Tribuna/Футбол/Блоги/Записки школьника/Дняпроўскi рубеж. Як адбыўся мой другi выезд

Дняпроўскi рубеж. Як адбыўся мой другi выезд

Шмат лiтар аб маiх падзеях у Магiлёве

31 октября 2015, 04:26

Сезон-2014 iшоў да свайго канчатку. Беларускi футбол пацiху апускаўся ў спячку. Але заставаўся дэсерт - пераходныя матчы. На прыканцы сезона Вiцебск выдаў добрую серыю з некалькiх пабед i заслужыў права на "стыкi". У горазде даўно чакалi гэтых матчаў. Супернiкам вiцеблян стаў магiлёўскi "Дняпро". 

Каманда Юрыя Лукашова прыбыла ў паўночную сталiцу Беларусi. Як вы памятаеце, надвор'е было жорсткае. Такiм жа было i поле вiцебскага ЦСК. Гэта не спужала мясцовых заўзятараў, стадыён быў забiты пад завязку. Гульня пачалася. У першым тайме каманды абменьвалiся момантамi. Нiхто не хацеў аддаваць перавагу. Першы тайм скончыўся. Пачаўся другi. Гульня праходзiла на сустрэчных курсах. Дняпро насядаў, Вiцебск трымаў абарону. На 75-й хвiлiне Шакаў размачыў брамнiка магiлёўцау. Стадыён стаяў на вушах. Гаспадары часцей пачалi бегаць у атаку. На 88-й хвiлiне Баранок падвоiў лiк. На трыбунах было пекла. Нейкi мужык з перагарам бяжыць да мяне, бярэ за плячо i пачанае скакаць. Ай, халера з iм, паскочым разам!

Скончыўся матч. Вiцебскi футбол ў экстазе.

А зараз, блiжэй да справы. З'явiлася навiна аб тым, што кiраўнiцтва клюба зноў арганiзоўвае бесплатную паездку для заўзятараў. Маёй радасцi зноў не было мяжы. Усё пайшло па старой схеме: размова з мацi, званок прэс-аташэ. Але на гэты раз ён чамусьцi спытаў маё месца працы. Я адказаў як ёсць. Якая там праца ў 10 класе. Мяне з сябрам запiсалi як студэнтаў ВДТУ. Ну i добра. У ноч з 5 на 6 снежня я амаль не спаў. Я быў у прадчуваннi заўтрашнiх паздей.

Усё ж такi гэтая ноч прайшла. Прачнуўся з вялiкай лыбай на твары. Ведаў, сёння будзе "жарка". Мы i ў гэты раз прыйшлi першымi да месца прызначэння. Я вельмi чакаў ад'езду. Аўтобусаў было два, адзiн для ультрас, другi для кузьмы. Мой з сябрам - другi. Дачакалiся. Нас размясцiлi ў аўтобусе хакейнага клюбу. Праз хвiлiн 15 мы кранулiся. Я надзеў навушнiкi i пачаў гартаць плэйлiст. Таааак, Nickelback, System Of A Down, Sum 41, Ляпic.. О! Тое, што патрэбна. На гэты раз пейзажы з вакна аўтобуса мне падабалiся куды болей: 

Мы пад'язджалi да Магiлёва. Хай прабачаць мяне жыхары гэтага горада, але ён мяне нiчым не ўразiў. Верагодна, я проста ўбачыў вельмi няшмат. Думаю, у горадзе ёсць на што паглядзець. Але не аб гэтым. Нас прывезлi на стадыён. Пачаўся дагляд. Пакуль стаяў у чарзе, паспеў зрабiць сэлфi з Крысцiнай Козел. Напэўна, яна сама пра гэта не ведае. А не, мабыць, ведае.

Падчас дагляду я даведаўся пра тое, што усiх вiцебскiх аматараў футбола размесцяць на адным сектары. Не, я не супраць пакрычаць. Я толькi за. Вельмi хутка прыйшлося ўспамiнаць усе зарады нашых фанаў. Цiкавы працэс. Гульня пачалася! Шмат чаго пра першы тайм адпавядаць не магу, таму што вiдаць было дрэнна. Магiлёўцы жадалi адыграцца i стваралi атаку за атакай. Перапынак, галоў яшчэ не было. Сектар пайшоў адпачываць.

 

 

Другi тайм! Небяспечныя моманты каля брамы Вiцебска ўсё часцей i часцей. Гэта кранае за сэрца. У сярэдзiне тайма дняпроўцы усё ж такi забiлi, Сазанкоў выдатна разабраўся з мячом у штрафной пляцоўцы вiцеблян. Час цягнуўся вельмi доўга. 80..81..82..83..84..85..86..87..88...Пас, Баранок атрымлiвае мяч, уваходзiць у штрафную, стрэл... ГОООООООООООООООООООООООООООООООООООООООООООООООООООООООЛ! ШТО ТУТ АДБЫВАЕЦЦА? Сэрца спынiлася, сэрца замерла! Гарлапаню як рэзаны кабан. Сектар на парапеце. Я разумею, што Дняпру трэба забiваць тройчы! УСЁ! ГЭТА ВЫШКА! ЯК Я ГЭТАГА ЧАКАЎ! Вунь, глядзi, каманда да сектара бяжыць! Кожны хацеў дакрануцца да iх, яны сапраўдныя героi. Я пачаў телефанаваць усiм каго ведаю. Хвiлiн праз 10 мы пайшлi да аўтбоуса. Не ад'язджалi яшчэ гадзiну, размаўлялi, радавалicя.

Надышоў час ехаць. Я выпраўляў Магiлёў вясёлымi вачыма. Адкiнуўся на сядзенне, зноў уключыў музыку. Гэта была сапраўдная асалода. Але на гэтым усё не скончылася. Аўтобус спынiўся на мяжы абласцей. Сказалi чакаць каманду, такое трэба адзначыць. Калi яны прыехалi, было ўжо цёмна. Гульцоў i трэнераў сустракалi авацыямi. Фаны запалiлi пiра, гульцы i заўзятары злiлiся ў адну вялiкую кучу. Гэтая куча пачала скакаць з крыкамi "высшааааая лiга" i "разам i назаўжды"(што прыемна, у асноўным на мове). Хацелася, каб час спынiўся. Вось менавiта гэтага я i чакаў з самага пачатку свайго хаджэння на стадыён. Неверагодныя эмоцыi.

Праз 2-3 дня я злавiў сябе на думцы, што гэта, здаецца, быў адзiн з найлепшых дзён у маiм пакуль што кароткiм жыццi. Калi не самы лепшы. 

А зараз я жадаю аднаго - наступнага выезда. Мне вельмi падабаюцца гэтыя паездкi. Ну i на гэтым напэўна ўсё. Магу толькi пажадаць поспехаў Вiцебску ў апошнiх турах чемпiянату. Каманда павiнна застацца у высшым дывiзiёне.

 

I як звычайна, хадзiце на беларускi футбол! У iм шмат чаго цiкавага. Да сустрэчы на Трыбуне!

Лучшее в блогах
Больше интересных постов