Tribuna/Футбол/Блоги/Бляшаны барабан/Чаму Хацкевіч абразіў Лапцева і беларускую мову

Чаму Хацкевіч абразіў Лапцева і беларускую мову

А таксама прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнку.

27 мая 2016, 12:46
53
Чаму Хацкевіч абразіў Лапцева і беларускую мову

Надоечы галоўны трэнер зборнай Беларусі Аляксандр Хацкевіч дазволіў сабе публічна перадражніць нападніка «Славіі» Дзяніса Лапцева. На прэсавай канферэнцыі спецыяліст перадаў словы гульца па-руску, але з беларускімі фанетычнымі асаблівасцямі і прыназоўнікам у замест в.

– Звонит администратор: «Мы хотим тебя вызвать на сбор – пришли паспорт». Присылает, а у него он в августе заканчивается. Если бы хотел, побежал бы и сделал бы быстро новый паспорт. А так выходит вот как: «Ну, у меня паспарт заканчываецца, я ў аўгусце месяцэ яго і паменяю». Ну, если нет желания, о чем можно говорить? Если футболист не хочет ехать, то он и не поедет, – пераказаў словы Лапцева Хацкевіч.

Атрымліваецца, што Хацкевіч абразіў і Лапцева, і беларускую мову, і нашага прэзідэнта разам з чыноўнікамі, большасць з якіх прыкладна з такім акцэнтам і размаўляе. Бо з кантэксту вынікае, што Аляксандр Мікалаевіч хацеў гэтым падкрэсліць невуцтва Дзяніса. Прычыны такіх паводзінаў мне не вельмі зразумелыя. Як казаў сам Хацкевіч, «у нас или воспитание такое, или интеллект».

Яшчэ ў школе нас вучылі, што шыпячыя гукі [ш], [ч], [ж], [дж] у беларускай літаратурнай мове заўсёды цвёрдыя і не маюць адпаведных мяккіх. Цвёрдае вымаўленне пералічаных гукаў – прыкмета беларускага акцэнту. І рысы гэтай беларусам вельмі цяжка пазбыцца, нават калі яны прагнуць размаўляць правільна на рускай мове. Зазвычай рускія даволі лёгка ідэнтыфікуюць беларуса па яго вымаўленні. Гэтаксама і грамадзянам Расіі складана авалодаць нашым цвёрдым гукам [ч]. І саромецца гэтага ці кпіць няма чаго.

Я не стаў чапаць сваім пытаннем дэкана філалагічнага факультэта Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта Вольгу Фелькіну, якая рабіла лінгвістычную экспертызу нашумелай размовы брэсцкага інспектара ДАІ і кіроўцы, дзе яна выявіла, што адсыланне чалавека на пешы эратычны шпацыр не з’яўляецца абразай. Таму раставіць мяккасць над «ч» дапамог вядомы мовазнаўца і грамадска-палітычны дзеяч Вінцук Вячорка.

– Сытуацыя маральна адназначная. Перадражніваць, падкрэсьліваць асаблівасьці маўленьня (як і іншыя рысы) іншага чалавека наагул непрыстойна, культурныя людзі так сябе не паводзяць. А калі ідзецца пра нацыянальныя і моўныя асаблівасьці чалавека – гэта можа быць абразай паводле нацыянальнай і моўнай прыкметы. Ці абраза – залежыць ад кантэксту і інтанацыі. Я дык успрымаю паводзіны Хацкевіча як абразу маёй мовы, яе характэрных фанэтычных рысаў. Таму што Хацкевіч спалучыў цытаваньне фанэтыкі беларускай мовы з адмоўнай характарыстыкай гульца, атаясаміў адмоўнае зь беларушчынай.

Але юрыдычна гэта даволі цяжка даказаць. Каб быў юрыдычны працяг, трэба, каб сам Лапцеў разглядаў гэта як асабістую абразу, – лічыць Вячорка.

*Адказ В.Вячоркі перададзены згодна з беларускім класічным правапісам.

Вядома, што Лапцеў не пойдзе абіваць парогі судоў з такой справай, але адмовіцца цалкам ад выступаў за нацыянальную зборную можа (чаго б не вельмі хацелася). Размоў з журналістамі ён таксама пазбягаў, а пасля гэтага выпадку, мабыць, не скажа больш ні слова.

Не ведаю, як бы адчуваў сябе я, калі б мой акцэнт нехта спрабаваў высмяяць, але Дзянісу, напэўна, пасля гэтага было крыўдна. На маю думку,  Аляксандр Мікалаевіч павінен папрасіць прабачэння хаця б у гульца за публічную знявагу. А Дзянісу раю не звяртаць увагі на вымаўленне (калі ён сапраўды так размаўляе) і ні ў якім разе не пачынаць «чекать», бо беларусам быць не сорамна. І Мікалай Януш са мной пагодзіцца

Лучшее в блогах
Больше интересных постов

Другие посты блога

Blank title. Fix it!
27 марта 2015, 08:09
Все посты