Tribuna/Футбол/Блоги/Блог Шчырага заўзятара/“О! Маладняк! Ну і правільна, хай гуляюць, усё-роўна якім складам прайграваць.”

“О! Маладняк! Ну і правільна, хай гуляюць, усё-роўна якім складам прайграваць.”

Батэ-Атлетык. Погляд з трыбуны.

Автор — Яўген
1 октября 2014, 22:37

У гэты раз вырашаем выязджаць не за 2,5 гадзіны, як у матчы са Слованам, а за 2 гадзіны да пачатку матча. Можа, адзіны плюс такога позняга пачатку матча – тое, што ў Менску ўжо не мае затораў, таму да Барысава дабіраемся за гадзіну(якое шчасце – Жодзіна таксама абмінулі за 5 хвілін)). Пробка пачалася у Барысаве ля кальца, дзе трэба паварочваць направа. Але неспадзяванка здарылася крыху пазней  - да заезду на стадыённую паркоўку машыны рухаліся ў 2 паласы, мы занялі левую і вось ён – заезд, але даішнік настойліва намякае, што трэба ехаць наўпрост, а там-та ўжо і дарогі няма! Oh my god падумала падвеска аўто і я разам з ёй. Прыйшлося паркавацца на зялёнай зоне і ісці паўз поле(праўда ўсяго метраў 50) – што не Ice для ўзроўня матчаў Лігі Чэмпіёнаў. Паркоўкі – пэўна самы вялізны хіб на Барысаў-арэне(дакладней іх маленькая колькасць). Нават на матчы чэмпіяната Беларусі  Батэ-Дынама, калі сабралося 11500 заўзятараў – месца на паркоўцы нам не хапіла (Анатоль Анатольевіч, ну як жа так?!)

Пад час асабістага дагляду пры ўваходзе на стадыён ужо пачалі фармавацца чэргі(чалавек 20, час 21.10). Не такія вялізныя, як у 90-ыя за каўбасой ці за 5 хвілін да пачатку матча, таму яе мы прайшлі за 10 хвілін і, нарэшце, патрапілі на Лігу Чэмпіёнаў! Для сябе вырашыў, што на важныя матчы трэба выяжджаць, усё ж за 2,5 гадзіны – спакойна, без мітусні і чэргаў праходзіш на стадыён; хай да матчу яшчэ застаецца цэлая гадзіна – зато без нерваў, дый можна паглядзець перадматчавую размінку, выпіць гарбаты, з’есці фастфуд.

На пачатак матча, заўзятараў было прыкладна столькі ж, колькі і на беларускім класіка ў мінулую сераду, адрозненне толькі ў тым, што тут былі запоўненыя не цэнтральныя сектары, а крайнія).

Нейкі спадар з верхніх шэрагаў, спазніўшыся на некалькі хвілін і ўбачыўшы футбалістаў, прамовіў : “О! Маладняк! Ну і правільна, хай гуляюць, усё-роўна якім складам прайграваць.” Але, з першых хвілін стала зразумела, што маладняк сёння будзе змагацца да апошняга. Шчыра кажучы, пасля матча Батэ-Дынама, я усур’ёз задумаўся – а навошта ў футболе прыдумалі першы тайм?! Хм, вось зараз прыйшла думка – можа сапраўды трэба адмяніць першыя таймы ў нашым чэмпіянаце – і заўзятары б не спазняліся і футбалісты б адразу пачыналі гуляць у працоўным тэмпе)). Але не пра гэта. Першыя хвіліны паказалі, што Батэ раздзяляе гульні чэмпіянату і Лігі Чэмпіёнаў – рэабілітацыю пасля Партугаліі хлопцы вырашылі адкласці на сёння. Пасля першага забітага голу і яшчэ некалькіх небяспечных момантаў хлопец з верхняга шэрагу ўжо казаў “Ну давайце, трэба забіваць другі гол!” І яны забілі! Увогуле, 30 верасня знакавы і шчаслівы дзень для Батэ – 6 гадоў таму каманда дэбютавала ў мацнейшым турніры Еўропы і згуляла ўнічыю з Ювентусам. Гол у раздявальню прыўнёс інтрыгу для гішпанскіх фанаў, якіх прыехала больш за паў-сектара.

Увогуле, калі казаць пра заўзятараў Атлетыка – яны абсалютна нічым не здзівілі. Да пачатку матча іх было чуваць пару хвілін, а падчас гульні, складвалася ўражанне, што яны нават не варушыліся, не тое, каб нешта пракрычаць. Фанаў Батэ быў амаль цэлы сектар, што ў 2 разы больш, чым на класіка( не ведаю ў чым прычына, але шыза барысаўчан 22 верасня была адной з самых сумных, што я бачыў, дынамікі ў той вечар, безумоўна перакрычалі сваіх калег), таму падтрымка была на добрым узроўні.Увесь астатні стадыён таксама бадзёра падтрымліваў барысаўчан, было адчуванне, што футбалістам гэтая энергія трыбун рэальна дадае хуткасці ў дзеяннях. Ліга Чэмпіёнаў на Барысаў-арэне глядзіцца нашмат цікавей і рэальней, чым на Дынама.

Трыбуны падняліся хвіліны за 2 да заканчэння матчу. Пасля фінальнага свістку пазітыў ліўся цераз край – авацыі цягнуліся хвілін 5, што на 10 хвілін менш, чым пасля матчу са Слованам. Пры тым і ў футбалістаў была дастаткова стрыманая радасць – спадзяюся з-за таго, што ёсць мэта выйсці з групы(ці заняць 3-яе месца), а для гэтага трэба скокнуць вышэй галавы яшчэ колькі разоў. Намецілася прыемная тэндэнцыя – Батэ яшчэ ні разу не прайграў на новым стадыёне.

Напрыканцы хацелася б пажадаць поспеху менскаму Дынама ў заўтрашняй гульні. Як паказаў першы тур еўракубкаў – беларускія клубы, нібы звітыя нябачным ланцужком у сваіх выніках, таму чарга каманды Жураўля паказаць італьянцам суворы беларускі футбол. Хай, фіалкі – фаварыты групы, але я веру, што Дынама здольны перамагчы – супернастрой і ўдача ў дапамогу!

Лучшее в блогах
Больше интересных постов