Tribuna/Футбол/Блоги/Блог Шчырага заўзятара/Беларусь - Украіна. Від знізу

Беларусь - Украіна. Від знізу

Агляд матчу.

Автор — Яўген
10 октября 2014, 20:26
4

Мяжу Менска перасякаем а 19.40. Аўто яшчэ не так шмат, таму на паркінг Барысаў-арэны заяждаем за гадзіну да матча(але месц на паркінге ўжо практычна не было, прыткнуліся на самым краі).

Праход на стадыён - як заўжды самы доўгі і непрыемны момант. Перад намі было чалавек дваццаць - і яны заходзіі хвілін дзесяць. Перад турнікетам нас чакае неспадзяванка. Міліцыя не прапускае заўзятараў з шалікамі, якія аформленыя ў бела-чырвоныя колеры (у мяне такі шалік - набываў яшчэ ў 90-ыя - Беларусь напісана чырвонымі літарамі на белым фоне і па краях лагатым бфф). Акрамя гэтага, у мяне была яшчэ шапка ў такіх жа колерах; ці прапускаць мяне - міліцыянер раіўся з амапаўцам. Шалік аддаў жонцы, а з шапкай і так прапусцілі. Як высветлілася пазней - шалікі не прапускаў толькі адзін міліцыянер, астатнія не звярталі ўвагу(калі там не было нацыянальнай сімволікі). Адзін пазітыўны момант - калі падыйшоў да металашукальніка - амапавец павітаўся! і ветліва папрасіў! дастаць усё з кішэняў.

Фудкорты расчаравалі. Выбару ежы практычна не было, а цэны вышэйшыя, чым падчас матчаў мясцовага клубу( хотдог - 30тыс., вада, гарбата(нажаль, маладой дзяўчыне, у якой я папрасіў гарбаты, спатрэбіўся пераклад з беларускай)- 10тыс. - вось і ўвесь асартымент). Спадабалася тое, што мы не сустрэлі ніводнага чалавека з цыгарэтай( не тое, што дымавыя завесы ў перапынку Батэ-Атлетык).

На пачатак матча трыбуны запоўнены дзесьці напалову(толькі пасля паў-гадзіны матча ўсе спазніўшыяся ўселіся). Нашыя фаны адразу разгарнулі банэр у падтрымку ўкраінцаў. Вось так яго бачылі мы.

Пасля чаго адразу паспрабавалі спець "Воины света". На маю асабістую думку, нашым фанам бракуе рэпетыцый, каб выйсці на добры ўзровень выканання гэтай кампазіцыі). Зато вельмі добра атрымалася спець радкі нашага класіка ў ляпісаўскай аранжыроўцы - "Не быць скотам"! Увогуле, гэты вечар атрымаўся вельмі музыкальным - на біс былі выкананыя "3 чарапахі" і прыемная нечаканасць - "Купалінка". Словы апошняй кампазіцыі ўжо падзабыліся - трэ будзе вывучыць да нядзелі. Як па мне, не хапала толькі "Касіў Ясь канюшыну" дзеля поўнага музычнага экстазу). Акрамя песеннай часткі хапала і класічных клічаў - "Беларусь","беларусы","верым,можам,пераможам","мы разам, нас многа, за намі перамога","разам і назаўжды","вперёд","Беларусь заўжды будзе першай". Думаю, некаторыя гульцы зборнай крывадушнічаюць, калі кажуць, што фаны не дастаткова добра падтрымлівалі каманду. Можа, проста кожны пачуў тое, што хацеў пачуць?!

Атмасферу дапаўняў і беларускамоўны разагрэў ад вядучага арэны. Навіцкі нёс месэдж пазітыву і добрага настрою(прынамсі, перад матчам), хоця так і не знайшоў сінонім дзеля слова "балельшчык".

Пасля матчу сваімі саколкамі з фанамі падзяліліся толькі Крывец і Філіпенка, яшчэ некалькі футбалістаў падыйшлі да варот і папляскалі нам у далоні. Сяржуку і Ягору - павага, а вось астатнім зборнікам трэба падвышаць культуру стаўлення да сваіх фанаў. Фан-сектар не разыходзіцца за 2 хвіліны да канцу матча, таму што хоча аддзячыць футбалістаў, за іх намаганні і барацьбу(нават калі і не ўдалося перамагчы), у сваю чаргу мы чакаем павагі ад футбалістаў, разумення, што падтрымка патрэбна.

Са стадыёна выяжджалі даволі доўга - хвілін 15 стаялі ў заторы( затое, падчас гэтага стаяння ўдалося сфоткацца з украінскім фанамі)). У гадзіну ночы прыехалі ў Менск.

P.S. З аднаго боку - засталося адчуванне, што зашмат увагі было надзелена падтрымцы ўкраінскіх ультрас(улічваючы не самыя простыя папярэднія стасункі паміж фанамі), усё ж гэта быў футбольны матч. З іншага боку - у тым ліку і дзякуючы ўкраінскім ультрас зараз існуе такая краіна, як Украіна, а значыць і футбольная зборная гэтай краіны (не было б іх - не было б матчу). Акрамя таго, калі ў суседа гарыць хата - трэба яму дапамагаць - у дадзеным выпадку, хаця б маральна, хаця б падчас футболу (бо іншыя шляхі, нажаль, перакрытыя). Тым больш, што і яны нам дапамаглі нарэшце адкрыць рот, што Жыве Беларусь!

P.P.S. У нядзелю нас чакае апошні матч зборнай у гэтым годзе. Спадзяюся, самыя шчырыя і адданыя заўзятары нашай нацыянальнай зборнай не кінуць яе ў цяжкі час і прыедуць на стадыён!

Лучшее в блогах
Больше интересных постов