Tribuna/Экзотические виды/Блоги/Беларускі дартс, які ён ёсць/Працуй пільна – і тут будзе Вільня!

Працуй пільна – і тут будзе Вільня!

Беларускія дартсмены прынялі ўдзел у міжнародным турніры ў Летуве.

Автор — Яўген
10 марта 2015, 22:48
2

Самыя лепшыя жанчыны ў свеце жывуць у Беларусі. Мала таго, што яны самыя прыгожыя, так яшчэ і з паразуменнем ставяцца да таго, што іхнія мужчыны на 8-га сакавіка праводзяць час не з каханымі, а перад мішэнямі, высвятляючы, хто самы трапны стралок у дартсе.

Гэтым разам аматары кідання маленькіх дзідаў сабраліся ў невялікім горадзе Трокі, што ў 15-ці кіламетрах ад Вільні на рэйтынгавы турнір па версіі WDF. Беларускі дэсант высадзіўся ў колькасці каля дзесяці чалавек. Планавалася, што гэтая лічба будзе болей, але з-за тэхнічных праблемаў з літоўскага боку, узнікла праблема па выдачы візаў. 

Тым не менш, ужо ўвечары 6-га сакавіка беларусы прынялі ўдзел у турніры выпадковых пар і, трэба адзначыць - паспяхова. Наш суайчыннік Аляксандар Бех, разам з літоўскім калегай дайшлі да фіналу турніру, мелі матч-дарты, але, у выніку, прайгралі матч.

Галоўны мужчынскі івэнт праходзіў 7-га сакавіка. У турніры прынялі ўдзел 11 беларускіх дартсменаў - большае прадстаўніцтва мела толькі каманда Латвіі (17 чалавек), і вядома, мясцовыя спартсмены. З Польшчы прыехала 6 чалавек, з Англіі - 5. Тым не менш, родапачынальнікі гульні ўзялі не колькасцю, а якасцю - у выніку турнір выйграў англічанін Рассэл Джэнкінс у вырашальным лэге адзюжаўшы летувіса Арунаса Цыплюса. Што тычыцца нашых дартсменаў - толькі двое выйшлі з групы - лідар беларускага рэйтынгу Андрэй Понтус і Янка Кляхін. Нажаль, свой выступ абодва скончылі на стадыі 1/16 фіналу.

Спаборніцтвы 8-га сакавіка пачынаў турнір паміж дарт-клубамі, нажаль, у нашай краіне такіх пакуль няма, тым не менш, беларуская зборная ў складзе Андрэя Понтуса, Дзмітрыя Беха, Івана Кляхіна, Алега Плаўскага згуляла свой матч і перамагла літоўскіх калег з агульным лікам 9-8.

Святочны дзень працягваў асабісты мужчынскі турнір на балтыйскі рэйтынг. Гэтым разам, з агульных 87-мі дартсменаў беларусаў было 9 чалавек. Але з групы выйшла ўжо 4 нашых дартсмена - Андрэй Понтус, Дзмітры Бех, Іван Кляхін і Віталь Навойчык. Вельмі драматычна на стадыі 1/16 фіналу склаўся матч Дзмітрыя Беха з Томасам Ряўбішкісам, наш суайчыннік вёў 3-1 па лэгам, меў некалькі матч-дартаў, але ў выніку саступіў 4-3, прычым летувіс закрыў 154 ачкі ў вырашальнай партыі. Ледзь не зрабіў сенсацыю і Віталь Навойчык, які вёў 2-0 у сваім матчы з пераможцам турніру 7-га сакавіка англічанінам Рассэлам Джэнкінсам, але прайграў 4-2 з упартай барацьбой у кожным лэге. Лепшым беларускім дартсменам у турніры стаў Андрэй Понтус, які дайшоў да стадыі чвэрцьфіналу, дзе саступіў будучаму фіналісту - шатландцу Дэнісу Ўоту. Пераможцам жа мерапрыемства стаў летувіс Арунас Цыплюс, які, яшчэ на стадыі 1/8 фіналу ўзяў рэванш за ўчорашнюю паразу ў Рассэла Джэнкінса.