Tribuna/Футбол/Блоги/Марны лёс/5 вядомых футбольных асоб, якія, аказваецца, звязаныя з “Нансі”

5 вядомых футбольных асоб, якія, аказваецца, звязаныя з “Нансі”

Стартавая пляцоўка лепшага футбаліста Францыі ХХ стагоддзя і першая самастойная пасада лепшага трэнера ў кар’еры Аляксандра Глеба - патэнцыйны клуб Сяргея Чэрніка і яго славутае, але малавядомае шырокаму кругу, мінулае.

Блог — Марны лёс
Автор — van Nistelrooy
26 мая 2016, 19:40
5 вядомых футбольных асоб, якія, аказваецца, звязаныя з “Нансі”

1.Аляксандр Завараў

Зорка кіеўскага “Дынама” і зборнай СССР другой паловы 1980-х гадоў можа пахваліцца даволі паспяховым легіянерскім перыядам. Пасля двух гадоў у турынскім “Ювентусе” (у сезоне 1989-1990 аднаклубнікам Заварава быў і наш Сяргей Алейнікаў), украінскі паўабаронца змяніў Апенінскі паўвостраў на былую сталіцу Латарынгскага герцагства. У складзе “Нансі” Аляксандр Завараў апынуўся дзякуючы ў тым ліку і пратэкцыі іншага былога гульца “Старой сіньёры” – Мішэля Плаціні. з 1990 па 1995 гады Завараў правёў за французскі клуб 132 матчы, адзначыўшыся пры гэтым  23 галамі. Суправаджаючы кожную са сваіх ці чужых памылак “словам-паразітам”, да Аляксандра хутка прычапілася мянушка “Бурак”, цяжка зразумелая ў перакладзе, але вельмі трапная ў арыгінале (“blette”). Пасля 5 сезонаў у “Нансі” ў вышэйшым і другім дывізіёнах Францыі, Завараў перайшоў у паў-аматарскую каманду “Сэн-Дызье” з аднайменнага горада (100 км ад Нансі), дзе працаваў на пасадзе іграючага трэнера і скончыў сваю багатую кар’еру.

 

2. Ражэ Лемер

Існуе даволі распаўсюджаны стэрэатып: выбітныя трэнеры часта атрымоўваюцца з малавядомых гульцоў. Часта, але не заўсёды, і пацверджанняў тут – ад Эдуарда Васільевіча Малафеева да Хасэпа Гвардзіёлы. Пачэснае месца ў гэтым шэрагу займае і французскі спецыяліст Ражэ Лемер. Француз у якасці трэнера прывёў каманду сваёй радзімы да перамогі на EURO 2000 (канфуз на Чэмпіянаце свету ў Японіі і Паўднёвай Карэі возьмем у дужкі не толькі ў пераносным, але і ў прамым сэнсе), а зборную Туніса - да трыўмфу на Кубку афрыканскіх нацый-2004, тройчы станавіўся  лепшым футбалістам Францыі (1966, 1968 і 1969 гады). З 1971 па 1973 гады паўабаронца правёў 75 матчаў за будучую каманду Сяргея Чэрніка.  Далей былі два гады гульні ў “Лансе” і багатая трэнерская кар’ера, якая зараз працягваецца ў “Седане”, што прадстаўляе толькі трэці дывізіён роднага чэмпіянату.

 

3. Мішэль Плаціні

Пра вядомага французскага футбаліста і не менш вядомага (сёння, на жаль, трапней казаць – скандальна вядомага) функцыянера сказана і напісана шмат, але не кожны з нас ведае, што прафесійную кар’еру лепшы французскі футбаліст ХХ стагоддзя па версіі выдавецтва “France Football” пачынаў менавіта ў “Нансі”. Ужо тады гулец вылучаўся дакладным выкананнем штрафных удараў і пенальці. Мішэль дадаткова заставаўся пасля трэніровак і ставіў штучную сценку на адлегласць 7-8 метраў, каб навучыцца перакідваць яе. Футбольны клуб “Нансі” дагэтуль ганарыцца тым, што такія манекены для прабіцця штрафных былі ў іх аднымі з першых у свеце.

