Tribuna/Футбол/Блоги/Железный дровосек/У Беларусі можна прыйсці з «Пагоняй» на футбол, каб не было праблем? А з БЧБ? Назіранні заўзятара з вялікім досведам

У Беларусі можна прыйсці з «Пагоняй» на футбол, каб не было праблем? А з БЧБ? Назіранні заўзятара з вялікім досведам

Расказвае заўзятар Зміцер Хведарук.

Автор — Тарас Щирый
23 октября 2018, 23:00
28
У Беларусі можна прыйсці з «Пагоняй» на футбол, каб не было праблем? А з БЧБ? Назіранні заўзятара з вялікім досведам

Як ужываюцца нацыянальная сымболіка і футбол.

Чалавек, які ідзе на стадыён з бел-чырвона-белым сцягам, ніколі не ўпэўнены, дзе працягне пасляфутбольны вечар – дома альбо ў міліцэйскім пастарунку. Здавалася б, пасля сустрэчы старшыні АБФФ Сяргея Румаса і міністра ўнутраных спраў Ігара Шуневіча у 2015-м на стадыёнах пачалася адліга, зноў залуналі БЧБ, але імпэту хапіла ненадоўга. На нядаўнім матчы Лігі нацый Беларусі з Сан-Марына мінскі АМАП затрымаў некалькіх заўзятараў. Выглядала гэта даволі брутальна.

Тарас Шчыры пагутарыў з заўзятарам Змітром Хведаруком, якога штрафавалі за сымболіку на футболе, каб даведацца, ці ёсць шанец прыйсці на матч з БЧБ ці з «Пагоняй» на майцы, скандаваць крычалкі і быць упэўненым, што на цябе пасля не складуць пратакол. Хведарок – даўно заўзее за беларускую зборную і заўжды падтрымлівае яе з «Пагоняй» на шаліку, нягледзячы на перашкоды.

* * *

– На зборную я ў першы раз патрапіў у 2000 годзе, калі разам з бацькам пайшоў на хатні матч Беларусі з Уэльсам, за якую гуляў Гары Спід. І вось тады сутыкнуўся з неадэкватнасцю нашай міліцыі. Я бачыў, як хлопца прымусілі зняць майку з нацыянальнай сымболікай. Ён яе зняў і напаўаголены пайшоў глядзець футбол.

А дзесьці пасля матчу з Грузіяй у 2012-м я пачаў пастаянна ездзіць на хатнія матчы зборнай у Барысаў з шалікам з выявай «Пагоні». На ўваходзе мяне спынялі, прасілі здаць яго ў камеру захоўвання і далей з ім не пускалі. Любыя спробы даказаць, што «Пагоня» – гэта герб Рэчыцы, і ёсць фоткі у інтэрнэце, якія гэта пацвердзяць, плёну не прыносілі. Я прасіў, каб мне растлумачылі, каб паказалі дакументы, паводле якіх не пускаюць з шалікам, але міліцыянты спасылаліся на нейкія ўнутраную інфармацыю. Тады разварочваўся і ішоў на другі ўваход. Калі і там не пускалі, спрабаваў прайсці ў другім месцы. У рэшце рэшт я неяк праходзіў, хаця і спазняўся на гульню. Але для мяне было прынцыпова прайсці на стадыён з такім шалікам. Зразумела, яго можна было б схаваць, але які ў гэтым сэнс, калі цябе ўсё роўна абшукаюць.

Зміцер Хведарук.

На стадыёне праблем з сімволікай ужо не было. Да мяне на трыбунах ніхто не падыходзіў і пытанняў не задаваў. Пакуль не адбыўся матч супраць Македоніі ў 2015-м. Дзіўна, але я тады вельмі проста прайшоў на арэну, і пра «Пагоню» ніхто не пытаўся. Праблем ніякіх не было, і я нават не прадчуваў, што можа здарыцца нешта дрэннае.

