Все новости

Экс-вясляр Масяйкоў: «Вырашыў, што калі на Алімпіядзе ў мяне ўсё атрымалася, дык і ў парламенце ўсё атрымаецца. І атрымалася»

26 октября 2022, 09:43
1

Чэмпіён АГ у веславанні 1992 года, а цяпер дэпутат парламента Беларусі Аляксандр Масяйкоў распавёў, чаму ён вырашыў пайсці ў палiтыку.

– Пры вашым непасрэдным удзеле ў Магілёве з’явілася абласная дзіцяча-юнацкая спартыўная школа па вяслярных відах спорту. Раскажыце, калі ласка, пра гісторыю яе стварэння.

– Пакінуўшы спорт, я разумеў, што трэба зарабляць на жыццё. Мяне запрасілі на працу ў Магілёўскі абласны савет БФСТ «Дынама». Я прапрацаваў там два гады, усё было добра, але цягнула ў веславанне, хацелася трэніраваць. У Магілёве не было школы па веславанні, а спецыялізаванае аддзяленне ў дзіцяча-юнацкай спартыўнай школе. Зразумела, мяне там ніхто не чакаў. А грошы на жыццё патрэбны. Я рамантаваў машыны, прадаваў колы на кірмашы. І вось аднаго дня, стаю я на базары, да мяне падыходзіць мужчына і пытаецца, ці не Масяйкоў маё прозвішча. Прапануе пайсці працаваць трэнерам па веславанні. Цікавіцца, на якіх умовах я пайшоў бы трэніраваць. Пытаю, з кім размаўляю – не адказвае. І далей пра мяне распытвае. Я яму патлумачыў, што вельмі хачу, каб у Магілёве з’явілася школа веславання, каб было фінансаванне, падтрымка. І ён прапануе мне стварыць дзіцяча-юнацкую спартыўную школу. У той дзень да мяне на базары падышоў начальнік упраўлення спорту Магілёўскага аблвыканкама Аляксей Алянцьевіч Мінкін. Такую магчымасць я ўпусціць не мог, мы актыўна ўзяліся за справу. Праз некалькі гадоў была створана Магілёўская абласная дзіцяча-юнацкая спартыўная школа па вяслярных відах спорту, якую я ўзначаліў. З часам школа вырасла ў абласны цэнтр алімпійскага рэзерву па вяслярных відах спорту.

– Калі вас так цягнула веславанне, чаму вы вырашылі балатавацца ў Палату прадстаўнікоў?

– Я з’яўляюся ганаровым грамадзянінам Магілёва. Суседзі, знаёмыя часта ў мяне цікавіліся, як ім можна вырашыць тую ці іншую праблему, прасілі дапамагчы. Я ўсім дапамагаў. Таму вырашыў пайсці на выбары ў абласны савет дэпутатаў. Зразумеў, што такім чынам я змагу і любімае веславанне развіваць, і людзям дапамагаць. А затым вырашыў балатавацца ў дэпутаты палаты прадстаўнікоў. Алімпійскі інтарэс прачнуўся, вырашыў праверыць свае сілы. Вырашыў, што калі на Алімпіядзе ў мяне ўсё атрымалася, дык і ў парламенце ўсё атрымаецца. І атрымалася. А што да спорту, дык жадання яго развіваць у мяне ніколі не прападала. Як дырэктар спартыўнай школы, затым цэнтра алімпійскага рэзерву і зараз як дэпутат Палаты прадстаўнікоў я заўсёды жыў праблемамі і клопатамі спорту. Спартыўны вопыт выдатна дапамагае ў парламенцкай дзейнасці. Я адказваў за ўнясенне змяненняў і дапаўненняў у Закон «Аб фізічнай культуры і спорце», якія былі прыняты ў ліпені 2022 года. У гэтай працы вельмі дапамагала маё веданне спорту знутры. Дапамагае і тое, што на сустрэчах з калектывамі людзі пазнаюць мяне як алімпійскага чэмпіёна (за якога, магчыма, некалі хварэлі), і размова ўжо ідзе зусім інакш, чым калі б яны бачылі ўва мне толькі дэпутата. Памятаю, як мне некалі дапамагалі, таму стараюся дапамагаць людзям, наколькі гэта ў маіх сілах. І хочацца спартсменам дапамагчы, у 2022 годзе яны сутыкнуліся з вельмі непрыемнай сітуацыяй, адхіленнем ад міжнародных стартаў. Але я ўпэўнены, што яны ўсё дастойна вытрымаюць, – сказаў Масяйкоў.

Нагадаем, Аляксандр Масяйкоў з’яўляецца падпісантам праўладнага ліста спартоўцаў.