Tribuna/Футбол/Блоги/Будзьма беларусамі!/«Ніколі не прымаем дзяўчат. Палітычныя погляды не граюць ролі». Пра жыццё нямецкіх ультрас

«Ніколі не прымаем дзяўчат. Палітычныя погляды не граюць ролі». Пра жыццё нямецкіх ультрас

Ультрас футбольнага клуба “Уніан Берлін” распавялі “Будзьме!”, як заўзеюць за футбол у Нямеччыне, што сабою ўяўляе фанацкая ўзаемадапамога і ў якім кірунку павінная праходзіць праца з заўзятарамі, каб не было пустых трыбун падчас матчаў.

Автор — Budzma Razam
4 февраля 2016, 16:17
1
«Ніколі не прымаем дзяўчат. Палітычныя погляды не граюць ролі». Пра жыццё нямецкіх ультрас

Ультрас футбольнага клуба “Уніан Берлін” распавялі “Будзьме!”, як заўзеюць за футбол у Нямеччыне, што сабою ўяўляе фанацкая ўзаемадапамога і ў якім кірунку павінная праходзіць праца з заўзятарамі, каб не было пустых трыбун падчас матчаў.

Ультрас — самыя адданыя футбольныя заўзятары. У якім бы пункце зямнога шару ні праходзіў матч, яны прыедуць туды, каб падтрымаць свой улюбёны клуб. Пагутарыць з імі не так і проста: яны традыцыйна вельмі неахвотна ідуць на кантакты з прэсай. Але для “Байцоўскага гену” ультрас “Уніан Берліна” зрабілі выключэнне і пагадзіліся на размову пры ўмове, што мы не будзем іх фатаграфаваць.

Мы сустракаемся з Бэні, Крысам, Себасцьянам і Рафаэлем ва ўтульнай кавярні, дзе традыцыйна збіраюцца пасля матчаў ўсе фаны “Уніана”. Знаходзіцца яна недалёка ад хатняга стадыёна клуба, які мае досыць цікавую назву — “Стадыён каля старога лясніцтва” (Stadion an der Alten Forsterei). Сам будынак былой лясной канторы добра захаваўся і месціцца побач. Мае суразмоўцы няспешна папіваюць са сваіх келіхаў піва, якое, дарэчы, спакойна прадаецца і на стадыёнах падчас матчаў. Толькі ў выключных выпадках, калі мясцовая паліцыя вырашыць, што ёсць пагроза беспарадкаў і гвалту з боку футбольных заўзятараў, можа быць прынятае рашэнне аб продажы безалкагольнага піва.

— Футбол заўсёды быў спортам №1 у Нямеччыне. Гэта самы папулярны спосаб баўлення часу для нас, — кажуць хлопцы. — Шмат хто ідзе на стадыён разам з сябрамі ды роднымі, каб паглядзець відовішчную гульню, нават калі яны не з’яўляюцца сталымі фанамі гэтага клубу. Любоў да футболу табе прывіваюць яшчэ ў сям’і — твой бацька ці старэйшыя браты. Твае суседзі, аднакласнікі заўзеюць за той ці іншы клуб, і ты сам не заўважаеш, як уцягваешся ў фанацкі рух.

Трэба заўважыць, што ў Нямеччыне праца з фан-сектарам вядзецца на самым высокім узроўні. Гэта не заўсёды было так, але за той час, што мінуў з моманту аб’яднання краіны, тут змаглі дасягнуць вынікаў, якія сапраўды ўражваюць. У футбольных заўзятараў ёсць свае памяшканні для сустрэч, якія тут называюцца фан-праектамі, дзе яны могуць абмеркаваць планы на будучы матч, сустрэцца з прадстаўнікамі клуба ці проста арганізаваць барбекю-паці. З падлеткамі працуюць сацыяльныя работнікі. Чальцы фан-клубаў плацяць унёскі — ад 3 еўра ў год. Фан-клубы адносяцца да грамадскіх аб’яднанняў ці маюць статус юрыдычных асоб у Нямеччыне. Любая інфармацыя аб іх, у тым ліку склад удзельнікаў, для паліцыі закрытая на заканадаўчым узроўні. Ды і на самім матчы яе не пабачыш, бо адказнасць за парадак тут нясе служба бяспекі стадыёна і арганізатары гульні. Паліцэйскія ж знаходзяцца толькі каля стадыёна, прычым плацяць клубу арэндную плату за свае машыны…

— Моладзь сама цягнецца да нас і хоча быць часткай нашага руху, — працягваюць хлопцы. — Але гэта не так проста: мы каля года прыглядваемся да кандыдата і толькі потым сумесным галасаваннем вырашаем, папоўніць ён нашы шэрагі альбо не. Так, мы ніколі не прымаем дзяўчат, бо нашы паплечнікі абавязкова прагаласуюць супраць. Палітычныя погляды кандыдата для нас не граюць асаблівай ролі, бо мы зыходзім з тых пазіцый, што палітыцы не месца на трыбунах. Падчас гульняў мы адно цэлае. Неістотна, левы ты ці правы, мы ўсе разам падтрымліваем родны клуб. Але самае галоўнае, каб чалавек, які хоча стаць ультрас “Уніан Берлін”, не быў звязаны з паліцыяй. Нядаўна мы збіраліся ўзяць у свае шэрагі аднаго хлопца. Неяк ён распавёў нам, што паліцыя запрасіла яго на сустрэчу. Мы параілі яму не хадзіць, але хлопец усе роўна пайшоў. Мы адмовілі яму, бо не ведалі, аб чым ён падчас сустрэчы мог дамовіцца з паліцыяй.