Але пасля перапынку да нас з сябрамі падышлі незразумелыя качкі ў цывільным і папрасілі ўсё прыбраць. А ў нас было ўсяго тры шалікі – больш нічога. Мы адмаўляліся, і тады ўжо прыйшлі супрацоўнікі ў форме з харошымі зорачкамі на пятліцах, і сказалі, каб мы пайшлі разам з імі. Прычыны не тлумачылі. Мне падаецца, служба бяспекі праз камеры ўбачыла, што на стадыён прайшлі людзі з шалікамі з «Пагоняй». Вось і паступіў загад нас затрымаць. Мы былі адзіныя, хто пранёс падобныя шалікі на стадыён.

Безумоўна, мы не пагаджаліся, не збіраліся сыходзіць, спрабавалі вызначыць падставу, але неўзабаве падышло яшчэ больш супрацоўнікаў. Нам прыйшлося выйсці з сектара. Спачатку ўсё было ціха і мірна, а пасля нас узялі пад ручкі, вывелі са стадыёна і даволі жорстка пасадзілі ў «Газэль». Нас адвезлі ў барысаўскую міліцыю, дзе распавялі, што мы лаяліся, хуліганілі, не слухалі міліцыянтаў, АМАПаўцаў і парушалі правапарадак. Ночылі ў ізалятары часовага ўтрымання разам з сацыяльна «блізкім» элементам – алкаголікамі і хуліганамі. Што здзівіла, гэтых людзей нават не бянтэжыла тое, што ў памяшканні халодна – у камеры не было акна. Для іх гэта было цалкам нармалёва, і яны нават баяліся паскардзіцца на ўмовы ўтрымання.

Ранкам нас аштрафавалі. Можа, на 20 базавых. Я суму ўжо не памятаю. Штраф быў не вельмі істотны. Але я не плаціў, бо з’явілася шмат неабыякавых і ахвотных людзей, якія проста прапанавалі скласціся. Наогул справа атрымалася даволі гучная. Мне падаецца, міліцыянты затрыманнем хацелі паказаць, што заўзятары – гэта даволі неадэкватныя людзі, якія мацюкаюцца і паводзяць сябе непрыстойна. Але яны, напэўна, не думалі, што затрымаюць людзей з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй. Я – хрысціянін. Не п’ю і не лаюся. Для мяне гэта даволі прынцыповыя моманты, пра якія многія ведаюць. Таму версія міліцыі людзей вельмі абурыла, і яна была проста разбурана.

Асадачак ад падобнага ў мяне застаўся, але ўсё роўна працягваў хадзіць на стадыён з шалікам. З часам на футболе стала больш камфортна, і пытанняў наконт шаліка мне не задавалі. У некага нават атрымоўвалася пранесці больш сур’ёзныя рэчы накшталт бела-чырвона-белага сцяга, на што сам я б не адважыўся. Як я разумею, людзі сцягі нават не хавалі, а ўладам і АБФФ былі непатрэбныя скандалы. Таму ў пэўны момант выкарыстоўвалася палітыка залагоджвання.

Перад хатнім матчам з Францыяй мы з сябрамі правялі выведніцкую акцыю – прайшліся па Барысаве ў чырвоных цішотках з выявай «Пагоні». І абсалютна ніякіх перашкод не сустрэлі.

– Патрапіць пад раздачу праз БЧБ альбо «Пагоню» на стадыёне можна ў любы момант? Альбо гэта наогул рэдкія выпадкі?

– Складанае пытанне. У нашай краіне можна быць упэўненым толькі ў Божай ласцы. Усё залежыць ад выпадку, ад настрояў у грамадстве ў пэўны момант. Некалі міліцыя застрашвала і проста не пускала з сымболікай на стадыён, пасля затрымлівала, а апошнім часам заўзятары ладзілі шмат перфомансаў з той жа «Пагоняй», і практычна ніякіх праблем не ўзнікала. Стаўленне праваахоўнікаў было даволі лагоднае.

