія тэрміны – цягам двух тыдняў – ужо расследавалі, перадалі ў пракуратуру, каб яны ўжо накіравалі ў суд.

– Ну, фактычна, я думаю, што гэта кантралюецца некім персанальна, і ёсць персанальная помста ў гэтым плане, таму гэта так паспешна рабілася. Але ніякай асаблівай рэакцыі ў мяне не было. У такіх падзеях, у якіх мы зараз знаходзімся, гэта не ўспрымаецца як нешта асаблівае. Нешта прымаюць, нешта самі сабе пішуць. Гэта, па-першае, не ўспрымаецца як нейкі легітымны працэс. Па-другое, як нешта, што можа кардынальна паўплываць на твае жыццё і погляды.

– Можна, канешне, ставіцца да гэтага як да нелегітымнага працэсу, але цалкам рэальна могуць адабраць маёмасць: кватэру, штосьці яшчэ – гэта цалкам могуць рэальна забраць.

– Справа ў тым, што для людзей, якія за 2 гады ўжо зрабілі выбар на карысць свабоды, змагання за яе і будучыні Беларусі, такія рэчы, як канфіскацыя гаража, лецішча альбо кватэры, ужо другасныя. Я ведаю шмат людзей, якія разумеюць добра, што яны проста ў чарзе на крымінальныя справы ці на канфіскацыю і гэтак далей. Але яны ўспрымаюць гэта нармальна, гэта іх не палохае, бо беларусы пачынаюць рабіць выбар на карысць нейкіх каштоўнасцяў.

І для іх гэтыя канфіскацыі, нейкія крымінальныя справы становяцца для іх другаснымі, людзі разумеюць, што трэба рабіць каштоўнасны выбар. І канфіскацыя кватэры, ці лецішча, ці нейкай іншай маёмасці мала каго палохае.

– Чаму вы, спартоўцы, ў першых шэрагах? Не Ціханоўская, не Латушка ці іншыя, а менавіта спартоўцы.

– Маё ўласнае меркаванне можа падацца даволі нясціплым, але, я лічу, што менавіта ў 2020-2021 гадах спартоўцы адыгралі адну з самых вырашальных роляў увогуле ў пратэсце. Менавіта ўпартасць і вынікі спартыўнага пратэста натхнялі людзей. Яны паказвалі людзям, што можна дасягаць нейкага выніку. Гэты пратэс і арганізаваная дзейнасць далі найбольшы эфект у плане ціску на рэжым, у плане дэлегітымізацыі рэжыма.

Бо ўсе спартыўныя падзеі, якія адбываліся ў Беларусі, фактычна легітымізуюць рэжым Лукашэнкі, а нашая задача была не адабраць мерапрыемствы ў спартоўцаў, а не дапусціць легітымізацыі праз спартыўныя падзеі.

То бок тыя ж самыя чэмпіянат свету па хакеі, ці чэмпіянат Еўропы па веласпорце, ці іншыя міжнародныя спаборніцтвы – гэта легітымізацыя. Было цалкам зразумела, для чаго гэта робіцца, і чаму такія намаганні рабіліся рэжымам, каб гэтыя мерапрыемствы праходзілі. Бо гэта вельмі добра працуе на карысць прапаганды.

І ў нас атрымалася даволі эфектыўна з гэтым змагацца. І менавіта гэтыя поспехі, кансалідаваная пазіцыя даволі буйной суполкі спартоўцаў трымалі іншых людзей і іншыя супольнасці ў тонусе.

Вось таму я лічу, што ўсё ж такі спартоўцы былі фактычна ў авангардзе пратэста і застаюцца дагэтуль. Гэта людзі, якія не здаюць свае пазіцыі, якія рушаць далей, якія гатовыя колькі патрэбна трываць.

– Фактычна вам помста за тое, што вы адабралі любімую цацку Лукашэнкі – спорт і спартовыя мерапрыемствы?

– Гэта было бескампрамісна, вось чаму. Бо не было там нейкіх пятлянняў, не было пошука варыянта «і нашым, і вашым», давайце, каб усім было добра, давайце дамаўляцца. Гэтых пазіцый не было. Былі прынцыповыя, бескампрамісныя пазіцыі. І, я лічу, што мэты, якія мы ставілі спартовай супольнасцю, мы выканалі амаль на 100%, – сказаў Апейкін.