Нямецкая паліцыя ўмоўна падзяляе ўсіх заўзятараў на тры катэгорыі. Першая — гэта звычайныя наведнікі, якія прыйшлі падтрымаць свой клуб. Другая — заўзятары, схільныя да гвалту. І трэцяя — тыя, хто ўжо быў заўважаны ў беспарадках і гвалце. Напрыклад, сярод заўзятараў “Уніан Берлін” да другой катэгорыі адносяцца 200 чалавек, а да трэцяй — 50. Па словах шэфа 63 участка паліцыі Берліна Міхаэля Шарноўскі, класічнага партрэту футбольнага хулігана не існуе: ім можа быць хто заўгодна — і белы каўнерык з вышэйшай адукацыяй і добрай працай, і беспрацоўны.

Я пацікавілася ў сваіх суразмоўцаў, ці часта ім даводзіцца высвятляць адносіны з фанатамі іншых клубаў.

— Я часам маю праблемы, — усміхаецца Рафаэль, — Бо жыву ў Заходнім Берліне, дзе існуе іншы футбольны клуб, а заўзею за “Уніан”, які адносіцца да ўсходняй часткі горада. І калі мясцовыя фаны бачаць мяне з атрыбутыкай “Уніана”, то, зразумела, пачынаюць правакаваць. Звычайна нічога сур’ёзнага няма, але часам мы з маімі паплечнікамі паказваем, што мы мацнейшыя! Але самы наш зацяты вораг — гэта “Дынама Берлін”. Яны не вельмі добра выступаюць, таму мы з імі рэдка перасякаемся, бо граюць яны ажно ў 4 рэгіянальнай лізе. Толькі другая каманда “Уніана” гуляе там.

Абурэнне Рафаэля лёгка зразумець, бо рэпутацыя ў “Дынама Берлін” не вельмі добрая. Яшчэ з часоў ГДР гэты клуб і яго фанаў моцна ненавідзелі ўсе астатнія заўзятары, бо яго апекуном была сакрэтная паліцыя “Штазі”. Сёння заўзятары “Дынама Берлін” не хаваюць сваіх праварадыкальных і неанацысцкіх поглядаў і з’яўляюцца галаўным болем для паліцыі. Заўзятары “Уніана”, што яшчэ заспелі часы ГДР, распавялі мне адну красамоўную дэталь. Тады быў пэўны дэфіцыт з салавіной. А заўзятары “Дынама Берлін” такіх праблем не мелі, бо многія з іх былі супрацоўнікамі “Штазі” і атрымлівалі добрыя харчовыя пайкі. Дык падчас матчаў яны бамбардзіравалі фанатаў сваіх канкурэнтаў бананамі і апельсінамі…

Што да гісторыі “Уніан Берлін”, то клуб быў заснаваны ў 1966 годзе як клуб для працоўнага класу, таму самі заўзятары называюць сябе “жалезнымі” фанамі. Але з тых часоў шмат чаго змянілася, і цяпер на трыбунах можна пабачыць прадстаўнікоў самых розных слаёў насельніцтва. Сёння “Уніан Берлін” мае больш за 60 (!) фанацкіх аб’яднанняў. А выступае ён у другой Бундэс-лізе.

— Гэта вельмі добра, — усміхаюцца мае суразмоўцы. — Бо калі б наш клуб выйшаў у першую лігу, то ён мог бы стаць занадта камерцыялізаваным і пафасным.

Пра беларускі футбол яны амаль нічога не ведаюць, але калі я скарджуся, што ў нас ёсць праблема з напаўняльнасцю трыбун, хлопцы даюць некалькі парад, якія, на іх думку, могуць палепшыць сітуацыю.

Парада №1

Быць сапраўдным патрыётам свайго клуба і горада. Імкнуцца не проста заўзець за свой улюбёны клуб, але рабіць гэта арыгінальна. У гэтым годзе “Уніан Берлін” споўніцца 50 гадоў. Ён, без перабольшання, наша жыццё. З нагоды гэтага мы яшчэ з верасня пачалі збіраць грошы перад матчам на спецыяльную харэаграфію да юбілею клуба. Апроч гэтага мы на кожным матчы спяваем песні і крычалкі, якія самі і прыдумалі. Сярод нас ёсць шмат таленавітых людзей, мы слухаем добрую музыку, а потым збіраемся разам і, натхніўшыся чарговай гульнёй, пачынаем ствараць нешта для нашага “Уніана”.

Парада №2:

Трэба падтрымліваць адзін аднаго. Без узаемадапамогі цяжка нешта ствараць і добра заўзець за сваю каманду. Як ультрасы мы павінныя наведваць кожную гульню. Але не ва ўсіх нашых паплечнікаў ёсць магчымасць гэта зрабіць праз фінансавыя абставіны. І тады мы прыходзім на дапамогу, збіраем грошы на паездку для гэтага чалавека. Ці, напрыклад, хтосьці трапіў у непрыемнасці з законам ці паліцыяй. У нас няма свайго юрыста, але мы імкнемся зрабіць усё, каб назбіраць грошай на юрыдычную дапамогу, ці шукаем добрага юрыста.

Парада №3:

Поспех залежыць ад таго, наколькі ты вольны ў сваіх дзеяннях. Гэта самае галоўнае, пра што варта памятаць. У Нямеччыне футбольныя фанаты самі сабе гаспадары, яны вольныя ад палітыкі клуба і могуць на яе ўплываць, калі ім нешта не падабаецца.

 

Ліна Мілаш, Фота аўтара

Лучшее в блогах
Больше интересных постов

Другие посты блога

Все посты