З «Пагоняй» прайсці на футбол сапраўды стала значна прасцей і не так страшна, чым раней. Міліцыя ў адрозненне ад БЧБ ставіцца да яе даволі спакойна. «Пагоня» стала кансалідюучым сымбалем. Пра ВКЛ пачалі разважаць на розных узроўнях грамадства. Нават Лукашэнка нешта кажа пра гісторыю, пра «Смаленск – наш» і гэтак далей. А вось сцяг, на маю думку, працягвае раз’юшваць афіцыйную ўладу, і яна нідзе не хоча яго бачыць. І калі б хлопцы на паядынак з Сан-Марына пранеслі нешта з «Пагоняй», а не сцяг, мяркую, іх бы не затрымалі. Не ведаю, што там адбылося, але, мне падаецца, міліцыя ўсё гэта зрабіла дзеля таго, каб паказаць: ёсць меры дазволенага, праз якія пераходзіць нельга. Яны ўзялі БЧБ – іх затрымалі.

У затрыманнях бачу выключна палітыку. Паўтаруся, калі б хлопцы на гульню з Сан-Марына не пранеслі сцяг, усё б у іх было нармалёва. Так склалася, але не трэба ў гэтым выпадку шукаць якую-небудзь сувязь. Гэта асобны выпадак. Такі, як і прабежка Вянгерскага са сцягам на «Барысаў-Арэне». З яго, праўда, усе зрабілі героя, хаця ён ім не з’яўляецца. Не ведаю, судзячы па ўсіх ягоных выказваннях, для яго гэта была магчымасць проста атрымаць сабе ўтульнае месца дзесьці за мяжой. Нічога гераічнага ў яго дзеяннях я не ўбачыў. А галоўнае – свядомага.

* * *

– Зміцер, якія фанацкія зарады былі найбольш распаўсюджаныя ў той час, калі ты свядома пачаў хадзіць на матчы зборнай? 

– На вялікі жаль, за апошнія пяць гадоў нічога не змянілася. Як ты кажаш, крычалкі і спевы застаюцца нязменнымі. Дадалося літаральна некалькі новых. Тады скандавалі «Вялікая, магутная, нікім непераможная!», «Беларусь заўсёды будзе першай», «Наперад, Беларусь!», спявалі «Тры чарапахі». Выбар беларускамоўных зарадаў быў невялікі.

– Ці можна было пачуць «Жыве Беларусь!»?

– Да матчу з Украінай, які прайшоў у Барысаве, сто працэнтаў, што не. На гасцявых гульнях можа быць што заўгодна, бо там няма міліцыянтаў і прадстаўнікоў іншых структур, а тут я не памятаю, каб гэта скандавалі. Для ўсіх падобнае стала нечаканкай. І калі мяне не падводзіць памяць, гэты зарад зацягнулі самі ўкраінцы, а беларусы ўжо адказалі. Усе чакалі рэакцыі, маўляў, зараз уварвуцца і пакладуць усіх тварам у падлогу.

– А ці затрымлівалі праваахоўнікі заўзятараў за крычалкі?

– Напэўна, не. Праз матч было затрыманне за сымболіку, пра якое я табе ўжо расказваў.

– На тваю думку, «Жыве Беларусь!» – гэта тыя словы, якія могуць і сёння на стадыёне прыцягнуць увагу міліцыі?

– Безумоўна. Але перад матчамі з Люксембургам і Малдовай цвярозыя і не зусім людзі яшчэ на падыходзе да стадыёна ў чэргах зацягвалі: «Жыве Беларусь!» Стаяў і думаў: «Окэй, і што будзе далей?» Аднак, на дзіва, гэтыя АМАПаўцы, якія ўсіх кантралявалі, ніякіх санкцый у дачыненні да людзей не прымянялі. Зло паглядалі, але праходзілі міма.

– Украінская крычалка пра скокі і рускіх нядаўна была прызнана экстрэмісцкай і забароненая да цытавання. Як ты ставішся да яе ўжытку менавіта на беларускіх трыбунах?