Гуляючы за “Нансі”, легендарны гулец не толькі дэбютаваў у зборнай Францыі, але і стаў папярэднікам Ігара Бурко (Плаціні праходзіў паўгадавую службу ў войску, але не ў звычайнай частцы, а ў спартыўным батальёне, дзе меў магчымасць ездзіць і на трэніроўкі, і на гульні клуба).

Дзякуючы гульні Плаціні сярэднячок “Нансі” часам перамагаў “Манака”, “Нант” і “Сэнт-Эцьен”. У 1977 годзе латаргінцы завяршылі першынство на 4 месцы, а ў 1978 “Нансі” адзіны раз у сваёй гісторыі перамаглі у Кубку Францыі: у фінале была здабыта перамога над “Ніцай”, а адзіны гол ў матчы забіў менавіта Мішэль Плаціні. Летам 1979 года ў гульца скончыўся кантракт і ён перайшоў у адзін з самых моцных клубаў Францыі таго часу – “Сэнт-Эцьен”.

 

4. Эмэ Жаке

Кажам Эмэ Жаке – маем на ўвазе 1998 год і яшчэ адну слаўную старонку зборнай Францыі. Яшчэ адзін творца славы трохкаляровых стыку стагоддзяў звязаны з латаргінскім клубам, у адрозненні ад Ражэ Лемера - якасці галоўнага трэнера. Пасля трох перамог у чэмпіянаце і дзвюх ў кубку Францыі з “Бардо”, Жаке трэба быў новы выклік, новая матывацыя. Такой сталі клубы сярэдняга ўзроўню – “Манпелье” і “Нансі”. Латаргінскую каманду спецыяліст ўзначальваў з ліпеня 1990 па ліпень 1991 гадоў. Пад яго кіраўніцтвам "Нансі" згуляла 40 матчаў, здабыўшы 12 перамог, 11 гульняў скончыла ўнічыю і 17 разоў цярпела паразу – звычайная статыстыка для каманды “сярэдняй рукі”, прагрэсу не здарылася. Далей былі амаль 5 гадоў са зборнай Францыі і сканчэнне трэнерскай кар’еры на паспяховай ноце.  

 

5. Арсэн Венгер

Яшчэ адна “вішанка на торце” латаргінцаў. У гэта складана паверыць, гэта цяжка ўявіць, але да 1996 году ў “Арсенала” былі і іншыя трэнеры. Гэта жарт, “тонкі англійскі гумар”. Але ж яшчэ складаней паверыць, што калісьці Венгер быў не трэнерам-аксакалам з эмблемай кананіраў на грудзі, а рабіў на трэнерскім шляху толькі першыя крокі. Атрымаўшы досвед з моладзевай камандай “Страсбура” і папрацаваўшы ў якасці памочніка галоўнага трэнера “Кана”, у далёкім 1984 годзе Арсэн выправіўся ў самастойнае плаванне і ўзначаліў “Нансі”, шмат у чым дзякуючы яшчэ адной рэкамендацыі яшчэ аднаго Плаціні (у адрозненні ад Заварава, Венегра рэкамендаваў Альдо Плаціні, бацька Мішэля). Сезон 1984-1985 быў скончаны на 12 месцы (на 3 радкі вышэй, чым у папярэднім сезоне). Але далей надыйшоў спад: калі ў сезоне 1985-1986 клуб застаўся ў Лізе 1 дзякуючы перамозе ў стыкавых матчах, то ў 1987 годзе "Нансі" заняў 19 месца і развітаўся не толькі з элітай, але і з маладым спецыялістам. Але Венгер прывабіў увагу кіраўніцтва “Манака” і ўзначаліў манегаскаў, дзе прапрацаваў 7 сезонаў і выправіўся на невялічкі час у далёкую Японію. Наступным прыпынкам стаў лонданскі “Арсенал”.

Лучшее в блогах
Больше интересных постов