– Стаўлюся нейтральна. Мне здаецца, што гэта такая жартаўлівая і зусім не абразлівая крычалка, калі яе можна карэктна так назваць. Таму што, зноў жа на мой погляд, абразлівай і негатыўнай канатацыі, якая распальвае варажнечу, у ёй няма. Ну, не ведаю, у Беларусі людзі спакойна п’юць гарэлку, якая называецца «Бульбаш». Слова маскаль таксама мае ў нейкай ступені жартаўлівае адценне, якое падкрэслівае стан чалавека. Мне падаецца, у Беларусі жыхароў Расіі ўжо даўно не называюць маскалямі акрамя вузкага і спецыфічнага кола людзей. Маскаль – гэта хутчэй стан душы таго, хто да непрытомнасці жлукціць гарэлку, без патрэбы чапляецца да людзей і б’ецца.

– На тваю думку, што азначае такая радыкальная рэакцыя беларускіх сілавікоў?

– Насамрэч не ведаю, што яны канкрэтна планавалі. Магу толькі рабіць здагадкі. Але сілавікам патрэбна было б спачатку наогул разабрацца з беларускімі літаратарамі канца 19-га і пачатку 20-га стагоддзяў, бо ў вершах слоў маскаль было не процьма, але хапае. І гэта дакладна. Тады варта і іх забараніць, назваць творы экстрэмісцкімі і сказаць, што напрацягу сваёй гісторыі беларусы былі экстрэмістамі. Вельмі дзіўна гучыць тое, што беларускія праваахоўныя органы павінны саміх жа беларусаў за іх гістарычныя і ментальныя рэчы прызнаць экстрэмістамі.

– Такая рэакцыя, відаць, звязана з тым, што крычалка прыйшла да нас з асяродку радыкальных украінскіх фанатаў.

– Ты маеш рацыю. Напэўна, тут ёсць пераемнасць. З другога боку, калі ва Украіне гэты зарад падтрымліваецца шырокімі коламі грамадства і людзі на стадыёнах пад яго сапраўды падымаюцца з месцаў і скачуць, то на Беларусі падобнае ўявіць немагчыма. Хто ведае, можа, людзі ў пагонах лішні раз перастрахаваліся напярэдадні прыезду Пуціна для таго, каб гэта не магло патрапіць у шырокі ўжытак.

– Як ты глядзіш на тое, што адбываецца? З непакоем ці з усмешкай?

– Калі ў Беларусі не глядзець на жыццё з усмешкай, можна звар’яцець. Але, безумоўна, заўсёды непакоішся за тое, што пачынаюць улазіць у прыватнае жыццё людзей, пачынаюць забараняць ім штосьці казаць, што рэальна не мае нічога агульнага з тым, што распальвае нянавісць, варажнечу і пачуццё пагарды.

- Але праз гэта ты не перастанеш хадзіць на зборную?

– Шчыра кажучы, пасля такога часам не хочацца хадзіць і падтрымліваць кагосьці. Ва ўсім свеце для заўзятараў ствараюць умовы, дапамагаюць правесці шоў, а тут наадварот. Групе энтузіястаў, якая гатова падтрымліваць зборную за мяжой, узяць адпачынкі, купіць дарагія квіткі, ставяць палкі ў колы і абзываюць рознымі словамі. Карацей, сумніўнае задавальненне.

Вобшук? Ён на апошніх матчах быў насамрэч шыкоўны :). І вельмі нагадваў тое, што адбываецца ў памяшканні якога-небудзь СІЗА. Толькі не прымусілі выцягнуць матузкі з абутку, зняць рамень і не спыталі, ці хварэеш на венерычныя захворванні. Дагляд быў вельмі жорсткі. Праверылі рамень, металічную бляху на ім, боты, валасы, капюшон, куртку і ўсе кішэні. Рэальна складвалася ўражанне, што ты патрапіў у турму, табе зараз на ногу прычэпяць ядро і выдадуць паласаты касцюм. Такога даўно не было. Але ўсё роўна зборную заўсёды хочацца падтрымаць, каб яна была статусная, і хлопцам было прыемна гуляць.

Другие посты блога

Все посты